Русь, русіны, ліцьвіны

Пасля ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага нашыя продкі нейкі час яшчэ працягвалі традыцыйна называць сябе па найменні колішніх дзяржаваў-земляў – «палачане», «віцябляне», «случане». Аднак у свядомасці і ў пісьмовых крыніцах пачалі сцвярджацца новыя назовы, якія адлюстроўвалі жыццё ў агульнай дзяржаве.

Доўгі час існавалі дзве асноўныя формы самаазначэння нашых продкаў: «Русь» («русіны») і «Літва» («ліцьвіны»). Жыхары Падзвіння і Падняпроўя часцей былі вядомыя як русіны, «рускія». (Як «Рускі» згадваецца заснаваны палачанамі ў Рызе гандлёвы двор.) Насельніцтва заходніх абшараў Княства называлася «ліцьвінамі», а часам і «літоўцамі».

Найменні «русін» і «ліцьвін» не заўсёды адпавядалі і падзелу паводле веравызнання, бо і ў XVI ст. большасць насельніцтва беларускіх земляў складалі праваслаўныя.

Ліцьвінскі ваяр і шляхцянка. Гравюры 1590 г.

У тагачасных дзяржаўных і прыватных паперах шмат разоў сустракаюцца такія азначэнні, як «рускія рымскае веры» або «ліцьвіны грэцкага закону», «ліцьвіны рускага роду»Францішак Скарына ў залежнасці ад месцазнаходжання менаваў сябе то палачанінам, то русінам, то ліцьвіном.

Паступова назоў «ліцьвіны» пашырыўся на ўсіх жыхароў-славянаў Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад іх паходжання і рэлігіі. У гэтым продкі выяўлялі адчуванне свайго адзінства і дзяржаўны патрыятызм.

Найменне «ліцьвін» больш за стагоддзе захоўвалася і пасля захопу Вялікага Княства Расейскай імперыяй.

«Нарадзіўся я ліцьвінам», – пісаў наш славуты суайчыннік Тадэвуш Касцюшка. Ліцьвінамі лічылі сябе беларус па бацьку Адам Міцкевіч і першы прафесійны беларускі пісьменнік новага часу Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

Дзясяткі тысяч беларусаў маюць сёння прозвішчы з коранем ‘літв’ (‘ліцьв’): Літвін (Ліцьвін), Літвіновіч (Ліцьвіновіч), Літвінка (Ліцьвінка), Літвіненка (Ліцьвіненка), Літвіненя (Ліцьвіненя), Літвінёнак (Ліцьвінёнак), Літвінаў (Ліцьвінаў), Літвінчык (Ліцьвінчык), Літвінюк (Ліцьвінюк), Літвінчук (Ліцьвінчук), Літвінскі (Ліцьвінскі), Літоўчанка, Ліцьвінец… На беларускім Палессі нават цяпер жыхары шмат якіх вёсак называюць сябе ліцьвінамі. Вядомыя выпадкі, калі пад час перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь ужо пры канцы XX ст. некаторыя нашы суайчыннікі ў афіцыйных дакументах вызначалі сваю нацыянальнасць як ліцьвін.

Жыхароў Літвы-Беларусі ўсходнія суседзі заўсёды ўспрымалі як іншаземцаў. Праваслаўных «літоўскіх» паслоў не пускалі ў цэрквы, а палонных хрысціянаў усходняга абраду прымушалі браць «сапраўднае» хрышчэнне.

У сваю чаргу ліцьвіны ніколі не ўжывалі свае даўнія найменні «русь» і «русіны» ў дачыненні да жыхароў Масковіі, якія былі для нашых продкаў «маскавітамі», «маскоўцамі», а пазней «маскалямі». Гуманіст XVI ст. Сымон Будны пісаў пра славянскія народы так: «Русіны, маскавіты, сербы ды іншыя славяне».

Паводле назову дзяржавы жыхароў Вялікага Княства Літоўскага менавалі ліцьвінамі або літоўцамі і ў краінах-суседзях. У Масковіі «ліцьвінамі» былі полацкія і менскія купцы, Францішак Скарына і Пётра Мсціславец. Войска, што няраз прыходзіла пад сцены Масквы і амаль цалкам складалася з беларусаў, маскоўскія летапісы таксама называлі «літоўскім». (Гэта паўтараюць сучасныя расейскія гісторыкі, бяздумна, а часцей наўмысна ўкладаючы ў гэтае слова зусім іншы сэнс.)
«Русь» і «Расея» – гэта розныя паняцці, якія мелі дачыненне да розных тэрыторыяў і розных дзяржаўных утварэнняў у розны час. Аднак атрымалася так, што назоў «Русь» быў манапалізаваны Расеяй, што і цяпер выкарыстоўваецца ў імперскіх мэтах.

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии