Літоўская Метрыка

Літоўская метрыка (канцылярская кніга) — скарочаная назва Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, збору “сшыткаў і кніг” вялікакняскай канцылярыі ХV-ХVІІІ стагоддзяў, з копіямі дакументаў, што выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Паноў-Рады і соймаў. Дакументы падлягалі захаванню, неабмежаванаму ў часе. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія і абласныя прывілеі, прывілеі гарадам і асобным групам насельніцтва, прывілеі на валоданне маёнткамі і розныя фінансавыя льготы. Значнае месца займаюць судовыя дэкрэты, што разглядаліся вялікакняжацкім судом. У пасольскіх кнігах размешчаны матэрыялы знешняй палітыкі – дагаворы, інструкцыі паслам, перапіска з іншымі дзяржавамі і інш.
Метрыка стала асновай вялікакняжацкага, а пазней галоўнага дзяржаўнага архіва і выконвала юрыдычна-рэгістрацыйныя функцыі. На аснове матэрыялаў Метрыкі згодна з адпаведнымi запытам выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Асноўная частка дакументаў ад ХV да пачатку ХVІІ стагоддзя складзена на беларускай мове, а пазней на польскай і лацінскай мовах.

Старонка метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Старабеларуская мова

Сшыткі і кнігі Метрыкі вяліся з сярэдзіны XVI і да пачатку ХVІ стагоддзя. Яны зберагаліся ў Троцкім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў вялікакняжацкім скарбе ў Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 года падканцлер Вялікага Княства Літоўскага. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка падзялілася на вялікую і меншую. Частае выкарыстанне дакументаў ужо да канца ХVІ стагоддзя значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Льва Сапегі ў 1594-1607 гадах старыя кнігі былі перапісаны, але ў ХVІІ стагоддзі яны амаль усе загінулі (пад час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гадоў.).Новыя кнігі разам з пазнейшымі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў ХVII-XVIII стагоддзях, яны і склалі аснову сучасных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя архіў ВКЛ быў перавезены ў Варшаву, а пасля задушэння паўстання 1794 года — у Санкт-Пецярбург, і большая яго частка перададзена ў Сенат Расійскай імперыі. У 1887-1888 гадах матэрыялы Метрыкі былі пераведзены ў маскоўскі архіў Міністэрства юстыцыі і цяпер захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі). У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ёсць іх мікракопіі. Некаторыя дакументы з складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве, Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У.І. Вернандскага ў Кіеве і некаторых іншых зборах.

Дакументамі Метрыкі карысталіся і карыстаюцца для сваіх работ гісторыкі пачынаючы з ХІ стагоддзя. Шмат матэрыялаў з яе апублікавана ў розных зборах дакументаў ХІХ-ХХ стагоддзяў. Шматтомная публікацыя Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага ажыццяўляецца з 1987 года археографамі Польшчы, а з 2000 года археографамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. За апошнія гады апублікаваны і матэрыялы Метрыкі ў Літве ў перакладзе на літоўскую мову (дакументы Метрыкі на літоўскай мове ня вяліся).

© Анатоль Грыцкевіч

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии