Паўночная вайна на Беларусі

Пасля скону Яна Сабескага вялікім князем і каралём быў абраны саксонскі курфюрст Аўгуст. Ён стаў хаўруснікам Пятра I у Пауночнай вайне з Швецыяй, куды ўцягнуў і Рэч Паспалітую. Вялікае Княства зноў зрабілася тэатрам баявых дзеянняў. Частка магнатаў на чале з Сапегамі і Пацамі падтрымала шведаў. Іх прыхільнікі ўзвялі на трон Станіслава Ляшчынскага, пасля чаго ў дзяржаве распачалася грамадзянская вайна.

На нашых землях дзейнічала 70-тысячная расейская армія. Каб пазбавіць непрыяцеля правіянту, фуражу і прытулку Пётр I у ваеннай кампаніі супраць Карла XII выкарыстоўваў тактыку выпаленай зямлі.

У сваіх паводзінах хаўруснікі больш нагадвалі захопнікаў. Прыклады нялюдскай жорсткасці ў абыходжанні з беларускім насельніцтвам даваў сам цар. Улетку 1705 г. разам з князем А. Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі Пётр I асабіста ўдзельнічаў у забойстве пяці вуніяцкіх святароў у Полацкім Сафійскім саборы. Пасля гэтага наш найстаражытнейшы храм быў абрабаваны і ў ім зрабілі вайсковы склад з парахавым сховішчам у сутарэннях. Напярэдадні адыходу з горада расейцы ўзарвалі парахавыя запасы і ператварылі сабор у руіны.

Здзекі і рабункі зазналі ад «саюзнікаў» шмат якія гарады і мястэчкі Вялікага Княства. У Менску царская кавалерыя з казакамі і калмыкамі абчысціла грэцка-каталіцкі кляштар Святой Тройцы, Святадухаўскую царкву на Высокім рынку ды яшчэ некалькі вуніяцкіх і праваслаўных манастыроў і храмаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і на Нямізе марадзёры атрымалі адпор.

Адступаючы ў верасні 1708 г. на Украіну, расейскія войскі спалілі Воршу, Амсціслаў, Дуброўну... Зрабаваны дашчэнту і выпалены быў Магілеў, які датуль лічыўся адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Царскія казакі аддалі агню Віцебск, дзе згарэлі замкі, ратуша, чатыры касцёлы і 12 цэркваў. Менавіта Пётр I аддаў загад знішчыць замак у Смалянах пад Воршай.

Беларускія землі шмат пацярпелі і ад шведаў, якія займалі Вільню, Горадню, Наваградак, Нясвіж, Клецак, Докшыцы, Карэлічы, Пінск, Магілеў... Жаўнеры Карла XII таксама руйнавалі нашыя замкі, да прыкладу Гальшанскі і Ляхавіцкі, вывозілі бібліятэкі, архівы ды іншыя культурныя скарбы.

У 1717 г. Варшаўскі сойм моўчкі (за што быў названы «нямым») прыняў навязаныя Расеяй умовы пагаднення паміж канфедэратамі і Аўгустам, паводле якіх цар рабіўся пратэктарам Рэчы Паспалітай. Яе войскі скарачаліся да 24 тысяч (18 тысяч у Польшчы і 6 тысяч у Вялікім Княстве Літоўскім). Тым часам арміі бліжэйшых суседзяў былі шматкроць большымі: у Расеі - 350 тысяч, Аўстрыі - 280 тысяч, Прусіі - 200 тысяч. Царскае войска пакінула беларускія землі толькі ў 1719 г.

Выйграўшы Паўночную вайну, Расея замацавала сваю гегемонію ва Усходняй Еўропе, а Рэч Паспалітая ўсё больш нагадвала не хаўрусніка, а прыдатак царскай імперыі.

За гады вайны Беларусь страціла ад баявых дзеянняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў - кожнага трэцяга. Усяго 10% насельніцтва захавалася ў Шклоўскім графстве. Зноў апынуліся у глыбокім заняпадзе сельская гаспадарка, рамёствы, гандаль.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1697-1706,1709-1733 гг. Уладаранне вялікага князя і караля Аўгуста Моцнага
    1700-1721 гг. Паўночная вайна
    1704-1709,1733 гг. Уладаранне вялікага князя і караля Станіслава Ляшчынскага
    9 кастрычніка 1708 г. Бітва каля вёскі Лясной
    1 траўня 1710 г. Салдаты Пятра I узарвалі Полацкі Сафійскі сабор
    1716 г. Віленская шляхоцкая канфедэрацыя
    1717 г. «Нямы сойм» зацвердзіў пратэкцыю расейскага цара над Рэччу Паспалітай

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012