Вайна з Швецыяй (1600-1629) і Турцыяй (1620-1621)

Пазбаўлены ў 1599 г. шведскага трону, вялікі князь і кароль Жыгімонт Ваза не пагадзіўся з гэтым і распачаў цяжкую і доўгую вайну за панаванне на Балтыйскім моры. Зачэпкаю для яе стала ўлучэнне Эстляндыі ў склад Рэчы Паспалітай. У часе вайны асабліва вызначылася войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Янам Каралём Хадкевічам, які паходзіў з старажытнага ліцьвінскага роду.

Гетман Хадкевіч

Дзяцінства будучага славутага ваяра прайшло ў родавым замку-палацы ў маёнтку Мыш недалёка ад Баранавічаў. 3 малых гадоў Янка выявіў цікавасць да вайсковай справы. Ён добра ездзіў на кані, страляў з лука і агняпальнай зброі. Вучыўся Хадкевіч у Віленскай акадэміі, а потым у Нямеччыне і італійскіх універсітэтах Падуі і Венецыі. Ян Кароль грунтоўна ведаў гісторыю, геаграфію, матэматыку, дасканала валодаў лацінай. Разам з тым ён настойліва спасцігаў вайсковае майстэрства: штудыяваў кнігі знакамітых палкаводцаў, вывучаў на востраве Мальта досвед змагання тамтэйшых рыцараў з туркамі.

Камандуючы ўласным аддзелам конніцы, Ян Кароль Хадкевіч атрымаў першыя перамогі пад час ваеннай экспедыцыі ў Малдавію і Валахію. Гэты поспех неўзабаве прынёс яму высокую пасаду палявога гетмана. Дзякуючы выдатнаму вайсковаму таленту Хадкевіч звычайна дасягаў перамогі над значна большымі непрыяцельскімі сіламі. (Трэба ўлічыць, што шведскае войска было адным з найлепшых у Еўропе.) Так, наш гетман разбіў шведаў пад Кокенгаўзенам (1601 г.) і Дорпатам (1603 г.). У бітве пад Белым Каменем у 1604 г. дзве тысячы нашых жаўнераў разграмілі 7-тысячны варожы корпус. У наступным годзе Хадкевіч атрымаў булаву вялікага гетмана.

Ягоным улюбёным родам войскаў былі гэтак званыя крылатыя гусары. Да іх панцыраў мацаваліся вялікія крылы з пёрамі, якія пад час атакі сваім гулам наводзілі на ворага жах. Менавіта беларускія гусары з бел-чырвона-белымі сцяжкамі на дзідах прыносілі ў тыя гады нашай арміі найбольшую славу. Яны дапамаглі Хадкевічу здабыць фантастычную перамогу пад Кірхгольмам.

Ад самага пачатку вайны з шведамі Хадкевіч быў у Інфлянтах. Ён усталяваў у войску суровую дысцыпліну, аднак заўсёды клапаціўся пра рыштунак і забеспячэнне падначаленых. Калі дзяржаўныя грошы на заробак жаўнерам сталі прыходзіць з перабоямі, гетман самаахвярна ўзяў утрыманне арміі на сябе, дзеля чаго заклаў уласныя маёнткі.

Кірхгольмская бітва

27 верасня 1605 г. 4-тысячны корпус Хадкевіча на беразе Дзвіны каля вёскі Кірхгольм (цяпер латвійскі Саласпілс) сустрэўся з арміяй шведскага караля Карла IX, якая налічвала 14 тысяч жаўнераў. Нашае войска складалася цалкам з ліцьвіноў-беларусаў. Імі былі і ўсе камандзіры: Ян Пётра Сапега, Вінцэнт Война, Ян Кішка, Тамаш Дуброва, Марцін Гедройц...

Гетман вымусіў шведаў атакаваць першымі. Ён загадаў нашай лёгкай конніцы ўвязацца ў бой і адступіць. Карл IX, паверыўшы ў блізкую перамогу, кінуў у наступ і кавалерыю, і сваю праслаўленую пяхоту, якая разам з гарматамі спусцілася з зручных пазіцыяў на ўзвышшы. Шведы нечакана апынуліся пад моцным агнём нашых пяхотнікаў. I тут з флангаў на ворага абрынулася гусарская конніца ліцьвіноў...

Польскія падручнікі называюць разгром шведаў пад Кірхгольмам трыюмфам польскай зброі. Аднак у сапраўднасці, як давёў вядомы даследнік Анджэй Рахуба, палякаў там не было. На падмогу войску Вялікага Княства прыйшлі толькі 300 райтараў курляндскага герцага.

Пад Кірхгольмам шведы, паводле розных звестак, страцілі ад 6 да 9 тысяч жаўнераў, кінулі на пабаявішчы ўсю артылерыю і 60 баявых сцягоў. 3 войска Вялікага Княства Літоўскага загінула ўсяго блізу 100 ваяроў і 200 былі параненыя. Слава пра перамогу разнеслася па ўсім свеце. Віншаванні вялікаму гетману прыслалі папа рымскі і бальшыня еўрапейскіх манархаў. Ваенны трыюмф Хадкевіча, на думку спецыялістаў, стаўся адной з найвялікшых тактычных перамог у сусветнай гісторыі.

Марская перамога пад Салісам

Пад час кампаніі 1608 г. шведская армія з 12 тысяч жаўнераў высадзілася на ўзбярэжжы Латвіі і, выкарыстаўшы часовую адсутнасць Хадкевіча ў Інфлянтах, заняла вялікую тэрыторыю. Маючы ўсяго 2 тысячы кавалерыстаў і невялікую артылерыю, наш гетман пастанавіў адваяваць страчанае. Ён штурмам вызваліў Парнаву (Пярну) у Эстоніі, а затым рушыў на дапамогу абложанай ворагам Рызе.

Атрымаўшы звесткі, што недалёка знаходзіцда шведскі флот, Хадкевіч распрацаваў і здзейсніў бліскучы план. Паблізу гарадка Саліс (цяпер Салацгрыва ў Латвіі) вялікі гетман пасадзіў сваіх ваяроў на некалькі караблёў, захопленых раней у непрыяцеля і набытых у марскіх гандляроў. Рэшта размясцілася проста на лодках. Натхнёныя Хадкевічам спешаныя коннікі, сярод якіх шмат хто раней ніколі не бачыў мора, рушылі на ворага. Іх вялі адвага і вера ў ваярскі геній гетмана.

Уначы ў вусці ракі Салацы ліцьвіны раптоўна з'явіліся перад варожым флотам і накіравалі на яго некалькі падпаленых брандэраў (суднаў з выбуховымі і палкімі рэчывамі). Два шведскія караблі загарэліся і пачалі тануць. У святле пажару нашыя гарматы трапна ўдарылі па астатніх. Ратуючыся, непрыяцельскія маракі панічна выходзілі ў адкрытае мора.

Марская бітва пад Салісам увайшла ў летапіс беларускай вайсковай славы. Вядомы пісьменнік Юльян Нямцэвіч у XIX ст. напісаў пра «бацьку» гэтай перамогі такія словы: «Толькі генію ўласціва знаходзіць магчымасці, якіх звычайны розум не заўважае».

Турэцкая кампанія

Адначасова з шведскай вайной Рэч Паспалітая ад 1609 г. вяла баявыя дзеянні супраць Расейскай дзяржавы. Дзякуючы Яну Каралю Хадкевічу адбараніўся і застаўся ў нашай краіне Смаленск.

Пазней разгарэлася яшчэ адна вайна - з Асманскай імперыяй. Турэцкі султан Асман II рыхтаваў вялікі паход на поўнач. Ён заявіў што разгроміць Рэч Паспалітую і будзе маліцца Алаху на беразе Балтыйскага мора. Наступ з поўдня даручана было адбіваць Хадкевічу, якога прызначылі камандаваць аб'яднаным войскам Вялікага Княства і Польшчы.

У верасні 1621 г. пад Хацінам (цяпер Чарнавіцкая вобласць Украіны) наш гетман з 70-тысячнай арміяй, у склад якой уваходзілі і запарожскія казакі, перамог удвая з лішкам большыя сілы туркаў Абарона ўмацаванага лагера Хадкевіча, які нягледзячы на цяжкую хваробу некалькі разоў асабіста ўзначальваў баявыя вылазкі, доўжылася цэлы месяц. Страціўшы 80 тысяч жаўнераў з 150 000, султан прызнаў паразу. Ян Хадкевіч памёр у Хацінскім замку пад час бітвы. Прадчуваючы блізкую смерць, ён забараніў паведамляць пра яе, каб не падарваць баявы дух сваіх ваяроў. Сучаснікі пісалі, што разам з вялікім гетманам памерла «вялікае шчасце Айчыны мілай». Дзяржава сапраўды развітвалася з адным з найвыдатнейшых палкаводцаў у сваёй гісторыі.

 

Падпісаны ў тым самым 1621 г. мір з Асманскай імперыяй пакінуў ранейшую мяжу нязменнай і вывеў Рэч Паспалітую з небяспечнай вайны.

Замірэнне з Швецыяй было падпісанае толькі праз восем гадоў. Рэч Паспалітая панесла значныя тэрытарыяльныя страты. У яе ўладанні засталася толькі паўднёва-ўсходняя частка Інфлянтаў.

Вайна 1600-1629 гг. пакінула ў нашай гісторыі бліскучыя перамогі, але аслабіла дзяржаву, якая сталася закладніцай амбіцыяў Жыгімонта Вазы ў барацьбе за шведскую карону.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1560-1621 гг. Жыццё і дзейнасць Яна Караля Хадкевіча.
    1600-1629 гг. Вайна Рэчы Паспалітай з Швецыяй.
    1605 г. Сойм прызначыў Я. Хадкевіча вялікім гетманам.
    27 верасня 1605 г. Перамога над арміяй Карла IX пад Кірхгольмам.
    Сакавік 1609 г. Разгром шведскага флоту пад Салісам.
    1620 г. Пачатак вайны з Турцыяй.
    Верасень 1621 г. Бітва пад Хацінам.

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012