Нацыянальнае адраджэнне Беларусі др. пал. XIX - пачатку XX ст.

Расейская імперыя, якая была «турмой народаў», сталася і месцам фармавання новых нацыяў. Насуперак уціску і русіфікацыі ў XIX ст. пачаў набіраць сілу наш нацыянальны рух. Ен быў падрыхтаваны дзейнасцю навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі, патрыятычных студэнцкіх арганізацыяў. У гэтым асяроддзі выспявала выснова пра існаванне самабытнага беларускага этнасу.

Аднымі з пачынальнікаў беларускага Адраджэння былі выхадцы з сем'яў вуніяцкіх святароў прафесары Віленскага ўніверсітэта Міхал Баброўскі і Ігнат Даніловіч, якія выступілі супроць вялікадзяржаўных расейскіх і польскіх тэндэнцый. Яны з патрыятычных пазіцыяў асвятлялі гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, выказваліся за аднаўленне яго самастойнасці і вяртанне дзяржаўнага статусу беларускай мове. М. Баброўскі, да прыкладу, нанова адкрыў для айчыннай і еўрапейскай навукі імя і справу Францішка Скарыны. I. Даніловіч даследваў Статуты Вялікага Княства, апісаў і часткова апублікаваў блізу 2500 пісьмовых крыніцаў па гісторыі Літвы-Беларусі. Пра самастойнасць беларускага этнасу сведчылі матэрыялы, сабраныя і выдадзеныя этнографамі Паўлам Шэйнам, Міхалам Федароўскім, Еўдакімам Раманавым, Мікалаем Нікіфароўскім, Аляксандрам Ельскім...

У 1870 г. быў апублікаваны «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча. Канчаткова абгрунтаваў самастойнасць нашай мовы ў сям'і іншых славянскіх моваў, вызначыў межы яе пашырэння і склаў адпаведную карту выдатны вучоны-славіст Яўхім Карскі. Ягонае фундаментальнае (у сямі кнігах) даследванне «Беларусы» сталася неацэнным здабыткам у справе Адраджэння.

Набірала сілу новая беларуская літаратура, першымі значнымі творамі якой сталі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Сёння можна лічыць даказаным, што першую напісаў Вікент Равінскі, а другую - Канстанцін Вераніцын.
На жаль, не захавалася беларускамоўнай спадчыны нашага выдатнага суайчынніка Адама Міцкевіча, але асноўныя тэмы і вобразы яго паэзіі былі навеяныя жыццём, гісторыяй, фальклорам і прыродай Літвы-Беларусі. Сябар Міцкевіча Ян Чачот выдаў у Вільні шэсць зборнікаў запісаных ім «Вясковых песняў», дзе апублікаваў і блізу трыццаці сваіх беларускіх вершаў.

На пачатку XX ст. буйныя навуковыя даследванні з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага надрукаваў адзін з заснавальнікаў нашай нацыянальнай гістарыяграфіі Мітрафан Доўнар-Запольскі. Ён сказаў прарочыя словы пра тое, што народ, які меў сваю дзяржаву, будзе мець яе зноў.

У 1891 г. у Кракаве, які знаходзіўся ў складзе Аўстра-Вугоршчыны, пабачыла свет кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Родную краіну паэт называў Беларуссю, а яе мову - беларускай. «Шмат было такіх народаў што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!.. - пісаў Ф. Багушэвіч у прадмове да «Дудкі». -Можа, хто спытае, гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілеў, Вільня...»

Кнігі В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча выдаваліся па-беларуску лацінкай. I наагул у нашым тагачасным друку лацінскі шрыфт выкарыстоўваўся вельмі шырока. На лацінцы выходзілі шмат якія творы і зборнікі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі... Пазней гэтая традыцыя працягвалася ў Заходняй Беларусі і на эміграцыі.

У другой палове XIX ст. беларускі нацыянальна-культурны рух пачаў перарастаць у палітычны. Ужо К. Каліноўскі быў прыхільнікам стварэння ў будучым на землях былога Вялікага Княства дэмакратычнай рэспублікі, не залежнай ні ад Польшчы, ні ад Расеі.

Увесну 1881 г. беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі выканаў смяротны прысуд, вынесены цару Аляксандру II падпольнай арганізацыяй «Народная воля». Праз тры гады група «нарада-вольцаў» - студэнтаў з Беларусі пачала выдаваць у Пецярбурзе орган сваёй фракцыі нелегальны гектаграфічны часопіс «Гомон». На яго старонках з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыяў абвяшчалася пра існаванне беларускай нацыі.

Ужо з сярэдзіны 1880-х гадоў беларуская мова шырока выкарыстоўвалася навучэнцамі настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага інстытута. Моладзь збірала фальклор, арганізоўвала «нядзельныя школы», наладжвала сувязі з «нарадавольцамі». У інстытуце склаўся беларускі гурток, які пасля рэпрэсіяў перайшоў на нелегальнае становішча. Па нейкім часе кіраўнікоў гуртка Мамовіча і Апеньчанку арыштавалі і загналі на тры гады ў дысцыплінарны батальён.

У апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. у этнічнай свядомасці жыхароў беларускіх губерняў адбыліся вельмі істотныя змены. На перапісе, праведзеным у Расейскай імперыі ў 1897 г., беларусамі назвалі сябе 5 885 547 чалавек. 74% насельніцтва нашага абшару лічылі роднай мовай беларускую. Яе прызналі роднай 60% настаўнікаў, больш за 50% асобаў дваранскага стану, 40% чыноўнікаў, 30% паштова-тэлеграфных службоўцаў, 20% лекараў. Сярод сялянства найменне «беларусы» выцесніла большасць лакальных саманазоваў. Гэта сведчыла пра замацаванне тэрміну «Беларусь» за ўсёй нашай этнічнай тэрыторыяй.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905 г. ліквідавалі забарону на беларускі друк. У наступным годзе ў Пецярбурзе пачало дзейнічаць першае беларускае легальнае выдаведкае таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Неўзабаве выдавецтва было заснаванае і ў Вільні. Вільня зрабілася прызнаным цэнтрам нашага нацыянальнага руху. Яе ўзнёсла называлі «крывіцкай Мэккай» і «беларускім Сыёнам». Непарыўна звязаная з Вільняй і ейнай славутай Вострай Брамай неўміручая «Пагоня» Максіма Багдановіча, якая стала адным з нацыянальных беларускіх гімнаў.

На пачатку XX ст. арганізацыйнае, ідэйнае і палітычнае кіраўніцтва нацыянальна-вызвольным рухам узяла на сябе заснаваная ў 1903 г. першая беларуская палітычная партыя - Беларуская Сацыялістычная Грамада. Яе стваральнікамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, якіх заслужана называюць «бацькамі» беларускага Адраджэння, а таксама Вацлаў Ластоўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Іваноўскі, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Алесь Бурбіс. За бліжэйшую мэту Грамада мела знішчэнне царскага самаўладдзя і сцверджанне дэмакратычных свабодаў у супольным з іншымі народамі імперыі змаганні. У нацыянальным пытанні першая праграма партыі прадугледжвала ўтварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Грамада стала адным з галоўных арганізатараў Першага Усебеларускага з'езда.

Наша НіваУвосень 1906 г. у Вільні пачала выходзіць «Наша Доля» - першая легальная беларуская газета. Пад ціскам цэнзуры яна мусіла спыніць існаванне, аднак тым часам ужо з'явілася новае нацыянальнае выданне - «Наша Ніва». Гэтаму грамадска-палітычнаму, літаратурна-мастацкаму і навукова-папулярнаму тыднёвіку належаць велізарныя заслугі ў згуртаванні ўсіх сілаў, якія змагаліся за адраджэнне краіны. Заснавальнікамі «Нашай Нівы» былі браты Іван і Антон Луцкевічы ды іх паплечнік Аляксандр Уласаў. Газета выдавалася ў Вільні да жніўня 1915 г., а потым, пасля доўгага перапынку, выкліканага вайной, выходзіла ў 1920 г. «Наша Ніва» сталася сапраўды народнай, агульнабеларускай газетай, асяродкам і рухавіком нацыянальнага жыцця. Яна невымерна шмат зрабіла для развіцця беларускай літаратуры, выпрацоўкі нормаў літаратурнай мовы і правапісу. Менавіта тут апавяданнем «Музыка» дэбютаваў Максім Багдановіч. 3 публікацыяў у тыднёвіку пачалі творчы шлях Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Канстанцыя Буйла, Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок... У «Нашай Ніве» ўпершьшю пабачылі свет урыўкі з «Новай зямлі» Якуба Коласа, паэмы «Курган» і «Бандароўна» Янкі Купалы, які ў 1914-1915 гт. быў рэдактарам газеты.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1870 г. Апублікаваны «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча.
    1891 г. Выданне ў Кракаве першай кнігі Ф. Багушэвіча «Дудка беларуская».
    1903 г. Утварэнне першай беларускай палітычнай партыі - Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
    23 лістапада 1906 г. Пачаў выходзіць беларускі тыднёвік «Наша Ніва».
    1910 г. Выданне «Кароткай гісторыі Беларусі» В. Ластоўскага.
    1913 г. Заснаванне ў Вільні Беларускага выдавецкага таварыства.


© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.