Бітва пад Воршай 8 верасня 1514 г.

На самым пачатку восені 1514 г. маскоўскія ваяводы з велізарным 80-тысячным войскам наблізіліся да Воршы. Тут 8 верасня, у дзень нараджэння Дзевы Марыі, на рацэ Крапіўне і адбылася вырашальная бітва.

Маючы амаль трохразовую колькасную перавагу над Астрожскім,ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца не сумняваліся ў лёгкай перамозе. Яны лічылі,што здольныя разбіць ліцьвіноў, нават дзейнічаючы паасобку. Самаўпэўненасць саслужыла ім дрэнную службу, але галоўную ролю ў далейшых падзеях адыграў талент Астрожскага і гераізм нашых ваяроў, якія баранілі родную зямлю.

Уначы перад бітваю гетман пераправіў свае аддзелы цераз Дняпро. Частка кавалерыі перайшла раку ўброд, для астатняга войска былі хутка наведзеныя масты на звязаных, добра прасмоленых бочках. На досвітку нашы баявыя шыхты занялі пазіцыі насупраць расцягнутага на некалькі вёрстаў расейскага войска.

Наперадзе Канстанцін Астрожскі паставіў найлепшых пешых стралкоў з ручніцамі, на флангах - конніцу. Частка гарматаў прыкрывала пяхоту, але астатнія сілы артылерыі былі схаваныя ў засадзе.

Загрымелі баявыя бубны, заспявалі трубы-сурмы з турыных рагоў і сеча пачалася. Конныя палкі «правай рукі» маскоўскага войска пайшлі ў атаку. «Наперад, дзеці!» - крыкнуў 54-гадовы гетман сваім рыцарам, кідаючы іх у контрнаступ. На доўгіх дзідах нашых конных ваяроў віліся бел-чырвона-белыя сцяжкі.

Неўзабаве конніца ваяводы Булгакава-Голіцы кінулася наўцёкі. Другі маскоўскі ваявода Чаляднін вырашыў не дапамагаць яму, бо хацеў сам выйграць бітву. Цяпер сеча закіпела на нашым правым фланзе, якім камандаваў Юрый Радзівіл. Гетман Астрожскі быў сярод сваіх жаўнераў. Ягоная ўзнятая над галавою булава дадавала мужнасці слабейшым.

Нейкі час вайсковае шчасце не хілілася ні на чый бок. I тут здарылася нечаканае: кавалерыя Астрожскага спыніла націск, а потым і наагул пакацілася назад. Узрадаваны ваявода Чаляднін кінуў у бой усе свае сілы. Расцягнутыя баявыя парадкі расейцаў з пераможнымі крыкамі перайшлі ў наступ. Колькі хвілінаў нашая конніца вельмі праўдападобна дэманстравала ўцёкі, а затым, падзяліўшыся на дзве паловы, зрабіла імклівы бакавы манеўр. Маскоўскія вершнікі апынуліся перад пакінутымі ў засадзе артылерыяй і пяхотай з ручніцамі. Ужо першыя залпы нанеслі ворагу вялікія страты і спарадзілі паніку.

Тысячы ахопленых жахам заваёўнікаў рассеяліся на шырокім прырэчным полі, страціўшы ўсякую здольнасць да супраціву. Шмат хто ў роспачы кідаўся ў Дняпро. Ворагаў гналі і секлі яшчэ пяць вёрстаў. Рэчку Крапіўну загацілі целы забітых. Пасля заходу сонца сеча аціхла, хоць некаторыя нашы конныя аддзелы пераследвалі непрыяцеля яшчэ восем літоўскіх міляў, гэта значыць шэсцьдзясят кіламетраў, і вярнуліся з тысячамі палонных.

Аршанская бітва завяршылася поўным разгромам маскоўскага войска. Пазней вядомы царскі гісторык М. Карамзін у сваёй «Гісторыі Расейскай дзяржавы» пісаў, што войскі Вялікага Княства «ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі». Летапісы і хронікі паведамляюць, што непрыяцель страціў забітымі 40 тысяч. Яшчэ блізу пяці тысяч захопнікаў разам з усімі сцягамі трапілі ў палон. Сярод іх былі самі Чаляднін з Булгакавым-Голіцам і яшчэ восем малодшых ваяводаў. У ліку трафеяў пераможцы ўзялі варожы абоз і 20 тысяч коней.
Нашы ваяры адстаялі пад Воршай суверэнітэт дзяржавы. Трыумф Астрожскага аддаў ініцыятыву вайны ў рукі Вялікага Княства. Усе захопленыя Масквой гарады, апрача Смаленска, былі вызваленыя.

Аршанская перамога трывала увайшла як у летапісы, так і ў памяць народа, які склаў пра тыя падзеі песню-баладу:

Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці.
А як з Воршы уцякалі,
«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як наша слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэння свету,
Што нашай славанькі ужо нету».
Слава Воршы ужо не горша.
Слаўся, пан Астрожскі!

Еўрапейскі розгалас

Бітва на Крапіўне атрымала шырокі розгалас у свеце. Бліскучую перамогу тры дні святкавалі на Вацлаўскім пляцы ў Празе нашыя браты-чэхі, каралём якіх быў тады Уладзіслаў IV, сын вялікага князя літоўскага Казіміра Ягайлавіча. Пра перамогу ліцьвінскага войска паведамілі тагачасныя газеты-ўлёткі, надрукаваныя ў Ляйпцыгу, Нюрнбэрзе, Рыме ды іншых еўрапейскіх гарадах. Ужо у пераможным 1514 годзе ў Кракаве выйшаў паэтычны зборнік з творамі ў гонар трыюмфу ліцьвінскай зброі. Кніга падобнага зместу - «Вершы пра векапомны разгром маскоўцаў» - пабачыла свет у 1515 г. у Рыме.

Пасля перамогі Астрожскага еўрапейскія дзяржавы, і найперш імператар Святой Рымскай імперыі Максімілян, адмовіліся ад таемнага альянсу з маскоўскім князем.

Аднак Масква не пакідала прэтэнзіяў на беларускія землі. У 1534 г. разгарэлася новая вайна з усходнім суседам. Вонкавая агрэсія аслабляла дзяржаву, але, з іншага боку, спрыяла яе кансалідацыі.

Расейскія гісторыкі часта пішуць пра «спрадвечнае імкненне» праваслаўных беларусаў да аб'яднання з расейскімі братамі па веры. Але перамогу над маскоўскімі захопнікамі ў 1514 г. атрымала войска, дзе пераважную бальшыню складалі праваслаўныя беларусы-ліцьвіны. Гэта было сведчаннем іх дзяржаўнага патрыятызму. Ён яскрава выявіўся і тады, калі з захопленага Смаленска ў Вялікае Княства ўцякло 50 баярскіх і шмат мяшчанскіх праваслаўных родаў. А маскоўскі князь Васіль III успрымаўся нашымі продкамі як «вораг і супастат веры хрысціянскае, праваслаўнае».

Гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў часта параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі.
Аршанскую бітву, якая стала адной з найбуйнейшых у Еўропе XVI ст., вывучалі ў розных краінах (у тым ліку ў Расеі) як прыклад бліскучых дзеянняў малалікай арміі супраць значна большай сілы праціўніка.

     

    Вялікае княства Маскоўскае
    Вялікае княства Літоўскае

    Камандуючыя

    Іван Чаляднін, Міхаіл Булгакаў-Голіца Канстанцін Астрожскі

    Колькасць

    Каля 80 000 чалавек Каля 30 000 чалавек

    Страты

    Каля 30 000 забітых і параненых Каля 2 000 забітых і параненых

    Тактыка

    Для рухаў свайго непрыяцеля ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Оршы, і спадзяваліся ў вальнай бітве разбіць колькасна слабейшае войска ВКЛ. Удалым манеўрам вывеўшы маскоўцаў пад знішчальны агонь артылерыі, Астрожскі вымусіў іх ратавацца ўцёкамі.

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012