Войны Масковіі з Вялікім Княствам Літоўскім

Тэўтонскі ордэн быў разгромлены, але праз некалькі дзесяцігоддзяў нашая дзяржава сутыкнулася з новай небяспекай, цяпер ужо на ўсходзе, дзе ўзмацнілася Маскоўскае княства. Яго вызваленне ад татарскага прыгнёту, гэтай найвялікшай трагедыі расейскага народа, было толькі вонкавым. Маскоўшчына пераняла дзяржаўную будову Арды і, па сутнасці, зрабілася яе адлюстраваннем. Пра гэта сведчыла жорсткае адзіна-ўладдзе, сляпая падначаленасць «холопов государевых», чынгісханаўская ідэя ўлады над усім светам. У татараў пазычылі і арганізацыю войска, і тактыку выпаленай зямлі, і нялюдскія расправы з насельніцтвам сумежных дзяржаваў, што было прадэманстравана пры знішчэнні Ноўгарадскай і Пскоўскай рэспублік.

Маскоўскі князь Васіль ІІІ
Маскоўскі князь Васіль ІІІ. Гравюра 1575 г.

Пасля захопу туркамі ў 1453 г. Канстанцінопаля і гібелі апошняга візантыйскага імператара Масква заявіла аб сваіх прэтэнзіях на ролю «трэцяга Рыму». Крамлёўскія ўладары называлі сябе спадкаемцамі «истинно христианского царства» – Візантыі, а значыцца, выратавальнікамі хрысціянаў ад усіх «паганых» і «раскольнікаў». Маскоўскія князі з дапамогаю сваёй царквы пашыралі байкі пра іх паходжанне ад імператара Аўгуста. «Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти», – заяўлялася ў дзяржаўных дакументах.

Маскоўскі князь Іван III, узяўшы шлюб з пляменніцай апошняга візантыйскага імператара Соф’яй Палеалог, абвясціў сябе абаронцам усіх праваслаўных Усходняй Еўропы і ў 1478 г. запатрабаваў ад вялікага князя Казіміра Ягайлавіча «Полацка, Віцебска, Смаленска ды іншых земляў рускіх». Наступны вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч адразу пасля бацькавай смерці мусіў уступіць у распачатую Маскоўшчынай у 1492 г. вайну за гэтак званую «вотчыну». Падпісанае замірэнне 1494 г. Аляксандр замацаваў шлюбам з дачкой Івана ІІІ Аленай. Аднак гэты дынастычны шлюб не прынёс спакою. Двор вялікай княгіні ў Вільні стаў прыкрыццём для дзейнасці маскоўскіх выведнікаў.

У 1500 г. Іван III зноў накіраваў на Вялікае Княства велізарнае 40-тысячнае войска. 14 ліпеня каля рэчкі Вядрошы на Смаленшчыне захопнікі ўбачылі перад сабой гатовыя да бітвы нашыя харугвы, дзе было ўсяго 4,5 тысячы ваяроў. Яны біліся з неверагоднай мужнасцю і амаль усе загінулі. У выніку той вайны нашая дзяржава часова страціла 19 гарадоў, у тым ліку Гомель, Чарнігаў, Бранск, Старадуб, Невель і Вяліж.

Праз некалькі гадоў вальны Сойм Княства пастанавіў склікаць паспалітае рушанне і адваяваць свае землі. Не чакаючы гэтага, маскоўскае войска ўварвалася ў Беларусь з поўначы і ўсходу. Варожыя ваяводы паведамлялі свайму гаспадару Васілю III, што «землю воевали мало не до Вильны, везде огонь пускали, и шкоды чинили и полону на колко десять тысяч взяли».

Маскавіты. Гравюра 1605 г.
Маскавіты. Гравюра 1605 г.

Аднак здабыць непрыяцель здолеў толькі Друцак. Ворша, Слуцак, Клецак, Слонім, Наваградак ды іншыя гарады адбараніліся. Асабліва мужна два тыдні адбіваў прыступы захопнікаў Менск, які разам з невялікім гарнізонам баранілі ўсе мяшчане.

Трэцяя вайна скончылася «вечным мірам» 1508 г., але праз чатыры гады Масква распачала чарговую інтэрвенцыю.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
1480-1541 гг. Жыццё і дзейнасць Юр’я Радзівіла.
1492-1494 гг. Першая вайна Масковіі з Вялікім Княствам Літоўскім.
1500-1503 гг. Другая вайна Масковіі з Вялікім Княствам Літоўскім.
14  ліпеня  1500 г. Бітва на рацэ Вядрошы.
1507-1508 гг. Трэцяя вайна Масковіі з Вялікім Княствам Літоўскім.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии