Сёняшні Беларус – псіхалагічны партрэт

“З усіх нашых суседзяў найменшае можна сказаць пра беларусаў… Беларусы нам заўсёды здаваліся дзіўна невыразнымі”; — такімі словамі пачынаецца артыкул вядомага польскага публіцыста Б.Цывіньскага “Дык хто ж такія беларусы?..” Ці ёсць праўдзівай такая ацэнка? Яна, праўдзівая настолькі, наколькі адлюстроўвае становішча этнічнага крызісу на Беларусі, пік якога прыпаў на 1970 – 80-я гады. За гэтым часам мы не толькі не мелі магчымасці развіваць нацыянальную культуру, мы нават няспынна страчвалі сваю нацыянальную адметнасць. Трэба, аднак, прызнаць, што гэты крызіс значна старэйшы за савецкую сістэму.

Aд другой паловы ХVIII стагоддзя, калі беларусы пачалі страчваць сваю дзяржаўнасць, краіна перажывала безупынны крызіс каланізацыі, наступствы якога мы адчуваем да сёння. З гэтай нагоды ў XIX стагоддзі адзін невядомы аўтар выказаўся так: “Наш край не ёсць польскім, не ёсць расейскім, але ёсць заваяваным”.

Паланізацыя і асабліва русіфікацыя ў ХІХ стагоддзі, несумненна, пашкодзілі развіццю беларускай культуры і затрымалі працэс утварэння нацыі. Што датычыць русіфікацыі — яна працягвалася і потым пад маркай стварэння “адзінага і непадзельнага савецкага народа”. Калі мы сёння прыгледзімся да першага сустрэчнага беларуса, дык пабачым, хутчэй за ўсё, што ён размаўляе па-расейску, чытае расейскія газеты, няшмат ведае са сваёй нацыянальнай гісторыі, глядзіць расейскае тэлебачэнне і г.д. Усё гэта пацвярджае вельмі нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці тыповага беларуса…

I тым не менш, беларусы ненаўмысна захавалі нацыянальную ідэнтычнасць. Парадаксальным чынам, 80% этнічных беларусаў падчас перапісу 1989 г. назвалі роднай мовай беларускую, хаця і не карысталіся ёю ў паўсядзённым жыцці. Трэба памятаць пра гэта, каб мець больш збалансаванае ўяўленне пра беларускі характар.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии