Па слядах Першай сусветнай

Нядаўна каля сарака членаў Мінскага таварыства рускай культуры "Русь" пад кіраўніцтвам Генадзя Уласава выправіліся ў незвычайнае падарожжа. Па слядах Першай сусветнай вайны быў арганізаваны своеасаблівы маршрут "суботніка памяці". Першая сусветная вайна вельмі мала даследавалася савецкай гістарыяграфіяй. 3 падачы псеўдагісторыкаў яна ўспрымалася ў першую чаргу, як вайна імперыялістычная і чужародная нашаму народу. Таму і стаўленне да ахвяр было адназначным: не "наша" вайна і не трэба лічыць яе ахвяры, тым больш — ушаноўваць памяць. Але па-іншаму лічылі сапраўдныя патрыёты. Намаганнямі народнага мастака рэспублікі, лаўрэата Прэзідэнцкай прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2004г.) Барыса Цітовіча адноўлены многія старонкі "Мікалаеўскай вайны" (народная назва), перазахаваны астанкі салдат, ушанавана памяць. Каля вёскі Рускае Сяло Вілейскага раёна існавалі салдацкія могілкі № 16, але за савецкім часам на гэтым месцы быў зроблены кар'ер і асфальтавы завод. Па сведчанні тых падзей, мясцовага шафёра: "Страшна было павярнуць галаву і паглядзець у кузаў. Разам з пяском экскаватар часта ссыпаў чалавечыя шкілеты". Намаганнямі Барыса Цітовіча гэтае кашчунства над прахам і здзек над астанкамі воінаў быў спынены. Зараз на месцы былога кар'ера насыпаны курган і пастаўлены помнік у выглядзе крыжа.

 

У лесе недалёка ад вёскі Заброддзе, ва ўрочышчы Абоз Барыс Цітовіч знайшоў месца першага ваеннага шпіталя 29-ай пяхотнай дывізіі 20-га армейскага корпуса другой імператарскай арміі і салдацкія могілкі № 13, а гэта — 99 магіл, з якіх 11 належаць да брацкіх пахаванняў. Зноў жа намаганнямі мастака салдацкія могілкі набылі прыстойны выгляд, на месцы ваеннага шпіталя адслужыў малебен настаяцель Свята-Ільінскага храма вёскі Нарач айцец Вячаслаў. Непадалёку ад шпіталя нямецкім мастаком Біт Науманам, продкі якога двойчы прыходзілі вай-ною на славянскія землі, пакладзены "камень сораму", на якім мастак выбіў пакаяльны надпіс на нямецкай мове. Гісторыю нельга падзяліць на сваю і "чужую", зыходзячы з палітычных запатрабаванняў сённяшняга часу. А тады ўсю Беларусь ад Дзвінска да Пінска можна было прайсці па вырытых тран-шэях і акопах. Пад Смаргонню наступление кайзераўскіх войскаў было спынена. Рускія салдаты паказвалі прыклады мужнасці і гераізму. "Хто пад Смаргонню не бываў, той вайны не відаў" — было тагачаснай пагаворкай. Невінаваты салдаты Першай сусветнай, што гісторыя скіравалася ў іншае русла, героям не паспелі аддаць належнай чалавечай памяці. А яны ахвяравалі на той вайне самым дарагім, што ёсць у кожнага — сваім жыццём.

© Анатоль Кудласевіч, “Літаратура і Мастацтва”