Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг.

Маскоўскае нашэсце

У Маскве ўважліва сачылі за вайной з казакамі ў Беларусі і змаганнем Польшчы з войскам Хмяльніцкага ва Украіне. Цар пачаў разглядаць украінскага гетмана як хаўрусніка ў сваіх захопніцкіх планах. Казаччына знясільвала Рэч Паспалітую і стварала зручны момант для нападу. Пасля Пераяслаўскай Рады, якая ў студзені 1654 г. прыняла пастанову пра пераход Украіны «пад царскую руку», вайна зрабілася непазбежнай.

Увесну таго самага года на ўсходнія абшары нашай дзяржавы з Вялікіх Лукаў, Вязьмы і Бранска ўварваліся тры вялізныя расейскія арміі. На дапамогу ім з поўдня рушылі на Беларусь пасланыя Хмяльніцкім 20 тысяч казакоў гетмана Івана Залатарэнкі. Разам сілы захопнікаў складалі блізу 100 тысяч.

Масква прыкрывалася словамі пра абарону праваслаўных ад уціску «проклятых ляхов». Напачатку абяцанні цара Аляксея Міхайлавіча, што ён захавае правы і маёмасць беларускай шляхты і забяспечыць усім праваслаўным спакойнае жыццё, мелі на памежных з Расеяй землях даволі значны ўплыў.

Вялікае Княства Літоўскае, якое не паспела загаіць раны пасля нядаўняга ваеннага ліхалецця, было дрэнна падрыхтаванае да нападу з усходу. Апрача ўсяго дзяржава не мела вялікага гетмана: новы манарх Ян Казімір марудзіў з прызначэннем на гэтую пасаду Януша Радзівіла, перакананага прыхільніка незалежнасці Княства.

Нарэшце атрымаўшы гетманскую булаву, Радзівіл здолеў сабраць дзеля абароны краіны 10-тысячнае войска. Пад Шкловам ён выйграў вялікую бітву з непрыяцелем, страціўшы ўсяго 700 ваяроў, тым часам як маскоўцы - у дзесяць разоў болей. Але тая перамога не мяняла катастрафічнай сітуацыі.

За першыя месяцы вайны царскія стральцы і казакі занялі Полацак, Магілеў, Воршу, Шклоў, Крычаў ды дзясяткі іншых гарадоў і мястэчкаў Тыя, што адмаўляліся ад капітуляцыі, цар загадаў разбураць, а іх насельніцтва вынішчаць або выводзіць у палон. Не зважаючы на гэта, большасць гарадоў не пагаджаліся здавацца і ўпарта адбіваліся. Віцебск абараняла пераважна мяшчанства. Побач з ваярамі біліся на сценах жыхары Гомеля і Дуброўны. Тры месяцы трымалі аблогу смаленцы, паўтара года - жыхары Старога Быхава.

Захапіўшы Дуброўну, царскія стральцы спалілі горад, зраўнавалі яго валы, а ўсіх жыхароў забралі ў няволю. Найбольш страшны лёс напаткаў Амсціслаў. Там, як сведчаць расейскія гістарычныя дакументы, «шляхты, поляков, литвы и иных служилых людей побито больше десяти тысяч». Астатніх ваявода Трубяцкой вывеў у палон, папярэдне знішчыўшы места. У руіны ператварыліся Рэчыца, Жлобін, Рагачоў. У 1655 г. была ўзятая Вільня, дзе вусцішную разню ўчынілі казакі Залатарэнкі і стральцы ваяводы Чаркаскага. У кляштарах яны гвалцілі і забівалі манашак. Касцёл святога Міхала ўбачыў рабаванне магілы канцлера Льва Сапегі. «Вызваліцелі праваслаўных» пустошылі і палілі віленскія праваслаўныя храмы. Палова месцічаў загінула, астатнія пакінулі горад.

Ляхавічы. 1660 г.

Абарона Ляхавічаў. 1660 г. Тагачасная гравюра

Ужо на другі год вайны амаль уся Беларусь (з выняткам Берасцейшчыны і Панямоння) апынулася пад акупацыяй. Няскоранымі заставаліся некалькі фартэцаў, у тым ліку Стары Быхаў, Ляхавічы і Слуцак, якія плячо ў плячо баранілі праваслаўныя і уніяты, пратэстанты і каталікі. Адзінства жыхароў Вялікага Княства незалежна ад этнічнага паходжання і веравызнання было яскравай праяваю дзяржаўнага патрыятызму продкаў.

Народны супраціў

Першыя сялянскія і мяшчанскія аддзелы самаабароны, якія ахоўвалі вёскі ды мястэчкі, перашкаджаючы рабункам і вываду людзей у палон, узніклі ўжо на самым пачатку расейскага ўварвання. Найбольшы партызанскі рух разгарнуўся на Смаленшчыне, а таксама ў ваколіцах Полацка, Віцебска, Магілева і на Амсціслаўшчыне. У ліпені 1654 г., калі ваявода Трубяцкой узяў у аблогу Амсціслаў, 15-тысячнае царскае войска атакаваў аддзел з трох тысяч беларускіх сялянаў Калеснікаўскай воласці. Тады сама ў адкрыты бой з рэгулярнымі маскоўскімі сіламі няраз уступалі партызаны на Полаччыне. Узімку 1654/55 г., калі наш гетман Януш Радзівіл вёў паспяховае контрнаступленне, партызаны рабілі засады на дарогах, вынішчалі дробныя расейскія аддзелы, узялі ў палон некалькіх варожых ваяводаў. Поплеч з сялянамі, што складалі аснову супраціву, ваявала і шляхта, з асяроддзя якой выйшла бальшыня партызанскіх камандзіраў.

У 1657-1658 гг. народнае змаганне з захопнікамі пашырылася на Менскае і Наваградскае ваяводствы. Партызаны фактычна трымалі пад кантролем усю Магілеўшчыну. Імкненне вызваліцца ад захопнікаў і прынесеных імі азіяцкіх парадкаў ахапіла і беларускія гарады. Па іх пракацілася цэлая хваля антымаскоўскіх паўстанняў, найбуйнейшае з якіх выбухнула ў Магілёве. Ягоныя жыхары, што здалі горад расейскім стральцам без бою, не вытрымаўшы гвалту і бясконцага рабавання, 1 лютага 1661 г. выразалі ўвесь 7-тысячны царскі гарнізон. Тое самае адбылося ў Амсціславе, Шклове, Гомелі, Дзісне, Себежы, Старым Быхаве. Шырокі народна-вызвольны рух спрыяў пераходу войскаў Рэчы Паспалітай да наступальных дзеянняў.

Бітва пад Палонкай

Дзеля кіравання захопленымі землямі ў Маскве быў створаны Прыказ Вялікага Княства Літоўскага. Але Літва-Беларусь упарта не пагаджалася на ролю расейскай правінцыі.

Каб канчаткова падпарадкаваць няскораную краіну, увосень 1659 г. Аляксей Міхайлавіч паслаў сюды вялікую армію пад камандаю князя Івана Хаванскага. Як заўсёды, выкарыстоўваючы на нашым абшары тактыку выпаленай зямлі, царскія стральцы дайшлі да Горадні і захапілі Берасце.

Аднак пасля падпісання ў 1660 г. міру з Швецыяй на акупантаў рушылі занятыя раней у вайне на поўначы харугвы Вялікага Княства на чале з гетманам Паўлам Янам Сапегам. Пад рукой у яго было 8 тысяч ваяроў. На дапамогу Сапегу прывёў 4-тысячную польскую дывізію Стэфан Чарнецкі. Злучанае ліцьвінска-польскае войска вызваліла Слонім і пайшло на дапамогу абаронцам Ляхавіцкага замка, які трымаў у аблозе Хаванскі. Бітва з галоўнымі сіламі маскоўскага ваяводы адбылася 25 чэрвеня 1660 г. каля мястэчка Палонка паміж Слонімам і Ляхавічамі.

На правым крыле непрыяцельскай арміі стаяла конніца самога Хаванскага, на левым - князя Шчарбатага, пасярэдзіне - пяхота і конныя нямецкія найміты-райтары. У цэнтры нашага войска заняла пазіцыі дывізія Чарнецкага, на флангах - харугвы Сапегі, А. Палубінскага і С. Кміціча. Расейцы мелі больш за 20 тысяч ратнікаў, па двое на кожнага нашага ваяра.

Кавалерыйскай атакай бітву пачаў Хаванскі, але контратака гусараў Рэчы Паспалітай атрымалася такой імклівай, што варожая пяхота, якая стаяла перад пераправай цераз рэчку Палонку, паспела зрабіць толькі адзін залп, а потым была пасечаная і патопленая. Вырваўшыся на другі бераг, нашыя жаўнеры мелі выбар: загінуць або перамагчы.

Ваявода Хаванскі даў загад уступіць у бой сваім найлепшым баярскім палкам і нямецкай кавалерыі. Нейкі час зыход гарачай сечы заставаўся няясным, але жаўнерам гетмана Сапегі дадавала моцы прага помсты за ранейшыя паразы і паняволеную Айчыну... У бітве пад Палонкай загінула 16 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром галоўнай царскай арміі, што тады дзейнічала ў Вялікім Княстве. Перамога засведчыла пераход стратэгічнай ініцыятывы да войска Рэчы Паспалітай.

Працягам гэтай перамогі стаўся яшчэ адзін разгром князя Хаванскага ў 1661 г. пад Кушлікамі паблізу Полацка. Неўзабаве была адваяваная Вільня. Ход вайны карэнным чынам змяніўся, бо з'явілася магчымасць перанесці ваенныя дзеянні на тэрыторыю Маскоўскай дзяржавы.

Андрусаўскае перамір'е

Дзве знясіленыя вайной краіны пачалі перамовы, якія завяршыліся падпісаннем у вёсцы Андрусава пад Смаленскам замірэння на трынаццаць з паловай гадоў. Да Масквы адыходзілі ўсходнебеларускія землі - Смаленшчына і заходняя Браншчына. Аднак захопленыя паўночныя абшары і Інфлянты вярталіся Вялікаму Княству. Расеі не ўдалося дасягнуць асноўнай мэты - знішчэння нашай дзяржавы.

Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага паменшылася з 370 да 312 тыс. км². Праз пяць гадоў маскоўскі ўрад перадаў Вільні беларускія Невель, Себеж і Вяліж, пасля чаго мяжа паміж Расейскай дзяржавай і Вялікім Княствам заставалася амаль нязменнай да канца XVIII ст.

Андрусаўская дамова давала палонным права вярнуцца на радзіму аднак яго атрымалі толькі святары, шляхта, жаўнеры, татары ды габраі, прычым далёка не ўсе змаглі ім пакарыстацца. Ліцьвінскую шляхту высылалі служыць у сібірскія астрогі за тысячы кіламетраў ад дому. Большасць гарадоў і мястэчкаў былі, як тады казалі, «абернутыя ў нівеч», гэта значыць ператвораныя ў папялішчы. У Полацку з 1500 даваенных «дымоў» засталося 102 (страты -93%), у Віцебску гэтыя лічбы складалі адпаведна 981 і 56 (95%). Тысячы беларускіх майстроў мусілі аздабляць царскія палацы і множыць багацце расейскай знаці. У нашых жа гарадах рамесная вытворчасць больш ніколі не ўзнялася да ранейшага роўню. Глыбокі заняпад перажывала сельская гаспадарка. 3 галоўнага экспарцёра збожжа ў Еўропе Вялікае Княства пасля вайны ператварылася ў краіну, якая з цяжкасцю забяспечвала ўласныя патрэбы.

Вялікае Княства выйшла з той вайны з катастрафічнымі стратамі. Насельніцтва беларускіх земляў зменшылася больш чым напалову: з 2,9 мільёна чалавек у 1648 г. да 1 мільёна 350 тысяч - у 1667-м. Загінуў або пад прымусам пакінуў Бацькаўшчыну кожны другі. У Полацкім, Віцебскім і Амсціслаўскім ваяводствах, якія найдаўжэй знаходзіліся пад акупацыяй, не ацалела і траціны насельніцтва. У ваяводскім Менску засталося ўсяго 170 жыхароў. Пад час той вайны Вялікае Княства Літоўскае страціла і заморскія ўладанні: Гамбію ў Афрыцы і востраў Табага ў Вест-Індыі, якімі разам з Польскай Каронай валодала праз агульнага васала - Курляндскае і Земгальскае герцагства. Даваеннай колькасці насельніцтва Беларусь дасягнула толькі праз стагоддзе, але страты ў вышэйшых пластах ліцьвінскага грамадства - шляхце і мяшчанстве, якія пацярпелі найбольш, так і не ўдалося аднавіць. Гаспадарчы заняпад і аслабленне міжнароднага становішча Вялікага Княства і Польшчы былі галоўнымі прычынамі таго, што Ян Казімір Ваза ў 1668 г. зрокся пасаду і назаўсёды пакінуў Рэч Паспалітую.

    ХРАНАЛОГІЯ
    1648-1668 гг. Уладаранне вялікага князя і караля Яна Казіміра Вазы.
    1654-1667 гг. Вайна Расеі з Рэччу Паспалітай.
    12 жніўня 1655 г. Кейданская дамова пра вунію Вялікага Княства Літоўскага з Швецыяй.
    25 чэрвеня 1660 г. Разгром царскіх войскаў пал Палонкай.
    1 лютага 1661 г. Магілеўскае паўстанне супраць расейскіх захопнікаў.
    2 снежня 1661 г. Вызваленне Вільні.
    1667 г. Андрусаўскае перамір'е

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012