Змены у становішчы жыхароў Беларусі пасля далучэння да Расійскай імперыі

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

казино вулкан онлайн уже успел заслужить большую популярность среди многих игроков

Праваслаўныя. Расійская імперыя заваёўвала Вялікае Княства Літоўскае пад выглядам абароны правоў дысідэнтаў, ці праваслаўных вернікаў, якіх у канцы XVIII ст. налічвалася каля 6% ад усяго насельніцтва. Але ніякіх рэальных выгодаў ад праваслаўнай Расіі яны не атрымалі. Пагроза ж прымусовага пераводу праваслаўных у каталіцызм і уніяцтва практычна знікла яшчэ ў 1768 г., калі была прынятая пастанова сейма Рэчы Паспалітай аб праве на свабоду веравызнання.

Каталікі. Становішча каталіцкай царквы ў складзе Расіі істотна не змянілася. Каталікам, якія складалі каля 25% насельніцтва Беларускага краю, дазвалялася свабодна выконваць свае абрады. За касцёламі і кляштарамі пакідалася іх маёмасць. У 1774 г. імператрыца дазволіла заснаваць Беларускую каталіцкую дыяцэзію. Нават ордэн езуітаў, што быў скасаваны ў Рэчы Паспалітай, па-ранейшаму дзейнічаў на захопленых у 1772 г. Расіяй землях. Гэта выкарысталі амерыканскія езуіты. Каб уратаваць свой ордэн і абысці папскую забарону, яны адміністрацыйна далучыліся ў 1805 г. да беларускіх езуітаў. Іхняя юрысдыкцыя ў ЗША атрымала назву “Беларуская правінцыя” (1805—1914). Пецярбург не чыніў перашкодаў каталіцызму, бо яго спавядалі вярхі мясцовага грамадства. Праўда, Кацярына II заахвочвала каталіцкую шляхту да пераходу ў праваслаўе, але поспеху не мела.

Уніяты. Зусім па-іншаму царскі ўрад ставіўся да уніяцкай веры, да якой належала каля 70% насельніцтва, пераважна сялянства. Ен лічыў уніятаў ахвярамі каталіцкай экспансіі. У 1794 г. Кацярына II выдала ўказ аб пераводзе ўсіх уніятаў у праваслаўе. Пры гэтым царская адміністрацыя дзейнічала без асаблівых цырымоніяў. Людзей збіралі ў храме і, калі не сустракалі асаблівага супраціўлення, цэлымі прыходамі перапісвалі ў праваслаўную веру. Калі ж абураны натоўп выганяў “духоўных місіянераў”, прыход заставаўся пры уніяцкім абрадзе. Такім “добраахвотным” чынам пры Кацярыне II у праваслаўе “запісалася” каля 600 тыс. уніятаў. Значная частка іх у адказ на ўрадавы прымус пераходзіла ў рымска-каталіцкае веравызнанне. На Міншчыне так зрабіла 200 тыс. уніятаў (1795). Астатнія былі падпарадкаваныя Беларускай уніяцкай епархіі (1783), якая стала падуладная ўжо не каталіцкаму, а праваслаўнаму вышэйшаму духавенству. За Паўлам I гвалт з уніятаў прыпыніўся. Імператар адмяніў указ 1794 г., і уніяты былі вернутыя пад уладу каталіцкай іерархіі. Пачаліся пераходы з праваслаўя ва уніяцтва, а уніяты пераходзілі потым у каталіцызм, хаваючыся ад праваслаўнага самаўладдзя. Гэтаму спрыялі ксяндзы ды асобныя землеўладальнікі каталіцкай веры.

Шляхта. Літоўска-беларуская шляхта атрымала ўсе тыя правы, што і рускае дваранства. Захапіўшы Вялікае Княства Літоўскае, Кацярына II фактычна выратавала закаранелых прыгоннікаў ад пагрозы вызвалення сялянаў, да якога імкнуліся ліберальна настроеныя землеўладальнікі былой Рэчы Паспалітай. Больш за тое, дробная і сярэдняя шляхта набыла нават нечаканую для сябе магчымасць узмацніць уладу над сялянамі, абапіраючыся на падтрымку расійскага войска. У беларускай шляхты з’явілася права прадаваць сваіх прыгонных сялянаў без зямлі, чаго яна раней не магла. Кацярына II пакінула за мясцовымі землеўладальнікамі права на броварскі промысел, хоць гэта і супярэчыла расійскім парадкам, згодна з якімі броварства знаходзілася ў руках дзяржавы і прыносіла ёй вялікія прыбыткі. Попыт рускага войска на стратэгічныя тавары актывізаваў абшарніцкае прадпрымальніцтва. У Беларусі існаваў цэлы пласт дробнай шляхты, малазямельнай і нават беззямельнай. Маючы больш гонару, чым багацця, такая шляхта кармілася ля магнацкіх двароў (арандавала зямлю, служыла), а за тое ўсяляк падтрымлівала сваіх апекуноў, але звычайна варожа ставілася да расійскай адміністрацыі. Незадаволеная абмежаваннямі станавых прывілеяў, беларуская шляхта ўжо з вясны 1796 г. рыхтавала паўстанне, гуртуючыся вакол Віленскай асацыяцыі, але ўвосень 1797 г. была выкрытая царскім урадам. Першая палітычная акцыя за ўзнаўленне унітарнай Рэчы Паспалітай (згодна з канстытуцыяй 3 мая 1791 г.) не ўдалася. Гэтая акалічнасць, зразумела, не дадала царызму веры ў адданасць тутэйшай шляхты. Яе ўдзельная вага, з улікам дробнай, даходзіла ў канцы XVIII ст. да 12% усяго насельніцтва Беларусі. Каб неяк нейтралізаваць шляхецкую варожасць, Аляксандр I распачаў так званы разбор шляхты. Яна павінна была дакументальна пацвердзіць свае шляхецкія правы, запісаныя ў прывілеях ці граматах літоўскіх князёў і польскіх каралёў. У іншым выпадку ёй прапаноўвалася запісацца па выбары ў адзін з падатковых станаў - сялянаў або мяшчанаў. Але гэтая кампанія зацягнулася на дзесяцігоддзі. Шляхта моцна трымалася за сваю выключнасць, традыцыі, а ў размовах з сялянамі не цуралася і беларускай мовы; значная частка дробнай шляхты ўвогуле ўвесь час карысталася беларускай мовай. Гэта дапамагала ёй супрацьстаяць царскай русіфікацыі і ўрэшце далучыцца да беларускага руху.

Сялянства. Ва ўсходняй Беларусі дзяржаўныя сяляне на год ці два вызваляліся расійскай імператрыцай ад дзяржаўных падаткаў. 3 1779 г. іх пераводзілі з паншчыны на грашовы аброк пры ўмове пераходу з уніяцтва ў праваслаўе. Але гэтыя захады нічога не давалі ні ім, ні панскім прыгонным і ўсім тым сялянам, якія падпалі пад уладу Расіі пазней, у 90-х гадах XVIII ст. Іх гаспадарка цярпела ад зацяглай расійскай інтэрвенцыі 1772—1795 гт. Падатковае абкладанне ў беларускіх губернях да 1811 г. было ў 4-5 разоў вышэйшае, чым у рускіх. Замест падымнага падатку ўводзіўся падушны. Каб атрымаць больш прадукцыі на продаж ваенным інтэндантам і за мяжу, землеўладальнікі пачалі зноў пераводзіць прыгонных з аброку на ненавісную ім паншчыну. Яна зрабілася асноўнай павіннасцю беларускіх сялянаў. На панскіх палетках працаваць даводзілася па шэсць дзён на тыдні, а то і ў нядзелю. Ні ў адной рускай губерні паншчына не была так пашыраная, як у Беларусі. На сялянаў навалілася яшчэ і рэкруцкая павіннасць. Царскі ўрад на 25 год забіраў ад матак і маладух найлепшых сялянскіх юнакоў у салдаты. Раней, у Вялікім Княстве Літоўскім, сяляне такой павіннасці не ведалі ўвогуле. Войска там было наёмнае, прафесійнае. Расійская ўлада адразу запрыгоніла былых вольных людзей (баяраў, зямянаў і інш.). Становішча вёскі было невыноснае - і яна адказала на ўзрослы ўціск антыпамешчыцкімі бунтамі ўжо на другі год (1796) пасля канчатковага захопу Вялікага Княства Літоўскага. Сялянскі рух удалося спыніць з дапамогай войска толькі ў сярэдзіне 1797 года. Вяскоўцы ўцякалі з праваслаўнай Расіі-“выратавальніцы” на Беласточчыну пад уладу пратэстанцкай Прусіі.

Гараджане. Жыхары гарадоў Беларусі заставаліся вольнымі ад прыгону і ў Расіі. У адрозненне ад рускіх губерняў, меліся яшччэ і мястэчкі - паселішчы пераходнага стану паміж вёскай і горадам. Яны (і нават некаторыя гарады) належалі магнатам, бо размяшчаліся на іх землях. Царскі ўрад доўга не мог вырашыць, куды аднесці гэтыя мястэчкі - да паселішчаў гарадскіх ці сельскіх. Карыстаючыся гэтым, магнаты тую частку мястэчак, дзе жылі вольныя мяшчане-хлебаробы, аб’яўлялі вёскамі, а пераважна хрысціянскае іх насельніцтва і пераводзілі ў разрад прыгонных сялянаў. У “рэфармаваных” мястэчках заставалася практычна толькі яўрэйскае насельніцтва. Абапіраючыся на царскую ўладу, вотчыннікі абкладалі местачковых іудзеяў усё новымі і новымі паборамі, бо запрыгоньваць яўрэяў у Расіі забаранялася па прыкладзе Вялікага Княства Літоўскага, дзе яны складалі самастойны стан. Насельніцтва прыватнаўласніцкіх мястэчак і гарадоў пазбавілася ў Расійскай імперыі ад юрыдычнага падпарадкавання магнатам. Яно падлягала грамадска-дзяржаўнаму суду. I ў той жа час гараджане страцілі ў Расіі самакіраванне, якое давала ім Магдэбургскае права, вельмі пашыранае ў гарадах Вялікага Княства Літоўскага, але невядомае ў царскай імперыі. Гарадскія думы рускага ўзору, якія выбіраліся ўзамен магістратаў, дый пакінутыя ў асобных месцах магістраты былі цалкам падпарадкаваныя царскай адміністрацыі. Ваенныя мерапрыемствы царызму далі штуршок не толькі шляхецкаму, але і купецкаму прадпрымальніцтву ў Беларусі. Аднак гандлёва-прамысловая дзейнасць ускладнялася ў Расіі вялікім падатковым абкладаннем і дыскрымінацыяй. 3 іудзейскіх гандляроў і рамеснікаў браліся ўдвая большыя падаткі, чым з хрысціянскіх прадпрымальнікаў. У 1786 г. яўрэям быў забаронены броварны промысел у гарадах. А з 1794 г. царскі ўказ уводзіў для іх мяжу аседласці, якая прыкладна супадала з межамі былога Вялікага Княства Літоўскага. Унутраныя рускія губерні адгароджваліся такім чынам ад непажаданай канкурэнцыі ўвішных яўрэйскіх гандляроў і прамыслоўцаў. Царскі ўрад захаваў кагалы (вельмі кансерватыўныя органы яўрэйскага самакіравання), бо яны забяспечвалі кругавую адказнасць за збор падаткаў. Кагальныя парадкі спрыялі пашырэнню на беларускіх землях яўрэйскага фундаменталізму (хасідызму), супраць якога актыўна выступалі прадстаўнікі асветніцкай плыні - гаскала.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.