Вялікі князь Стэфан Баторый

У 1576 г. вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў абраны вугорац Іштван Батары (Стэфан Баторый), якога ў нас называлі Сцяпанам Батурам.

Стэфан Баторый
Стэфан Баторый. 1583 г.

Новы гаспадар паходзіў з старажытнага вугорскага роду Баторыяў Шомлё. 3 пятнаццаці гадоў ён знаходзіўся на вайсковай службе ў караля Чэхіі і Вугоршчыны Фердынанда,разам з ім быў у Італіі і вучыўся ў славутым Падуанскім універсітэце. Трапіўшы ў палон да немцаў Батура тры гады няволі прысвяціў навукам, у тым ліку вывучэнню працаў антычных гісторыкаў. Да абрання нашым манархам ён уладарыў у Трансільванскім княстве (цяпер тэрыторыя Румыніі).

Сцяпан Батура прыйшоў да ўлады пасля таго, як у цяжкіх умовах вайны Вялікае Княства Літоўскае мусіла падпісаць Люблінскую вунію 1569 г. з Польскім Каралеўствам. Павёўшы мудрую палітыку, ён паспяхова стрымліваў прэтэнзіі палякаў на падпарадкаванне нашай дзяржавы. На думку гісторыкаў, сам манарх браў удзел у падрыхтоўцы будучага Статута Вялікага Княства 1588 г. – найдасканалейшага збору законаў у Еўропе XVI ст.

Каранаваўшыся, Батура пісьмова гарантаваў самастойнасць і раўнапраўнасць Княства ў хаўрусе з Польшчай. Ен абавязаўся не прызначаць палякаў военачальнікамі, дбаць пра вяртанне страчаных земляў, склікаць агульныя Соймы па чарзе ў Княстве і Каралеўстве. Батура зацвердзіў найвышэйшы апеляцыйны суд Вялікага Княства – Галоўны трыбунал, што значна ўмацавала наш суверэнітэт.

Акт пацверджання правоў Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства Сцяпанам Батурам. 4 мая 1576 г.

Вялікі князь быў не толькі здатным дыпламатам і рэфарматарам, але і мецэнатам, апекуном навукі. Высока цэнячы створаную езуітамі агульнаеўрапейскую сістэму адукацыі, ён падтрымліваў дзейнасць Таварыства Ісуса ў Вялікім Княстве.

У часы Батуры была заснаваная першая ў дзяржаве вышэйшая навучальная ўстанова – Віленская акадэмія, а затым Полацкі калегіюм. Пра шырокія погляды манарха кажа ягонае блізкае сяброўства з Каспарам Бекешам – філосафам-вальнадумцам і таленавітым военачальнікам, які нейкі час быў гарадзенскім ваяводам.

Горадню вялікі князь абраў сваёй галоўнай рэзідэнцыяй. Для яго там стары замак Вітаўта перабудавалі ў раскошны рэнесансавы палац. У ім Батура прымаў замежныя пасольствы, склікаў дзеля разгляду дзяржаўных справаў Раду. Улюбёны горад гаспадара атрымаў ад яго некалькі прывілеяў. Паводле аднаго з іх значныя сродкі выдзяляліся штогод на ўтрыманне Гарадзенскай саборнай Прачысценскай царквы. Батура быў ініцыятарам заснавання ў Горадні езуіцкага калегіюма.

Праўленне С. Баторыя азнаменавалася пераможным завяршэннем шматгадовай Лiвонскай вайны. 15 студзеня 1582 г. Маскоўская дзяржава i Рэч Паспалiтая падпiсалi 10-гадовае перамiр’е. Iван IV адмаўляўся ад Прыбалтыкi (Лiвонii) i ад Полацкай зямлi, а Рэч Паспалiтая вяртала ей крэпасцi на яе тэрыторыi. Дзяржаўная мяжа практычна не мянялася. Масква страцiла толькi прыгранiчны Велiж. Паколькi Баторый не быў задаволены такімі вынiкамi, ён пачаў рыхтавацца да новай вайны супраць усходняга суседа, але нечаканая смерць караля паламала планы.

Паходы С. Баторыя

Завяршыўся зямны шлях Стэфана Баторыя ў горадзе над Нёманам. Цікава, што і сваім сконам ён паслужыў развіццю навукі. Дыягназы розных лекараў моцна разыходзіліся, і дзеля высвятлення сапраўднай прычыны смерці манарха ягонае цела ўскрылі. Гэта было першае паталагаанатамічнае даследванне ва Усходняй Еўропе.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии