Нямецкая палітыка на Беларусі пад час першай сусветнай вайны ч.1

Выбух сусветнай вайны значна павялічыў цікавасць нямецкіх гісторыкаў і публіцыстаў да праблем нярускіх народаў Расіі. У 1915—1916 гг. у Германіі з’явіўся шэраг прац, дзе аўтары разглядалі разнастайныя канцэпцыі выкарыстання Рэйхам вызваленчых імкненняў палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, фінаў і нават украінцаў. Аднак усцяж яны не выказвалі зацікаўлення беларусамі. У 1915 г. Экехард Остман акрэсліў іх як люд сялянскі і работніцкі, без годнай увагі інтэлігенцыі, наймацней сярод усіх астатніх народаў параднёны з расейцамі, у сувязі з чым не бачыў рэальных магчымасцей узнікнення сярод іх сепаратысцкіх тэндэнцый.
Шырэй за немцаў займаліся беларускай праблематыкай у Германіі і Аўстрыі польскія і ўкраінскія публіцысты, спрабуючы аказаць уплыў на грамадскую думку і ўрадавыя колы цэнтральных дзяржаў у напрамку сваіх палітычных інтарэсаў. I калі Лявон Васілеўскі прадстаўляў беларусаў як «бясформную этнаграфічную масу», а беларускі рух — як з’яву, што не мае ніякага палітычнага значэння, звязваючы пры гэтым вырашэнне лёсу Беларусі з апорай на польскае насельніцтва і прыхільнае да польскасці беларускае каталіцкае жыхарства, дык украінскі публіцыст Стэфан Руднянскі падкрэсліваў дадатныя рысы гэтага руху, вылучаючы на першы план развіцдё літаратуры і абуджэнне беларускіх сялянскіх мае да самастойнага нацыянальнага жыцця. Крыніцай звестак пра Беларусь былі таксама берлінская «Polnische Blatter» і венскі тыднёвік «Polen».

Аднак найважнейшым фактарам, якім тлумачылася невялікае зацікаўленне нямецкіх аўтараў беларускім пытаннем, была пазіцыя ўрадавых колаў Рэйха, што грунтавалася на ix адносінах з Расіяй і вызначаных ваенных мэтах. Імкнучыся стварыць новыя суадносіны сіл і дасягнуць палітычнай і эканамічнай дамінацыі ва Усходняй Еўропе, нямецкі імперыялізм не выпускаў з поля зроку сваіх эканамічных інтарэсаў у Расіі і меў надзеі на пашырэнне гаспадарчых адносін з гэтай краінай пасля вайны. Гэтая акалічнасць мела вялікае значэнне, асабліва для нямецкай прымысловасці, для якой расійскі рынак збыту ўяўляў шматабяцальны шанс развіцця. У выніку эканамічны фактар супрацьдзейнічаў імкненням да празмернага аслаблення і расчлянення Расіі і ўплываў на зацікаўленасць урада Рэйха ў як мага хуткім дасягненні з ёю мірнага пагаднення.
Пры такім становішчы ў першай фазе вайны, асабліва пасля наступлення расійскіх войскаў ва Усходняй Прусіі ў 1914 г., урадавыя колы нямецкага Рэйха хоць і спадзяваліся адсунуць Расію ад сваіх усходніх межаў і стварыць для гэтага буферную польскую дзяржаву, а таксама анексіраваць Літву і Курляндыю, аднак далей гэтых захопніцкіх планаў не ішлі. Такія намеры былі з пэўнага пункту гледжання досыць памяркоўныя і прымальныя для расійскага боку ў час мірных перагавораў . Такім чынам, Беларусь, як зрэшты Украіна, Латгалія і Эстонія, заставалася па-за абсягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганняў, пагэтаму не бралася пад увагу канцэпцыя беларускіх адраджэнцаў аб стварэнні залежнай ад Германіі буфернай беларускай дзяржавы і выкарыстанні для гэтай мэты беларускага нацыянальнага руху. Такім чынам, слабасць гэтага руху была важным, але не вызначальным фактарам, што прычынілася ў недастатковай зацікаўленасці нямецкага Рэйха беларускім пытаннем. Адначасова Германія не збіралася выкарыстоўваць сепаратысцкія тэндэнцыі, мацнейшыя за тыя, што дзейнічалі сярод беларусаў і сярод літоўцаў, бо гэта вынікала з вышэйшых мэт нямецкай палітыкі, якой у дадзеным выпадку была апексія Літвы. Згодна з такімі палітычнымі меркаваннямі развіваўся наступ германскіх войск на ўсходнім фронце. Летам 1915 г. яны занялі Каралеўства Польскае, Літву і Курляндыю, дасягнуўшы пад канец ве-расня лініі ДзвінскБраслаў — Паставы — Смаргонь — Баранавічы — Пінск — Луцк, пасля чаго наступіла затрымка ваенных аперацый, якая працягвалася на ўсходзе аж да 18.2. 1918 г. Такім чынам, на працягу двух год і пяці месяцаў нямецка-расійскі фронт падзяляў Беларусь на дзве часткі. Паводле беларускага гісторыка Вадзіма Круталевіча, пад нямецкай акупацыяй заставаліся яе заходнія абшары плошчаю 50 тыс. км², што складала прыкладна 25 % сучаснай тэрыторыі Беларусі.

Еўропа пад час І сусветнай вайны

Увосень 1915 г. на частцы занятых паўночна-ўсходніх земляў быў створаны вайсковы адміністрацыйны абшар Обэр Ост, які ўзначаліў шэф генеральнага штаба генерал Эрых Людэндорф пад агульным кіраўніцтвам камандуючага ўсходнім фронтам фельдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга. Абшар гэты, плошчаю 109 тыс. км², пасля неаднаразовых змен унутранай адміністрацыйнай структуры вясной 1917 г. падзяляўся на тры адзінкі: Літву, Курляндыю і Беластоцка-Гродзенскую акругу, якой прызначалася роля сувязнога звяна паміж Прыбалтыкай і Польшчай. У межах гэтай акругі апынулася трэцяя частка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 17 тыс. км². На адрэзку ад ваколіц Ліды да Браслава ўсходняя мяжа Обэр Оста супадала, з невялікімі адхіленнямі, з сучаснай граніцай Літвы і Беларусі.

Усходняя мяжа Обэр Оста супадала з засягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганняў у Расіі. Разам з усходняй граніцай запраектаванай. польскай дзяржавы яна павінна была раздзяліць тэрыторыі панавання Расіі і Германіі. Рэштка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 33 тыс. км² уваходзіла ў склад вайскова-аперацыйнай паласы паміж граніцай Обэр Оста і лініяй нямецка-расійскіх акопаў. Адносна гэтых абшараў урадавыя колы Рэйха не мелі анексійных намераў. Яны павінны былі адыграць ролю разменнай пазіцыі ў будучых мірных перагаворах і вярнуцца да Расіі пасля адмаўлення апошняй ад прэтэнзій на землі, далучаныя да Обэр Оста. Урадавая пазіцыя Рэйха ў гэтай справе заставалася нязменнай прыкладна да канца 1916 г. Аб гэтым сведчыць выказванне канцлера Тэабальда фон Бэтман Гольвэга ад 23.11. 1916 г., у якім ён акрэсліў ваенныя задачы Германіі наступным чынам: «Прызнанне новага Каралеўства Польскага, уступка абшараў Курляндыі і Літвы і ўсталяванне са стратэгічных меркаванняў агульнай мяжы нямецкіх (г. зн. Обэр Оста) і польскіх тэрыторый з Расіяй». Гэтая пазіцыя часткова змянілася пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. Як паказвае пратакол нарады Бэтмана Гольвэга з вярхоўным вайсковым камандаваннем, якая адбылася 23.4.1917 г. у Бад-Кройцнаху, у гэты час разглядалася магчымасць пашырэння здабычы Германіі ў Прыбалтыцы (Латвія, Эстонія), але не прадбачылася змены ўсходняй мяжы Обэр Оста). У змене гэтай мяжы Германія не была зацікаўлена і на брэсцкіх перагаворах. Такім чынам, апроч далучаных да Обэр Оста земляў, што мясціліся ў трохкутніку Гродна — Ліда — Брэст і складалі каля 8 % цяперашняй тэрыторыі Беларусі, акупацыю беларускіх абшараў немцы лічылі за часовую з’яву.

Такая пазіцыя нямецкага ўрада выключала існаванне якіх-небудзь маштабных праектаў, як, напрыклад, стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, канфедэрацыю Літвы і Беларусі ці ўключэнне або федэралізацыю беларускіх земляў з Польшчай. Большасць занятых немцамі беларускіх земляў павінна была пагэтаму вярнуцца да Расіі, адносна ж той часткі, што далучылася да Обэр Оста, існавалі разнастайныя праекты. Спачатку яна павінна была далучыцца да Рэйха, у 1917 г.— да Літвы, у 1918 г.— да Украіны (частка Беластоцка-Гродзенскай акругі), і нарэшце вясною 1919 г. іх аддалі Польшчы. У такім становішчы, апрача імкненняў да максімальнай эксплуатацыі гаспадаркі, характэрнай, дарэчы, для ўсіх акупіраваных тэрыторый, паводзіны нямецкіх акупацыйных улад абмяжоўваліся фактычна рэалізацыяй пэўнай нацыянальнай палітыкі.

3 гэтага пункту гледжання на тэрыторыі Обэр Оста панавалі вельмі разнастайныя ўмовы. Паводде даных перапісу 1897 г., якімі карысталася нямецкая адміністрацыя, 34,4 % жыхароў гэтага абшару складалі літоўцы, 20,8 % — беларусы, 13,5 % — яўрэі, 11,8%—палякі, 10,5%—латышы, 6,2% —расейцы і 2,5% — немцы (гл. табл. 1). Каля 2/3 ад усяго беларускага насельніцтва Обэр Оста прыпадала на Беластоцка-Гродзенскую акругу, дзе яно складала абсалютную большасць (56,0 %). Аднак даныя перапісу ў час вайны не адлюстроўвалі фактычнага стану галоўным чынам таму, што не ўлічвалі істотныя дэмаграфічныя зрухі, якія адбыліся за гэты перыяд. А між тым з 1897 па 1914 г. агульная колькасць жыхароў краю ўзрасла на 30 % —да 5,8 млн., пасля чаго, у выніку эвакуацыі ў глыб Расіі ў 1915 г., паменшала напалову і ў 1916 г. складала 2,9 млн. У яшчэ большай ступені зменшылася колькасць праваслаўнага насельніцтва, і працэнт беларусаў ад агульнай лічбы жыхароў Обэр Оста ў выніку быў, напэўна, ніжэйшы за 1897 г.

Нацыянальная структура насельніцтва Обэр Оста
(паводле даных расійскага перапісу 1897 г.)
Обэр Ост
цалкaм
у т. л. Беластоцка-Гродзенская акруга
тыс.
%
тыс.
%
Усяго
4504,2
100,0
1061,4
100,0
у т. л.
Літоўцы
1550,3
34,4
3,5
0,3
Беларусы
936,1
20,8
594,5
56,0
Яўрэі
607,9
13,5
190,0
17,9
Палякі
534,1
11,8
147,1
13,9
Латышы
468,9
10,5
0,2
0,0
Расейцы
278,2
6,2
112,3
10,6
Немцы
113,0
2,5
9,2
0,9
 Крыніца: Das Land Ober Ost. Stuttgart 1917, S. 433.

Такім чынам, улады Обэр Оста апынуліся перад праблемай кіравання шматнацыянальным рэгіёнам, дадатковую спецыфіку якога складала абумоўленая гістарычна дамінацыя польскай культуры на беларуска-літоўскіх землях і нямецкай — у Курляндыі. Маладыя літоўская, латышская і беларуская культуры, якія развіваліся ў цені гэтых старых культур, былі яшчэ слабыя, а ix грамадскае значэнне — непараўнальнае з пераважаючым удзелам гэтых нацыянальнасцей у насельніцтве Обэр Оста. Паводле звестак даследчыка гісторыі школьніцтва за акупацыйны перыяд Ганса Цэмке, спробы літоўскай інтэлігенцыі па стварэнню сучаснай літаратурнай мовы былі тады яшчэ ў пачатковай стадыі і не знаходзілі водгуку сярод мясцовага сялянства, якое не разумела штучных моўных неалагізмаў і высмейвала ix. Гэткія самыя цяжкасці перажывала ў сваім развіцці і беларуская мова і літаратура.

Імкнучыся вырашыць складаную моўную праблему, акупацыйныя ўлады прынялі за прынцып аднолькавае стаўленне да ўсіх нацыянальнасцей. Гэта было звязана, напэўна, з намечанай у першай фазе вайны анексіяй усёй тэрыторыі Обэр Оста, бо наданне прывілеяў нейкай адной нацыі з нямецкага пункту гледжання было б нявыгадна. У выніку для ўсіх нацыянальнасцей у роўнай меры адносіўся ўказ аб забароне ўсялякай палітычнай дзейнасці, выдадзены Гіндэнбургам 28.7.1915 г., гэтак жа, як і дазвол улад на функцыяніраванне камітэтаў дапамогі ахвярам вайны. Да сярэдзіны 1917 г. яны з’яўляліся адзінай легальнай формай грамадскай дзейнасці мясцовага насельніцтва. Гэтыя камітэты выконвалі таксама ролю нефармальных прадстаўніцтваў паасобных нацы-янальнасцей і былі ўпаўнаважаныя прадстаўляць уладам прапановы ў сацыяльнай, асветнай і культурнай галінах.

Прынцып аднолькавага стаўлення да паасобных нацыянальнасцей Обэр Оста афіцыйна быў заяўлены ў выдадзеных Гіндэнбургам 22.12.1915 г. асноўных дырэктывах, якія датычыліся арганізацыі школьніцтва, а таксама — у інструкцыі ад 16.1.1916 г. У ix забаранялася весці ў пачатковых школах навучанне па-руску і ўводзілася абавязковае выкладанне на роднай мове. Такі парадак павінен быў захоўвацца і пры вывучэнні рэлігіі. Інструкцыі прадугледжвалі для ўсіх школ абавязковае вывучэнне нямецкай мовы ў ступені, дастатковай для авалодання яе вуснай і пісьмовай формамi. Затое не ўводзілася абавязковага наведвання школы, што выключала прымусовае навязванне дзецям навукі на мове, якую ix бацькі лічылі за непажаданую. У імя ажыццяўлення прынцыпу раўнапраўя, усім нацыянальнасцям Обэр Оста была дазволена культурная дзейнасць і выданне газет на роднай мове. Выдаваліся двухмоўныя пашпарты: нямецка-латышскія, нямецка-літоўскія, нямецка-польскія і нямецка-беларускія — адпаведна па акругах.

У новай сітуацыі магчымасці беларускай грамадска-культурнай працы напачатку былі вельмі абмежаваныя. Прычынай была вайсковая мабілізацыя, а таксама эвакуацыя насельніцтва, якая ахапіла большую частку дзеячаў беларускага руху, у глыб Расіі. Створаны ў сакавіку 1915 г. «Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны» ў Вільні пасля эвакуацыі яго старшыні Вацлава Іваноўскага працягваў ва ўмовах нямецкай акупацыі сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча. Восенню 1915 г. ён згуртаваў вакол сябе невялікую групу пазасталых дзеячаў, сярод якіх найбольшую ролю адыгрывалі Францішак Аляхновіч, Алаіза Пашкевіч-Кейрыс, Вацлаў Ластоўскі, Ян Луцкевіч, Вінцэнт Святаполк-Мірскі, Юліяна Мэнке, Баляслаў Пачобка, Язэп Салавей і ксёндз Уладзіслаў Талочка. Асабліва цяжкая кадравая сітуацыя была ў правінцыі.

Яшчэ ў першыя месяцы акупацыі, перад выхадам указанняў Гіндэнбурга, камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, потым, у канцы 1915 г., адкрыў першую ў гісторыі і адзіную ў той час беларускую публічную школу. У гэты перыяд стараннямі польскага Камітэта адукацыі ў Вільні былі адчынены 4 польскія гімназіі, 8 прагімназій, 30 пачатковых школ, а таксама сотні школ у правінцыі , створаных, між іншым, для беларускіх дзяцей. Гэтае параўнанне яскрава адлюстроўвала розніцу інтэлектуальнага і матэрыяльнага патэнцыялу палякаў і беларусаў. Не былі пагэтаму перабольшаннем словы Людэндорфа, які пісаў: «Беларус не ўваходзіў у разлік. Палякі пазбавілі яго нацыянальнасці, не даючы нічога ўзамен. Восенню 1915 г. я хацеў зарыентавацца ў рассяленні беларусаў. Але напачатку знайсці іх было літаральна немагчыма. I толькі пазней высветлілася, што гэта вельмі распаўсюджаны народ, знешне, аднак, спаланізаваны і такі адсталы культурна, што дапамагчы яму можна толькі праз даўгачаснае ўздзеянне».

» чытаць працяг

© Юры Туронак “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”
© Пераклад. В.Ждановіч

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии