Старажытная Літва

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

У пачатку XI ст. з'яўляецца першае датаванае паведамленне пра Літву. Да гэтага яна двойчы ўпаміналася ў недатаванай частцы «Аповесці мінулых гадоўк першы раз — у пераліку народаў, якія адносіліся да роду Яфета, другі раз — у пераліку тых плямёнаў, што не адносіліся да Русі і давалі ёй даніну . На жаль, ніякіх геаграфічных каардынатаў Літвы тут не было ўказана, што ў далейшым прывяло да вялікай блытаніны ў гэтым пытанні. I вось у 1009 г. у выніку адной трагічнай падзеі Літва трапіла на старонкі Кведлінбургскіх аналаў. Пад гэтай датай паведамлялася пра смерць біскупа Брунона, які ў змове з польскім каралём Баляславам Храбрым пайшоў у край не то прусаў, не то яцвягаў, каб схіліць іх да прыняцця хрысціянства, але быў забіты са сваімі васемнаццаццю спадарожнікамі 9 сакавіка 1009 г. на сумежжы Русі і Літвы. Гэта вельмі красамоўнае сведчанне. Паказваючы, што Літва межавалася з Руссю, яно пацвярджае нашу думку, што Старажытная Літва не знаходзілася там, дзе сучасная Літва, правільней, яе ўсходняя частка, бо ў адваротным выпадку яна, адгароджаная яцвягамі, не магла б мець агульнай мяжы з Руссю. Толькі знаходзячыся ў Верхнім Панямонні, яна магла быць сумежнай з Руссю. Праўда, Е. Ахманьскі, а за ім і У. Пашута лічылі, што забойства Брунона адбылося на тэрыторыі яцвягаў. I гэта зразумела. Прымаючы тэрыторыю Старажытнай Літвы за тэрыторыю сучаснай, яны бачылі, што ўваходзяць у супярэчнасць з першакрыніцай, і знайшлі выхад у падстаноўцы замест Літвы яцвягаў. Аднак гэта яўная нацяжка, бо ў такім выпадку было б сказана, што Брунон быў забіты на сумежжы Яцвязі і Русі. Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў адзначанай крыніцы напісанне назвы Літвы палацінску супадае са славянскім яе гучаннем як «Літва». А гэта яшчэ раз пацвярджае сумежнасць Літвы з Руссю, што і вызначыла форму яе назвы ў першым яе ўпамінанні ў лацінскім дакуменце.

Межы Літвы ў 11 ст.

 

Было нямала спроб растлумачыць назву «Літва». Адзначым некаторыя з іх. У «Хроніцы Быхаўца» яна выводзіцца з «літус» (бераг) і «луба» (труба). 3 іх як быццам утварылася Лістубанія, якая ў вуснах простага народа гучала як Літабанія. Гэта імя нібы выйшла ад таго, што ў часы легендарнага князя Кернуса літоўцы ўпершыню пакрылі берагі Вяллі гукамі ваенных труб. Вядома, гэта фантастыка. Літва ніколі не называлася ні Літабаніяй, ні Лістубаніяй. Як быццам болей пераканаўчым з'яўляецца вывад назвы «Літва» ад літоўскага слова «летува», ці «летувіс», што значыць дождж, вільгаць. Аднак гэта таксама нацяжка, бо дождж па-літоўску «летус». I. Шафарык лічыў, што ў старажытнанямецкай мове «літус» і «летус» азначалі асобае саслоўе рабоў, якое, магчыма, паходзіла ад заняволенасці літаў, што жылі ў Заходняй Галіі за Рэйнам. Гэта як бы сведчыць, што назва «Літва» — кельцкага паходжання ці нават што і само племя было кельцкім, тым болей што Тацыт указваў на падабенства мовы літаў з мовай брытанскай, г. зн. мовай венетаў, якія насялялі Брытанію.

У апошні час таксама звернута ўвага на тое, што «Літва» і «Латвія» маюць яскравыя паралелі ў варыянтах уэльскай назвы Брэтані: Litао, Lаtіо, што значыць «зямля» . 3 гэтага выцякае, што назва «Літва» і «Латвія» нібыта кельцкага паходжання. Але мы не можам пагадзіцца з такім меркаваннем А. Г. Кузьміна. Ён сцвярджае, што гэтыя назвы маглі быць дадзены кельцкімі ці кельцкамоўнымі насельнікамі балтыйскіх астравоў, для якіх пабярэжжа Літвы і Латвіі было «зямлёй». Аднак у тыя часы назвы «Літва» і «Латвія» не пашыраліся на балтыйскае ўзбярэжжа. Тады гэту тэрыторыю займалі прусы, жамойты, куроны, лівы. I ўсё ж меркаванне пра кельцкае паходжанне назвы «Літва» нельга скідаць з рахунку. Нямецкі гісторык XVIII ст. Л. А. Гебгардзі (1735—1802) прыводзіў пісьмовыя дакументы, з якіх відаць, што яшчэ ў XII ст. н. э. на левым беразе Дуная і ўздоўж ракі Ольты існавала мясцовасць Літва . Тут жа мы знаходзім і раку Літаву. У свой час I. Барычэўскі зазначыў, што прарадзіму Літвы трэба шукаць у Фракіі. Прыведзеныя Гебгардзі факты як бы пацвярджаюць гэту думку. Мы ўжо гаварылі, што назва «севяране» таксама кельцкага паходжання. Літва, якая была тут жа, дзе, бясспрэчна, пражывалі рэшткі кельцкіх плямёнаў, таксама магла атрымаць назву ад іх. Паколькі літва жыла на левым беразе Дуная, то для насельнікаў правага берага яе тэрыторыя сапраўды магла быць «зямлёй».

Літва, паводле «Аповесці мінулых гадоў», адносіцца не да славянскіх плямёнаў. Праўда, у Хлебнікаўскім і Цвярскім летапісах мы яе знаходзім у пераліку славянскіх плямёнаў, дзе яна пастаўлена ўслед за люцічамі. Аднак гэтыя звесткі мы не можам лічыць аб'ектыўнымі. Справа ў тым, што асновай Цвярскога летапісу з'яўляецца беларускі летапіс пачатку XVII ст.. У сваю чаргу Хлебнікаўскі спіс увабраў у сябе шмат з Цвярскога. А к гэтаму часу Літва канчаткова аславянілася, і таму аўтары гэтых крыніц, улічыўшы такую акалічнасць, ужо ў пералік славянскіх плямёнаў унеслі і яе.

©  Мікола Ермаловіч