Магдэбурскае права

Месты і мястэчкі

Гістарычныя дакументы сведчаць, што пры канцы XVI ст. у Вялікім Княстве было 530 гарадоў (якія тады называлі местамі) і мястэчак. Іх жыхары складалі ўсяго 15-20% насельніцтва краіны, але адыгрывалі ведьмі значную ролю.

Вялікія князі заўсёды ўлічвалі ўплыў буйных гарадоў як даўніх палітычных і эканамічных цэнтраў сваіх земляў. Дэлегацыі Полацка і Віцебска, да прыкладу, разам з Гедзімінам у 1338 г. бралі ўдзел у падпісанні гандлёвага пагаднення з Тэўтонскім ордэнам. Пасланцы Полацка, Вільні, Віцебска, Менска, Наваградка, Берасця і Смаленска падпісалі супольна з баярамі дамову паміж Ордэнам і вялікім князем Свідрыгайлам.

Гарадскія паселішчы былі звычайна не надта вялікія і мелі дзве-тры тысячы жыхароў. Але існавалі і значныя гарады з больш чым 10-тысячным насельніцтвам - Магілеў, Віцебск, Берасце, Менск, Пінск. Да сярэдзіны XVI ст., калі пачалася Інфлянцкая Свойская) вайна, самым буйным у дзяржаве быў Полацак, які і колькасцю жыхарства, і багаццем перасягау сталічную Вільню. Некаторыя дакументы сцвярджаюць, што колішняя сталіца Полацкага княства мела каля 100 тысяч насельнікаў.

У гарадах жылі пераважна рамеснікі і купцы, а таксама шляхта з прыслугаю. Гараджанаў называлі месцічамі, або мяшчанамі, ад слова «места», што ў тагачаснай беларускай мове азначала «горад». Насельніцтва нашых вялікіх гарадоў здаўна было шматэтнічным. У Полацку знаходзілася цэлая факторыя Ганзейскага гандлёвага хаўрусу нямецкіх гарадоў. Нямецкія супольні існавалі ў Берасці і Горадні. Ад часоў Вітаўта ў беларускіх местах сяліліся таксама габрэі, татары, палякі.

Мяшчане часта цярпелі ад самавольства вялікакняскіх намеснікаў і імкнуліся мець сваю незалежную ўладу. Гаспадары дзяржавы таксама былі зацікаўленыя ў надзяленні гарадоў самастойнымі правамі, каб спрыяць іх гандлёва-рамеснаму развіццю і прывабіць туды новае насельніцтва. Магчымасці для стварэння ўласнага кіравання давала гораду магдэбургскае права.

Магдэбургскае (майдэборскае) права, або права горада на самакіраванне, упершыню ўзнікла пры канцы XIII ст. у нямецкім горадзе Магдэбурзе, адкуль хутка пашырылася па Еўропе.

Гарадское самакіраванне

У нашай дзяржаве граматы (прывілеі) на магдэбургскае права выдавалі местам вялікія князі. Першай у 1387 г. такі прывілей атрымала Вільня, а следам за ёю, у 1390 і 1391 гг., - Берасце і Горадня. У грамаце на самакіраванне Полацку (1498 г.) гаспадар Аляксандр дакляраваў, што надзяляе горад правамі «на вечныя часы, каб людзі нашы, там жывучы, праз урад добры і справядлівы былі размножаныя».

Дадзены ў 1499 г. прывілей на магдэбургскае права Менску прадугледжваў, што месцічы могуць судзіцца толькі сваім судом, падаваць скаргі непасрэдна вялікаму князю і выбіраць уласнае кіраўніцтва. Менчукі не толькі вызваляліся ад шэрагу ранейшых павіннасцяў, але атрымлівалі права мець важніцу з капніцай (памяшканні, дзе ўзважвалі тавар і тапілі воск) і лазню, даходы ад якіх ішлі ў гарадскі скарб. Жыхары места Менскага маглі секчы дрэвы (на будоўлю і апал) у дзяржаўных лясах і пушчах.

Жыхарам дазвалялася будаваць «клеці хлебныя», «камору пастрыгальную» і млын. Прывілей даваў права на свой гарадскі сцяг-харугву.

Магдэбургскае права мела большасць беларускіх гарадоў і мястэчкаў. Яно вызваляла жыхароў ад удады і суда намеснікаў, ваяводаў, старастаў ды іншых дзяржаўных асобаў. Мяшчане пазбаўляліся ад цяжкіх феадальных павіннасцяў у тым ліку ад талок і «гвалтаў» (збораў на агульную працу), ад фурманкавай павіннасці (выдзялення фурманак), утрымання ганцоў і паслоў, неабходнасці выстаўляць варту - «старожу» на замках. Цяпер гараджане ахоўвалі толькі муры і брамы самога места.

Насельніцтва «вольных» гарадоў атрымлівала права гандляваць у дзяржаве без мытных падаткаў, збіраць прыбытак ад гарадскіх мераў вагаў і крамаў, будаваць грамадскія будынкі і нават бровары. Мяшчане набывалі ў наваколлі значныя зямельныя абшары. Буйныя гарады будавалі для замежных купцоў адмысловыя гасціныя двары.

Абавязкі местаў з магдэбургскім правам зводзіліся да выплаты ў дзяржаўны скарб фіксаванага падатку, «чыншу карчомнага» і «сярэбшчыны» (надзвычайнага падатку на ваенныя мэты).

Магістрат

Местам кіраваў выбарны магістрат, які складаўся з дзвюх «палатаў» - рады і лавы. Рада займалася маёмаснымі і цывільнымі справамі мяшчанаў. Лава разглядала крымінальныя злачынствы.

У раду штогод на агульных выбарах горад абіраў радцаў (райцаў), у лаву - лаўнікаў. Калі насельніцтва належала да розных веравызнанняў, рада выбіралася на парытэтных асновах: палову месцаў мелі праваслаўныя, палову - каталікі. Да прыкладу, у прывілеі, дадзеным Вільні, адзначалася, што «палавіца тае рады закону Рымскага, а палавіца закону Грэцкага, так як або-двум права Магдэбургскае дано».

Раду ўзначальвалі выбарныя бурмістры, а лаваю кіраваў прысланы вялікім князем або прызначаны ўладальнікам горада войт. Але ў Воршы, Мазыры, Нясвіжы і ў некаторых іншых гарадах войта выбіралі самі месцічы. Паводле звычаю войт прысягаў на крыжы, што будзе верна служыць месту. Колькасны склад магістрата залежаў ад насельніцтва места: Полацак абіраў 24 радцы, Менск -12, Наваградак - 6.

Беларускія месты не проста механічна пераймалі заходнееўрапейскія нормы самакіравання, але дастасоўвалі іх да мясцовых асаблівасцяў і традыцыяў. Апрача магістрата судовыя справы ў Слуцку, Слоніме ды некаторых іншых гарадах разбіраў яшчэ і традыцыйны копны суд.

У Полацку, Воршы, Віцебску, Амсціславе і Крычаве ў магдэбургскія органы ўвайшла вядомая ад вечавых часоў пасада сотніка.

Гарадскія ўлады не цырымоніліся з парушальнікамі. Напрыклад, месціч, які на людзях зняважыў бурмістра, пастановаю рады мог быць не толькі пазбаўлены на нейкі час права займацца рамяством, але й публічна пакараны бізуном на гарадскім пляцы.
Для паседжанняў магістрата будаваліся адмысловыя будынкі - ратушы (майдэборыі), якія разам з гербамі таксама былі своеасаблівымі сімваламі гарадской «вольнасці». У ратушы знаходзіліся канцылярыя, скарб і архіў, захоўваліся граматы з дадзенымі месту прывілеямі. Магістрат збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках, бараніў інтарэсы сваіх гандляроў і рамеснікаў, падтрымліваў у месце надежны парадак.

    Атрыманне беларускімі гарадамі і мястэчкамі магдэбургскага права і гербаў
    1387 Вільня
    1390 Берасце (Брэст)
    1391 Горадня (Гродна)
    1441 Слуцак
    1444 Трокі
    1498 Полацак
    1499 Менск
    1500 Браслаў
    1503 Ваўкавыск, Каменец
    1511 Наваградак, Рэчыца
    1531 Слонім
    1560 Гомель
    1563 Барысаў
    1577 Магілеў, Мазыр
    1581 Пінск
    1586 Нясвіж
    1590 Ліда, Любча, Пружаны
    1597 Віцебск
    1611 Смаленск
    1613 Горкі, Жыровічы
    1620 Ворша, Друя
    1633 Крычаў, Лагішын
    1652 Капыль, Клецак

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012