Другі падзел Рэчы Паспалітай (1793)

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

На ресурсе http://www.zolushka-cleans.ru/ клининг офисов в Зеленограде.

3 траўня 1791 г. бальшыня дэпутатаў Сойма аддала свае галасы за першую ў Еўропе і другую ў свеце (пасля Злучаных Штатаў Амерыкі) Канстытуцыю. Бальшыня «палітычнага народа» Вялікага Княства Літоўскага таксама падтрымала прынятую Соймам Канстытуцыю. Узімку 1792 г. усе 11 яе артыкулаў былі ўхваленыя на 32 з 34 павятовых соймікаў. Але супраць рэформаў Чатырохгадовага сойму выступілі кансерватыўныя колы магнатаў і шляхты, незадаволеныя ўмацаваннем цэнтральнай улады.

Санкт-Пецярбург запатрабаваў ад урада Рэчы Паспалітай скасаваць Канстытуцыю. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі звярнуўся па падтрымку да прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II, з якім у 1790 г. падпісаў абарончую дамову. Аднак той пакінуў нашую дзяржаву ў адзіноце, бо ўжо меў таемнае пагадненне з Расеяй пра новы падзел нядаўняй хаўрусніцы.

Для інтэрвенцыі была падрыхтаваная 160-тысячная расійская армія. Утварэнне Таргавіцкай (ад назову мястэчка Таргавіцы на Украіне) канфедэрацыі незадаволеных рэвалюцыйнымі перамена-мі ў дзяржаве дало падставу для расейскага ўварвання. Злучыўшыся з канфедэратамі, велізарнае расейскае войска перамагло аддзелы патрыётаў і ўлетку 1792 г. заняло тэрыторыю Княства. Сучаснік тых падзеяў пісаў: «Увесь край, дзе вялася вайна, ад маскоўцаў і сваіх стаў дашчэнту спустошаны, так што засталіся нам толькі неба і зямля». Кароль Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Канстытуцыя і рэформы Вялікага сойму скасоўваліся.

У Горадні быў скліканы Сойм Рэчы Паспалітай. Ён не адлюстроўваў сапраўдных настрояў у дзяржаве, бо патрыятычныя сілы абвясцілі яму байкот. Месца паседжанняў абкружылі расейскія войскі. Упартых дэпутатаў-незалежнікаў арыштавалі, астатнія, запалоханыя і падкупленыя, галасавалі так, як загадваў расейскі пасол. Сойм, якому наканавана было стаць апошнім у гісгорыі дзяржавы, узаконіў чарговы захоп земляў і афіцыйна скасаваў Канстытуцыю 1791 г. Цяпер урад Рэчы Паспалітай мог мець усяго 15-тысячную армію і канчаткова страціў магчымасць весці самастойную палітыку.

 

На пачатку 1793 г. на тэрыторыю Рэчы Паспалітай увайшла пруская армія. 23 студзеня Расея і Прусія падпісалі акт аб другім падзеле нашай дзяржавы. Царская імперыя далучыла цэнтральныя беларускія землі прыкладна па лініі Друя-Пінск, а таксама ўсходнюю Валынь, Кіеўскае і Брацлаўскае ваяводствы на Украіне - разам 250 тысяч квадратных кіламетраў.

У зняважанай, разарванай на часткі краіне выспяваў пратэст.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    5 жніўня 1772 г. Першы падзел Рэчы Паспалітай.
    27 красавіка 1792 г. Стварэнне Таргавіцкай канфедэрацыі магнатаў і шляхты, незадаволеных пастановамі Чатырохгадовага сойму.
    Травень 1792 г. Пачатак інтэрвенцыі Расеі на тэрыторыю Вялікага Княства.
    23 студзеня 1793 г. Другі падзел Рэчы Паспалітай.
    Лістапад 1793 г. Апошні Сойм Рэчы Паспалітай прызнаў новыя межы.

 

© У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012