Герб Вялікага княства Літоўскага

«Пагоня» — герб Вялікага Княства Літоўскага, які атрымаў статус дзяржаўнага ў час княжання Вітаўта Вялікага. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў. Уяўляе сабой выяву ўзброенага воіна на белым кані на чырвоным шчыце. Вершнік трымае ў паднятай правай руцэ меч, у левай — белы, чырвоны альбо сіні шчыт з залатым шасціканцовым крыжом. З левага боку ў вершніка ножны мяча, з-пад сядла звісае трохканцовая вупраж (у розныя часы яна мяняла свой колер з сіняга да залаціста-жоўтага).

 

Гісторыя

Гербам Вялікага Княства ад часоў гаспадара Віценя была «Пагоня». Яе выява звязаная з старажытнай традыцыяй нашых продкаў выпраўляцца ў пагоню за ворагамі, каб паквітацца за забітых і вызваліць палонных. У адной з вялікакняскіх граматаў канца XIV ст. гаварылася: «У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі і непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае сцігаванне, што па-народнаму завецца пагоняй, абавязаныя ісці не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».

Старажытныя сімвалы «Пагоні» даследнікі звязваюць таксама з паганскім богам Ярылам, які ў хрысціянскія часы пачаў атаясамлівацца з святым Юр'ем. Паводле законаў дзяржавы герб абавязкова змяшчаўся на пячатках паветаў, упрыгожваў гарадскія брамы, вежы магістратаў і сцягі ваяводстваў. Рыцар з узнятым мячом быў і на тагачасным сцягу Вялікага Княства. Даўней гэты сцяг меў выгляд пурпуровага або чырвонага палотнішча з вышытымі на ім «Пагоняй» з аднаго боку і Багародзіцай з немаўляткам - з другога. 3 баявым воклічам «Багародзіца! Памагай!» войска ішло ў бой.

Зацверджанне «Пагоні» як герба нашай дзяржавы адбылося ў 1295 г., але значна раней выявай коннага ваяра з мячом ужо карысталіся ў Полацкай зямлі. За князем Ягайлам на шчыце гербавага вершніка з'явіўся шасціканцовы крыж, які сваімі абрысамі нагадвае нацыянальную святыню - крыж Еўфрасінні Полацкай. Канчаткова склаўшыся, герб дзяржавы выглядаў як пурпуровы шчыт з белым конным рыцарам. Чырвоны колер сімвалізаваў агонь, мужнасць і ваяўнічасць. Белы колер, які ў геральдыцы адпавядае срэбру, азначаў у вачах продкаў чысціню, дабро, незалежнасць. Золата шасціканцовага крыжа на шчыце было сімвалам жыцця, святла, надзеі і высакароднасці. «Пагоня» была на харугвах 30 з усіх 40 палкоў Вялікага Княства, якія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве.

У агульнадзяржаўным зборы законаў - Статуце 1566 г. - сцвярджалася: «Тэж мы, Гаспадар, даем пад гербам таго паньства нашага Вялікага Князьства Літоўскага, Пагоняю, пячаць да каждага павету». «Пагоню» на сваіх пячатках мелі адміністрацыйныя адзінкі толькі беларускай этнічнай тэрыторыі (Жамойць, да прыкладу, мела «мядзведзя», Валынь - крыж).

У XVI ст. ва ўсёй Еўропе пачалі ўзнікаць дзяржаўныя сцягі, каляровая гама якіх звычайна ўтваралася ад гербаў. Прынцып быў такі: гербавая выява давала асноўны колер сцяга, а геральдычны шчыт - дадатковы. Срэбная «Пагоня» на чырвоным шчыце дала бел-чырвона-белы сцяг. Упершыню нашы нацыянальныя сцягі паказаныя на батальнай карціне XVI ст., прысвечанай славутай бітве пад Воршай у 1514 г.

 

У 1918 «Пагоня» стала гербам Літоўскай Рэспублікі (1918-1940) і эмблемай абвешчанай «Беларускай народнай рэспублікі». У Беларускай ССР (з 1919) «Пагоня» як дзяржаўны герб не выкарыстоўвалася.

У 1920-1922 «Пагоня» была элементам герба Сярэдняй Літвы, нагадваючы герб Рэчы Паспалітай - «Белы Арол» на правай палове і «Пагоня» на левай палове геральдычнага шчыта.

У міжваенны час «Пагоня» прысутнічала ў Заходняй Беларусі (у складзе Польскай Рэспублікі) на гербах Віленскага, Падляскага, Палескага ваяводстваў.

З 1988 «Пагоня» стала сімвалам нацыянальнага руху ў Беларусі (разам з бел-чырвона-белым сцягам) і ў Літве. Законам, прынятым Вярхоўным Саветам Літоўскай Рэспублікі (пасля названы аднаўленчым Соймам) 11 сакавіка 1990 г. «Аб назве дзяржавы і гербе», адноўлены даваенны герб "Віціс". У 1990 годзе «Пагоня» абвяшчаецца дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь.

Княжацкія і шляхецкія гербы

Першапачаткова ў гербах многіх нашчадкаў Гедыміна Пагоня ўжывалася адна, а пасля для адрознення аднаго дваранскага роду ад іншых таго ж кораня дадаліся іншыя эмблемы, і для многіх з іх падставы варта шукаць у польскай геральдыцы. Акрамя таго, для адрознення ў розных прозвішчах была яна не аднолькавая або па становішчы вершніка, або па постаці, якая выяўлялася на шчыце, або, нарэшце, таму, што на гербе увасаблялася адна толькі ўзброеная рука. Такім чынам, у геральдыцы шляхецкіх родаў, якія жылі на тэрыторыі ВКЛ, ёсць пяць відаў Пагоняў:

  1. у чырвоным полі пакрыты латамі і шышакамі віцязь на белым кані. Праваю рукою ён трымае аголены меч, а на левай шчыт з падвойным, шасціканцовым крыжам, на кані сядло з трыма канцамі;
  2. такі ж вершнік, але з кап'ём, якое ён трымае, як бы маючы намер кінуць яго на ворага;
  3. голы вершнік на кані без сядла і аброці трымае на паветры, над галавою, аголены меч;
  4. у залатым полі выходзячая з-за аблокаў рука ў латах з аголеным мячом, фігура гэтая паўтараецца ў нашлемніку;
  5. у чырвоным полі рука з мячом, а ў нашлемніку фігура рыцара бачная напалову, узброенага таксама мячом.