Каляндар памятных дат Беларусі на 2017 год

~ 1500 гадоў таму працягвалася масавае рассяленне славян на ўсход з тэрыторыі сучаснай Нямеччыны на тэрыторыю Беларусі, дзе жылі балцкія плямёны. Пачалася славянізацыя тэрыторыі Беларусі і працэсы стварэння беларускага (крывіцка-літоўскага) этнасу.

1055 гадоў таму (862 год) – першае ўзгадванне ў летапісе “Аповесці мінулых гадоў” Полацка.  Тым не менш, на тэрыторыі старажытнага горада археолагі знайшлі кераміку, злепленую каля V стагоддзя. Прыкладна  гэтым часам некаторыя навукоўцы звязваюць і згадку ісландскай сагі пра ўзяцце Полацка гунамі. Менавіта  да гэтага часу адносіцца пасяленне на вышнявінах Дзвіны, Нёмана, Дняпра і Волгі магутнага племя крывічоў. Крывічы, якія аселі на рацэ Дзвіне, яе прытоку р. Палата, атрымалі назву палачане. Крывічы заснавалі Полацк (V  стагоддзе).

1000 гадоў таму (1017 год) – паход на Кіеў князя  полацкага Барыса, смерць Барыса ад забойцаў, падасланых Яраславам Кіеўскім.

950 гадоў таму (3 сакавіка 1067 г.) - бітва на рацэ Нямізе полацкіх дружын Усяслава з кіеўскімі войскамі. 940 гадоў таму (лета 1077 году) - паход дружынаў чарнігаўскага і смаленскага князя Уладзіміра Манамаха на Полацак: паход быў адбіты. 
Першае ўзгадванне ў летапісах пра Менск і Воршу.

940 гадоў таму (студзень - люты 1077 году) - аблога Менску кіеўскімі дружынамі на чале з князем Уладзімірам Манамахам. Спаліў горад і ягоных жыхароў.

915 гадоў таму (1102 год) - паход князя Барыса Ўсяславіча на яцвягаў. Заснаванне горада Барысава ў гонар перамогі.
Нарадзілася Еўфрасіня Полацкая (свецкае імя Прадслава; (1102. ? - 24.05.1173). Беларуская асветніца і нябесная заступніца Полацкага княства (Беларусі), дачка князя Георгія Усяславіча, унучка Усяслава Чарадзея. Перапісвала кнігі рэлігійнага зместу, арганізавала пабудову храмаў, манастыроў. Па яе замове полацкі майстар Л. Богша зрабіў  Крыж  Еўфрасінні Полацкай (1161 г.) – шэдэўр ювелірнага мастацтва Полаччыны.

810 гадоў таму (1207 год) - напад крыжакоў на Кукейнос (княства-факторыю) - Латгальскую правінцыю Полацкага княства.

805 гадоў таму (1212 год) - полацкі князь Валодша перадае Лівонію рыжскаму біскупству, якая  дасюль уваходзіла ў склад Полацкага княства.

765 гадоў таму (1252 год) - першыя летапісныя згадкі пра Слонім і Ваўкавыск.

755  гадоў таму (1262 год ) - сумесны паход Полацка-Наваградзкага войска на Юр'еў.

715 гадоў таму (1302 год) - з'яднаньне Вялікага Княства Літоўскага і Полацкага княства. Завяршэнне аб’яднання ўсіх беларускіх земляў.

675 гадоў таму (1342 год) - абранне пскоўскім князем Андрэя Альгердавіча.

655 гадоў таму (1362 год) - перамога беларускіх войскаў пад зверхніцтвам вялікага князя Альгерда над Татарамі каля Сініх Водаў.
Галоўнымі ініцыятарамі паходу на Падолію і ў Дзікі стэп былі сыны князя Карыята Наваградскага княства Аляксандр, Канстанцін, Юр’я і Хведар. Аснову войска Альгерда складалі войскі вотчыных земляў самаго вялікага князя – Віцебскай, Віленскай, Наваградскай, Менскай, Пінскай, Заслаўскай і інш. Пасля нядоўгага бою татары пацярпелі поўную паразу. Україна цалкам стала вольнай ад татарскага ярма. Прасоўване татараў у Еўропу было спынена. 

640 гадоў таму (1377 год) - аблога крыжакамі Трокаў.
Смерць Вялікага князя Альгерда (1377).
Ускняжанне ў Вялікім Княстве Літоўскім Ягайлы Альгердавіча.
Аб'яднаны паход на Жамойць Лівонскага ордэна і войска Прускага герцага Альбрэхта ІІІ.
Паход лівонскіх рыцараў на Друю (1377).

635 гадоў таму (1382 год) - па загадзе Ягайлы ў Крэўскім замку быў забіты вялікі князь Кейстут, бацька Вітаўта. Кейстут ад 1345 году падзяляў вярхоўную ўладу з Альгердам.

630 гадоў таму (20 лютага 1387 году) - прызначэнне Скіргайлы на вялікакняскі пасад.
Вільня атрымала магдэбурскае права. (1387).

625 гадоў таму (4 жніўня 1392 году) - пагадненне паміж Ягайлам і Вітаўтам  у Востраве пад Лідай, паводле якога ўся  вярхоўная ўлада ў ВКЛ перайшла да Вітаўта, спачатку “князь літоўскі”, затым – “Вялікі князь літоўскі, пан і дзедзіч рускі (беларускі), ды Вялікі князь Літвы і Русі (Русь – Вярхоўе Дзвіны, Прыдняпроўе, ды заходняе Палессе і Смаленскае княства). Вітаўт стаў адзіным гаспадаром нашай краіны.

620 гадоў таму (восенню 1397 году) - паход Вітаўта на Крым у падтрымку хана Тахтамыша.

595 гадоў таму (24 сакавіка 1422 году) вянчаньне Ягайлы з Сафіяй Гальшанскай у наваградскім касцёле.
27 чэрвеня 1422 году Мельніцкая дамова Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам. Адмова Ордэна ад прэтэнзіяў на Жамойць.

590 гадоў таму (лета 1427 году) - забарона Папам Рымскім Марцінам ІV каранацыі Вітаўта на караля Літвы.
Прызнанне васальнай залежнасьці Маскоўскага княства ад ВКЛ.
Нарадзіўся вялікі князь ВКЛ Казімір ІV Ягайлавіч; (1427—1492) У часы ягонага кіраваньня ВКЛ практычна ператварылася ў Рэспубліку. Меў вялікую прыхільнасьць да беларускай дзяржавы. Тры ягоныя сыны адначасова кіравалі ў чатырох краінах: Аляксандр - у Вялікім Княстве Літоўскім, Ян Альбрэхт - у Польшчы  і  Вугоршчыне,  Уладзіслаў - у Чэхіі.

585 гадоў таму (15 лістапада 1432) Дзяржаўны пераварот  у Вялікім Княстве Літоўскім. Захоп улады польскім стаўленікам Жыгімонтам Кейстутавічам (жнівень 1432). Абнародаванне прывілею Ягайлы і Жыгімонта пра наданне праваслаўным феадалам ВКЛ роўных правоў з каталіцкімі феадаламі.
Абвяшчэньне ў Полацку Свідрыгайлы вялікім князем рускім (беларускім).
Утварэнне Вялікага Княства Рускага са сталіцай  у Полацку.
Перамога літоўскага войска на чале з Хведарам Нясвіжскім над польскім войскам каля рэчкі Морахвы. (восень 1432)

515 гадоў таму (ліпень 1502) - аблога маскоўскім  войскам Смаленска.
Паход крымскіх татараў на ВКЛ (жнівень 1502).

505 гадоў таму (20 красавіка 1512 году) - перамога саюзных войскаў ВКЛ і Польшчы начале з Канстанцінам Астрожскім (каля Вішняўца на Ўкраіне) над татарскім войскам крымскага хана Менглі-Гірэя.
Аблога маскоўскім войскам Смаленска ў ходзе і чарговай маскоўскай агрэсіі супраць ВКЛ (снежань 1512).
505 гадоў таму нарадзіўся Мікалай Радзівіл Руды (1512 – 27.04.1584), ваявода троцкі і віленскі, гетман вялікі літоўскі, канцлер літоўскі, брат Барбары Радзівіл. Разам з М.Радзівілам Чорным узначаліў барацьбу супраць уніі з Польшчай, пратэктар Рэфармацыі ў ВКЛ.

500 гадоў таму (1517) - пасольства з "вялікай казной" Альбрэхта Гаштольда, ваяводы наваградзкага і полацкага да крымскага хана Мухамэда Гірэя.
6 жніўня 1517 г. Францішак Скарына выдае першую беларускую кнігу ў Празе.
20 верасня - 6 кастрычніка 1517 г. - аблога Апочкі войскам ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім.

490 гадоў таму (27 студзеня 1527)  -  перамога літоўскага войска на чале з Канстанцінам Астрожскім над крымчакамі на рацэ Гальшанцы.

480 гадоў таму (25 сакавіка 1537 году) - Падпісаньне пяцігадовага замірэньня паміж ВКЛ і Масковіяй. Пераход Гомеля да ВКЛ. Далучэнне Старадуба да Масковіі. (25 сакавіка 1537).

460 гадоў таму (04.04.1557 – 07.07.1633 ) -  нарадзіўся Леў Сапега. Палітычны, дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Дыпламат і мысляр. Паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяраў. Нарадзіўся ў родавым маёнтку Астроўна. Займаў самыя высокія пасады ў гаспадарстве.

455 гадоў таму (5 сакавіка 1562 году) - роспуск Лівонскага ордэна.
Напад войскаў Масковіі на ўсходнюю Літву (Віцебскія землі ВКЛ) (красавік 1562).
Сымон Будны сумесна з Мацеем Кавячынскім і Лаўрэнам Крышкоўскім распачынае ў Нясвіжы выдавецкую дзейнасць. У друкарні, заснаванай па загадэе Мікалая Радзівіла Чорнага і Астахфея Валовіча, выходзіць кніга "Катэхізіс” (10 чэрвеня 1562).
Нарадзіўся мастак, гравёр. картограф, друкар Тамаш Макоўскі (1562 - 1630). Працаваў пры двары князёў Радзівілаў у Нясвіжы, выгравіраваў першую дакладную карту ВКЛ (1613. Амстэрдам).

435 гадоў таму - увод у Вялікім Княстве Літоўскім Грыгарыянскага календара (1582), паводле якога мы і зараз жывём.
У лютым 1582 г. Папа Рымскі Грыгор ХІІІ правёў рэформу календара. У Польшчы перайшлі на Грыгарыянскі каляндар у 1584 г, а ў Расеі толькі ў 1918 годзе.

405 гадоў таму  (1-2 верасня 1612) - баі войскаў ВКЛ і каралеўства Польскага на чале з Янам Каралем Хадкевічам з апалчэннем Дзмітрыя Пажарскага. Паход Жыгімонта Вазы на Маскву (восень - 1612 году). 
Нарадзіўся Януш Радзівіл (1612 - 1655), найвышэйшы гетман ВКЛ,  князь, віленскі ваявода. Меў надзвычайны вайсковы талент і быў гарачы прыхільнік незалежнасці ВКЛ. Вызначыўся вайсковым умельствам у барацьбе супраць магутных войскаў Масковіі і няспынных наездаў украінскіх казакоў,  якіх  шмат разоў разбіваў і ў 1651 годзе заняў Кіеў.

400 гадоў таму — паход  малалетняга Уладзіслава Вазы на Маскву па царскі вянец. (1617).

315 гадоў таму нарадзіўся Мацей Радзівіл (Рыбанька) (1702-1762) вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат.

260 гадоў таму нарадзіўся Восіп Казлоўскі (1757 – 11.03.1831) - беларускі кампазітар.

245 гадоў таму - першы падзел Рэчы Паспалітай Двух Народаў паводле падпісанай у Санкт-Пецярбурзе 8 жніўня 1772 г. канвенцыі. Пад уладу расейскага трону пераходзілі беларускія землі па  Дняпры і Заходняй Дзьвіне.

240 гадоў таму - нарадзіўся беларускі мастак Язэп Аляшкевіч (1777-1830). Скончыў Віленскую мастацкую школу, майстар партрэту.

220 гадоў таму - заснаванне Віленскай мастацкай школы (мастацкай кафедры) ў Віленскім унівэрсітэце (1797 - 1832). Яна была цэнтрам мастацкай адукацыі і мастацтва ў ВКЛ. Фактычна гэта быў мастацкі факультэт універсітэта. Выхаванцы ВМШ Язэп Аляшкевіч, Ян Дамель, Валенці Ваньковіч, Канут Русецкі, Напалеон Орда, Іван Хруцкі і інш. Універсітэт зачынены царскімі ўладамі ў 1832 г.

215 гадоў таму нарадзіўся Ігнат Дамейка (31 ліпеня 1802 - 23 студзеня 1889). Вучоны, даследчык, геолаг. Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Актыўны ўдзельнік вызвольнага паўстання 1831 году. У выніку пераследу царскіх уладаў эміграваў у Францыю, з 1838 году ў Чылі. Выкладаў у Чылійскіх універсітэтах, быў абраны рэктарам Сант’ягскага ўніверсітэту. Заснаваў фізічную лабараторыю, навуковую бібліятэку, тры музеі, стварыў геалагічную калекцыю, увёў у Чылі метрычную сістэму мераў і вагаў. Дзень яго смерці быў аб’яўлены днём нацыянальнай жалобы. Дамейка быў абвешчаны нацыянальным героем Чылі. Яго імем названы партовы горад Пуэрта-Дамейка: вулканічны ланцуг гор у Андах і адкрыты ім мінэрал "дамейкіт". а таксама фіялкавая кветка "віёла дамейкона". У Сант’яга пастаўлены помнік "Гранда-Адукатару".

210 гадоў таму - нарадзіўся Напалеон Орда (11 лютага 1807 - 26 красавіка 1883) - кампазітар, мастак, піяніст, педагог.

135 гадоў таму - нарадзіўся Янка Купала (07.07.1882 – 28.06.1942), класік беларускай літаратуры.

135 гадоў  таму - нарадзіўся Якуб Колас (03.11.1882 – 13.08.1956), класік беларускай літаратуры.

100 гадоў таму -  нарадзіўся Янка Брыль (04.08.1917 – 25.07.2006), выдатны беларускі пісьменнік, перакладчык, культурны дзеяч.

75 гадоў таму -  нарадзіўся беларускі гісторык, грамадскі, культурны і палітычны дзеяч Міхась Ткачоў (10.03.1942 - 31.10.1992). Даследаваў вайсковую і абарончую гісторыю Беларусі. Доктар гістарычных навук, прафесар. У 1992 г. галоўны рэдактар Беларускай Энцыклапедыі.