Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Станіслаў Антоній Аўгуст Панятоўскі, Аўгуст IV (17 студзеня 1732, Воўчын — 12 лютага 1798, Санкт-Пецярбург) — апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1764—1795).
Ягонае панаванне – гэта перыяд палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыі Расіі і яе саюзніка Прусіі. Гэта час, калі суседнія манархіі – Расія, Прусія і Аўстрыя – дзялілі тэрыторыю дзяржавы (падзелы 1772, 1793 і 1795 гг.), калі патрыятычныя сілы ў Польшчы, Літве і Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам узняліся на ўзброенае паўстанне ў 1794 г., каб ратаваць незалежнасць радзімы. Скончылася панаванне Станіслава Аўгуста ў 1795 г. ліквідацыяй Рэчы Паспалітай. Незалежнасць Польшчы і Беларуска-Літоўскай дзяржавы была скасавана Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй: Беларусь і амаль уся Літва далучаны да Расійскай імперыі, а Польшча падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй.

Станіслаў Панятоўскі

Паходжанне

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наогул не кранаўся гэтага пытання. Кароль польскі проста замоўчваў сваё паходжанне, бо належаў да дробнай шляхты. Ужо потым, у час панавання Станіслава Аўгуста, у генеалагічных даведніках гаварылася, што род Панятоўскіх паходзіць нібыта з Італіі, са старажытнай дваранскай сям’і Тарэлі, прадстаўнік якой у XVII ст. перасяліўся ў Польшчу, пераклаўшы сваё прозвішча як Цёлак (цяля, бычок). Дарэчы, гэта герб Панятоўскіх. Але легенда не вельмі стасуецца з генеалагічнымі даследаваннямі, бо гербам “Цёлак” (на якім сапраўды выява бычка) карысталіся да 30 шляхецкіх родаў. У XVIII ст. і пазней хадзілі чуткі, што Панятоўскія з дробнай беларускай шляхты. А ўвогуле прозвішча Панятоўскі паходзіць ад маёнтка і мястэчка Панятовы (цяпер горад Панятова) у Люблінскім ваяводстве. Першым з гэтага роду (паводле дакументаў) быў Марцін Цёлак Мацяёўскі з Панятовы, які жыў у другой палове XV ст. У XVII ст. Панятоўскія былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў іншай, багатай, шляхты, займаючы розныя пасады па кіраванні гаспадаркай, або падстаростамі (г. зн. кіраўнікамі) асобных маёнткаў. Калі былі грошы, то часам нават арандавалі маёнткі. Ян Панятоўскі (памёр у трэцяй чвэрці XVII ст.), прадзед караля, паўставаў менавіта такім дробных шляхцічам. Да гэтага роду належала беларуская лінія Панятоўскіх (герба “Цёлак”). Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі меў ганаровы тытул (праўда, нязначны) чэсніка мсціслаўскага на пачатку XVIII ст. Чэснікі калісьці налівалі віно ў кубак, які трымаў падчашы, перад тым, як падаць каралю або князю. Потым гэтая галіна роду пасялілася на Украіне. Але прадстаўнікі галіны засталіся на Беларусі і яшчэ на пачатку XX ст. жылі ў Смаленскай і Магілёўскай губернях. Сын Яна Панятоўскага Францішак (памёр у канцы 1697 г.), дзед караля Станіслава Аўгуста, ад 1690 г. меў тытул чэсніка вышагродскага, спачатку служыў у князёў Любамірскіх у іх маёнтках у паўднёва-ўсходняй Польшчы. Выбіўся ў шэрагі сярэднезаможнай шляхты, калі ў 1670 г. быў прызначаны Г. А. Любамірскім на пасаду падстаросты жэшуўскіх маёнткаў князёў Любамірскіх. Гэта было пачаткам узвышэння роду Панятоўскіх. А ганаровы тытул чэсніка толькі пацвердзіў гэта.

Бацька караля

У Францішка Панятоўскага былі тры сыны – Юзаф (1675- 1739), Станіслаў (1676-1762) і Міхал (1683-1716), манах-дамініканец. Найбольш вядомым стаў Станіслаў Панятоўскі (15.09.1676-29.08.1762), бацька караля, які выбіўся ў магнаты, зрабіўшы бліскучую кар’еру. Атрымаў адукацыю ў Вене. Там запісаўся ў аўстрыйскае войска і ўдзельнічаў у бітвах супраць туркаў пад камандаваннем аўстрыйскага палкаводца, прынца Яўгена Савойскага. Вярнуўся на радзіму дасведчаным вайскоўцам і быў добра прыняты каралём Янам Сабескім. Далейшы лёс Станіслава Панятоўскага звязаны з Беларуссю і Літвой. Падчас канфліктаў Сапегаў з большай часткай беларуска-літоўскай шляхты С. Панятоўскі выступіў на баку Сапегаў. Ён удзельнічаў у вырашальнай бітве пад Алькенікамі 2 лістапада 1700 г., дзе атрады Сапегаў былі разбіты войскамі беларуска-літоўскай шляхты. С. Панятоўскі трапіў у палон, але здолеў збегчы ў Варшаву. Стаў палкоўнікам кароннага войска. Тады ж ажаніўся з Тэрэсай Война-Ясянецкай, з якой праз 10 гадоў развёўся. Пасля ўваходу войскаў шведскага караля Карла ХІІ у Рэч Паспалітую, падчас Паўночнай вайны, С. Панятоўскі, як і яго былыя кіраўнікі Сапегі, перайшоў на бок Карла XII і стаў набліжаным да новаабранага караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага. Далей ён дзяліў свой лёс з гэтым каралём і ўдзельнічаў у бітвах з войскамі Аўгуста II і расійскімі войскамі. Ён стаў генералам кавалерыі шведскага войска і дыпламатам Карла XII. Удзельнічаў у бітве пад Галаўчынам (14 ліпеня 1708 г.) і пад Палтавай (8 ліпеня 1709 г.), дзе ўратаваў жыццё шведскаму каралю. Разам з Карлам XII С. Панятоўскі ўцёк да туркаў у крэпасць Бендэры (у Малдове). Потым быў губернатарам у маленькім пфальцграфстве Цвайбрукен (недалёка ад Францыі), якое належала Карлу XII і дзе Станіслаў Ляшчынскі быў часовым уладальнікам паводле паўнамоцтваў шведскага караля. Пасля таго як Карл XII загінуў на вайне ў 1718 г., С. Панятоўскі вярнуўся ў Польшчу і па просьбе шведскай каралевы Ульрыкі Элеаноры, сястры і пераемніцы Карла XII, атрымаў ад Аўгуста Моцнага свае маёнткі і ўвайшоў у давер да караля. Ён стаў генерал-лейтэнантам войска літоўскага. У 1722 г. атрымаў важную пасаду падскарбія вялікага літоўскага (адпаведнік міністра фінансаў у Беларуска-Літоўскай дзяржаве). Але яго кар’ера пачалася крыху раней, калі ён, удавец, у 1720 г. ажаніўся з маладзейшай за яго князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай (1696-1759), дачкой кашталяна віленскага Казіміра Чартарыйскага. Сям’я Чартарыйскіх дзякуючы гэтаму шлюбу ўзмацніла свае пазіцыі пры двары. У пасаг Канстанцыя атрымала 400 тысяч злотых, за якія сям’я Панятоўскіх у 1721 г. набыла ад фельдмаршала Я. Г. Флемінга маёнтак Воўчын і Радванічы (у Берасцейскім павеце). Ад гэтага шлюбу ў 1721-1736 г. нарадзілася 8 дзяцей. Кар’ера Станіслава Панятоўскага працягвалася. У 1731 г. ён быў прызначаны каралём на пасаду ваяводы мазавецкага, у 1733-м стаў рэгіментарам (намеснікам гетмана) войскаў каронных, у 1752 г. – кашталянам кракаўскім. Ён быў таксама старостам Войніцкім і Люблінскім. Такім чынам,Станіслаў Панятоўскі ўвайшоў у найвышэйшае кола магнатаў Рэчы Паспалітай. Панятоўскія ўжо карысталіся графскім тытулам. Старт для кар’еры сына быў падрыхтаваны.

Маладыя гады

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся 17 студзеня 1732 г. у Воўчыне (цяпер Камянецкі раён), у маёнтку свайго бацькі. Ён быў чацвёртым сынам (з шасці). Атрымаў добрыя выхаванне і адукацыю. Малады чалавек быў інтэлігентным, здольным, з мяккім характарам. Ён, як было заведзена ў магнацкіх сем’ях, удасканальваў свае веды падчас падарожжаў у Еўропу – у Францыю і Англію праз Нямеччыну. Азнаёміўшыся з культурнымі дасягненнямі Захаду, ён на ўсё жыццё застаўся прыхільнікам еўрапейскай культуры. Гэтая ягоная цяга наогул праявілася пазней, калі ён стаў каралём і мецэнатам, што было добрым прыкладам і для магнатаў Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVIII ст. Маладым чалавекам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі праявіў цікавасць да палітыкі, па-за якой не змог застацца, бо найбліжэйшыя сваякі маці – Чартарыйскія (“Фамілія”) – якраз займалі кіруючыя пазіцыі ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Ён добра пазнаёміўся з сітуацыяй у краіне. У 1755 г. Станіслаў Аўгуст атрымаў ганаровы тытул стольніка літоўскага (калісьці ў пануючага вялікага князя стольнік займаўся справамі забеспячэння стала падчас урачыстых прыёмаў). Атрымаў таксама староства Пшэмысльскае, з якога меў даходы. Іншых пасад Станіслаў Аўгуст не атрымаў, так што меў даволі сціплыя тытулы ў параўнанні з іншымі магнатамі. Малады Панятоўскі перайшоў на дыпламатычную службу, але не ў пасольствах Рэчы Паспалітай, а іншых дзяржаў, што тады не лічылася заганным. У 1755-1756 і 1757-1758 гг. знаходзіўся ў Пецярбургу спачатку як сакратар саксонскага пасла. Прыгожы, інтэлігентны і далікатны малады граф звярнуў на сябе ўвагу вялікай княгіні Кацярыны Аляксееўны, жонкі спадкаемцы расійскага трона, вялікага князя Пятра Фёдаравіча, старэйшай за Панятоўскага на два з паловай года. Пачаўся бурны раман, вялікая княгіня зацяжарыла. Нарадзілася дачка Ганна, якую Панятоўскі і ўвесь расійскі двор лічыў дачкой Станіслава Аўгуста Панятоўскага, хаця фармальна яна была дачкой мужа вялікай княгіні. Станіслаў Аўгуст нават хацеў, каб Кацярына Аляксееўна разышлася з мужам і выйшла замуж за яго. Тады ён мог бы прэтэндаваць на польскую карону. Але ў Кацярыны Аляксееўны былі зусім іншыя планы. Ды і дзяўчынка хутка памерла. Панятоўскі вельмі перажываў яе смерць, бо моцна любіў дзіця. Праз Станіслава Панятоўскага англійскі пасол у Пецярбургу Уільямз звязаўся з вялікай княгіняй, падтрымаў яе ў прыдворных інтрыгах і даваў ёй буйныя грашовыя субсідыі, як і кіраўнікам знешнепалітычнага ведамства Расіі, што не лічылася заганным і крымінальным, але на палітыку ўплывала. У 1758 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вярнуўся на радзіму. Ад яго рамана з вялікай княгіняй засталася перапіска. Надзеі ўжо не было. Кацярына пакахала гвардзейскага афіцэра Рыгора Арлова, а потым, у 1762 г., у выніку палацавага перавароту была абвешчана ўсерасійскай імператрыцай Кацярынай II (яе муж, Пётр III, быў забіты праз некалькі дзён пасля перавароту). Аднак Кацярына II не забылася на свайго былога каханка. Ведаючы ягоны характар і яго ранейшыя пачуцці да яе, яна лічыла, што лепшай кандыдатуры на каралеўскі пасад у Варшаве для яе, а значыць, і для Расіі не трэба. Праз яго можна будзе праводзіць неабходную для Расійскай імперыі палітыку ў Рэчы Паспалітай. І не трэба ўжо будзе ўзгадняць кандыдатуру саксонскага прынца на выпадак смерці караля Аўгуста III з Аўстрыяй і Прусіяй. Расія ўжо была дастаткова моцнай, каб самастойна правесці на каралеўскі трон прыхільную да яе кандыдатуру.

Абранне каралём

5 кастрычніка 1763 г. памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III (Саксонскі). Каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай стаў вакантным. Пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля. Але Расія падрыхтавалася яшчэ раней. Неўзабаве пасля ўступлення на трон імператрыца Кацярына II у рэскрыпце расійскаму пасланніку ў Варшаве Г. К. Кайзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі аб хваробе і магчымай смерці караля Аўгуста III паставіла задачу абраць караля, які быў бы цалкам падпарадкаваны ёй. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за яе падтрымку перадачы Расіі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай і выдачы многіх тысяч сялян, якія ўцяклі з Расіі. 6 кастрычніка 1763 г. на нарадзе ў Кацярыны II былі пацверджаны гэтыя патрабаванні і прыняты праект па тэрытарыяльным пытанні, у якім вызначаліся вобласці, што павінны быць перададзены Расіі. Новая мяжа цалкам супадала з той, што была ўстаноўлена Расіяй потым, паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Такім чынам, ужо ў 1763 г. Кацярына II першай паставіла пытанне аб далучэнні да Расіі ўсходняй і паўночнай частак Беларусі і ўсходняй часткі Латвіі. Пры гэтым расійскі царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай з іншымі дзяржавамі, лічачы лепш мець слабага і цалкам залежнага ад Расіі суседа на сваёй заходняй мяжы. А ў Рэчы Паспалітай паміж магнацкімі групоўкамі Чартарыйскіх і Патоцкіх ішла барацьба за трон. Групоўка Чартарыйскіх, зыходзячы з пажаданняў Кацярыны II, вылучыла кандыдатуру свайго пляменніка – Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Патоцкія і іх “саксонска-рэспубліканская партыя” былі прыхільнікамі Фрыдрыха Хрысціяна (1722- 1763), старэйшага сына Аўгуста III, але ён, курфюрст саксонскі, памёр праз два з паловай месяца пасля смерці бацькі, а ягоны сын Фрыдрых Аўгуст III (1750-1827) быў яшчэ падлеткам і для саксонскага трона прыдатны, а для польскага – не. Пазней Напалеон усё ж такі перадаў яму ў 1807 г. трон Вялікага княства Варшаўскага. Па просьбе Чартарыйскіх Кацярына II паслала ў Рэч Паспалітую расійскія войскі. Адным з кіраўнікоў групоўкі Патоцкіх быў Кароль Радзівіл (Пане Каханку). У 1764 г. на Беларусі і Літве прыхільнікі Чартарыйскіх стварылі генеральную канфедэрацыю, якая выступіла супраць Радзівілаў. Пачаліся ваенныя дзеянні. Беларуска-літоўскае войска сумесна з расійскімі атрадамі ў чэрвені 1764 г. захапіла радзівілаўскія крэпасці Нясвіж і Слуцк. Войска Радзівіла было разбіта, а сам ён уцёк за мяжу. Ягоныя ўладанні часова перайшлі ў кіраванне літоўскай генеральнай канфедэрацыі. У Польшчы праціўнікі Чартарыйскіх таксама былі падаўлены. Абапіраючыся на сярэднюю шляхту, Чартарыйскія на канвакацыйным сойме (папярэднічаў выбарчаму і выпрацоўваў умовы, з якімі мусіў пагаджацца кароль пры абранні на выбарчым сойме), які адбыўся ў маі-чэрвені 1764 г., паспрабавалі правесці памяркоўныя рэформы дзяржаўнага ладу дзеля ўмацавання цэнтральнай улады. На сойме было абмежавана ўжыванне права ліберум вета (аднагалоссе), дэпутаты не абавязаны былі прытрымлівацца інструкцыі соймікаў, калі інструкцыі разыходзіліся з думкай большасці сойма. Былі прынятыя пастановы аб упарадкаванні фінансаў і суда, павелічэнні войска. Аднак у той няпэўнай сітуацыі, калі шмат хто выступаў супраць рэформаў, Чартарыйскія не пагадзіліся на перадачу Расіі Усходняй Беларусі. На выбарчым сойме, пад аховаю расійскіх войскаў і прыватных войскаў Чартарыйскіх (“Фаміліі”), 6 верасня 1764 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Каранаваўся ён 25 лістапада таго ж года. На каранацыйным сойме 1764 г. браты караля і іх нашчадкі атрымалі княжацкі тытул. Абранне на трон Станіслава Аўгуста адбылося ў неспрыяльных абставінах чарговай акупацыі краіны расійскімі войскамі. Папярэдне, 11 красавіка 1764 г. паміж Расіяй і Прусіяй быў заключаны саюзны дагавор, згодна з сакрэтным артыкулам якога абедзве дзяржавы ўзялі на сябе абавязак ахоўваць сілай зброі дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай, не дапускаючы сур’ёзных рэформаў і ўзмацнення дзяржаўнага ладу і цэнтральнай улады ў краіне. Ужо ў 1765 г. Кацярына II у сваёй ноце заявіла сойму Рэчы Паспалітай аб неабходнасці “ўрэгулявання межаў паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй”.

Панаванне Станіслава Аўгуста

Станіслаў Аўгуст не адразу стаў марыянеткай у руках Кацярыны II. Разам са сваімі сваякамі Чартарыйскімі ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхоў да саюзу з Аўстрыяй і Францыяй, каб супрацьстаяць Расіі і Прусіі. Ва ўнутранай палітыцы ён прагнуў пагаднення з групоўкай Патоцкіх (“рэспубліканцамі”), каб усё ж такі адстаяць незалежнасць дзяржавы. Але кансерватыўная групоўка магнатаў засталася непрыхільнай да караля, захаваўшы свае погляды на дзяржаўны лад і свае сімпатыі да Саксонскай дынастыі. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў стварыць сваю групоўку з шляхты цэнтрысцкага характару. Але ажыццяўленне задумы прывяло да канфлікту з Чартарыйскімі, якія не хацелі саступаць каралю. Тым не менш першыя спробы рэформаў у 1764-1766 гг. праводзіліся разам з Чартарыйскімі, аднак яны былі перапынены Расіяй. Кацярына II выкарыстала дысідэнцкае пытанне (аб правах хрысціян-некатолікаў) і разам з Прусіяй запатрабавала ўраўнавання ў правах з католікамі пратэстантаў і праваслаўных, якія ў гэты перыяд складалі толькі 5% насельнікаў дзяржавы. Пры гэтым у афіцыйных дакументах узгадвалася толькі пратэстанцкая і праваслаўная шляхта, а не ўсё насельніцтва. Кацярына II патрабавала даць ёй права займаць дзяржаўныя пасады. Пасля адмовы сойма ў Рэчы Паспалітай былі створаны з дапамогай расійскіх грошай шляхецкія канфедэрацыі пратэстантаў і праваслаўных і зноў уведзены расійскія войскі. Сойму ў лютым 1768 г. быў навязаны дагавор – “вечны трактат”, у якім Расія гарантавала “кардынальныя правы”: захаванне анархічнага дзяржаўнага ладу, ліберум вета, выбарнасць караля, непахіснасць шляхецкіх прывілеяў, а таксама ўраўнаванне правоў праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты разам з каталіцкай у заняцці дзяржаўных пасад. Аднак дамогшыся сваёй мэты захавання анархічнага ладу дзяржавы пад расійскім кантролем, Кацярына II больш ужо не звяртала ўвагі на рэлігійнае пытанне. Праўда, апазіцыі не ўдалося дэтранізаваць Станіслава Аўгуста, але ўлада караля была цяпер пад большым кантролем Расіі, чым раней. Новым выпрабаваннем для караля стала дзейнасць Барскай канфедэрацыі (1768-1772), калі шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты ўзняліся ў Полыпчы, Беларусі, Літве і на Украіне за аднаўленне сапраўднай незалежнасці Рэчы Паспалітай ад Расіі, супраць караля-“узурпатара”. С. А. Панятоўскі вагаўся: ці дзейнічаць супраць канфедэратаў разам з Расіяй (бо расійскія войскі зноў былі ўведзены ў Рэч Паспалітую), ці праводзіць палітыку пасіўнага адпору Расіі (як раілі Чартарыйскія), ці паразумецца з барскімі канфедэратамі. Аднак канфедэраты 22 кастрычніка 1770 г. абвясцілі бескаралеўе і нават 3 лістапада 1771 г. арганізавалі на караля замах, праўда, няўдалы. Канфедэраты напалі на карэту Станіслава Аўгуста і захапілі яго, але ў цемнаце рассеяліся, і кароль здолеў вярнуцца ў палац. Падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. (калі пад наглядам Кацярыны II дыпламаты Расіі, Прусіі і Аўстрыі падпісалі ў Пецярбургу канвенцыю) Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў пратэставаць і звярнуўся да еўрапейскіх двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Суседнія манархі ва ўмовах чарговай расійскай акупацыі (расійскія войскі, якія змагаліся з барскімі канфедэратамі, заставаліся ў краіне і гарантавалі падзел) падзялілі дзяржаву. Расія забрала тэрыторыю з гарадамі Дынабург, Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў і мястэчкам Гомель. Прусіі Кацярына II згадзілася аддаць Памор’е, а Аўстрыі – Галіцыю (Заходнюю Украіну) і паўднёвую частку Полыпчы. Пасля першага падзелу Станіслаў Аўгуст Панятоўскі паступова ўзмацніў сваю ўладу падчас барацьбы за яе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі. У 1775 г. была створана Пастаянная рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў і 18 дэпутатаў сойма, у 1773 г. – Адукацыйная камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі). Былі прыняты рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча гараджан, на развіццё прамысловасці. Кароль пераўтварыў Пастаянную раду ў орган цэнтральнай выканаўчай улады і імкнуўся ліквідаваць анархічны дзяржаўны лад. Але давялося Станіславу Аўгусту пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль расійскага пасла графа А. М. фон Штакельберга. Гэтым ён на пэўны час захаваў абарону тэрыторыі Польшчы ад далейшай прускай і аўстрыйскай анексіі. С. А. Панятоўскі дамагаўся ад Кацярыны II саюзу і яе згоды на павелічэнне арміі і правядзенне рэформаў, а таксама на забеспячэнне спадчыннасці трона для свайго пляменніка Станіслава Панятоўскага (1751-1833), які быў шэфам гвардыі пешай кароннай, а потым падскарбіем вялікім літоўскім у 1784-1791 гг. На сойме 1776 г. каралю ўдалося абмежаваць уладу гетманаў і падпарадкаваць войска. Але правядзенне далейшых рэформаў Расія не дазваляла. Супраць караля Расія падтрымлівала магнацкую апазіцыю на чале з гетманам вялікім каронным графам Я. К. Браніцкім, а пазней ваяводам рускім, графам С. Ш. Патоцкім. І ўсё ж такі каралю ўдалося ў 1775-1778 гг. стварыць сваю групоўку, у якую ўвайшлі нават былыя канфедэраты. Гэта добра паказаў Адам Міцкевіч у асобе Мацька пад Мацькамі, які “з канфедэрата стаў прыхільнікам караля і падтрымліваў Тызенгаўза, падскарбія літоўскага”. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, быў мецэнатам, ініцыятарам выдання газеты “Манітор”, апекаваўся тэатрам і мастацтвам, намагаючыся ўзняць прэстыж Рэчы Паспалітай у Еўропе. Пры двары Станіслава Аўгуста былі сабраны найлепшыя мастакі і скульптары. У гэты час быў перабудаваны Каралеўскі палац у Варшаве, палацавы ансамбль у Лазенках. Кароль адчыніў пры палацы мастацкую школу, высылаў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. Ён збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, гем і камей, манет, сабраў галерэю карцін. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі рыхтаваў адкрыццё акадэміі мастацтва, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Асабіста падтрымліваў адкрыццё мануфактур, у тым ліку на Беларусі (з дапамогай А. Тызенгаўза), спрыяў прамысловай здабычы солі.

Апошнія гады панавання

Адносная раўнавага ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі апазіцыі, якая прадстаўляла шырокія колы прагрэсіўнай шляхты і мяшчан (шляхецка-буржуазнага блоку). Гэты блок на Чатырохгадовым сойме (1788-1792) правёў шматлікія і грунтоўныя рэформы, набліжаючы дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай да рэвалюцыйных змен Вялікай Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст. Кароль, насуперак жаданню расійскага пасла ў Варшаве графа А. М. фон Штакельберга, пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі, кіраўнікамі сойма, супрацоўнічаў з імі. У снежні 1790 г. ён перадаў у сойм свой праект рэформы дзяржаўнага ладу, у якім прапаноўваў больш моцны манархічны лад і мадэрнізацыю дзяржаўнага апарату, але захоўваў саслоўны парадак. У значнай ступені прапановы караля былі ўкладзены рэфарматарамі ў прынятую3 мая 1791 г. Канстытуцыю (Урадавую ўставу). Гэта падняло аўтарытэт караля, асабліва сярод мяшчанства, якому былі нададзены пэўныя правы. У 1792 г. збройная інтэрвенцыя Расіі спыніла рэформы. Праціўнікі рэформаў – удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, – ідучы ў абозе царскіх войскаў, захапілі ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. Да канфедэрацыі далучыўся і кароль, санкцыянаваўшы інтэрвенцыю і скасаванне рэформаў Чатырохгадовага сойма. На караля легла адказнасць як на капітулянта, які спыніў збройны адпор інтэрвентам. Цяпер Кацярына II трымала свае войскі ў Рэчы Паспалітай пастаянна. Кіраўнікі рэфарматараў вымушаны былі эміграваць і рыхтавалі паўстанне ў Польшчы, Беларусі і Літве. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас працы апошняга сойма Рэчы Паспалітай у Горадні (улетку 1793 г.) ужо дзейнічаў цалкам пад кантролем расійскага пасла графа Я. Я. Сіверса, калі сойм мусіў пагадзіцца з другім падзелам Рэчы Паспалітай, ад якой Кацярына II адарвала цэнтральную частку Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Заходнюю Польшчу аддала Прусіі. Станіслаў Аўгуст санкцыянаваў вынікі другога падзелу Рэчы Паспалітай. Падчас паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (начальнік паўстання) кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў адхілены ад улады і займаў фармальнае становішча. Ён нават асцерагаўся за сваё жыццё. Яго малодшы брат, Міхал Ежы, арцыбіскуп гнезненскі, абвінавачаны ў здрадзе на карысць Прусіі і Расіі, каб пазбегнуць лінчавання натоўпам, скончыў жыццё самагубствам. Пасля паражэння паўстання 1794 г. Станіслаў Аўгуст па загаду Кацярыны II выехаў з Варшавы ў Горадню, дзе жыў у каралеўскім палацы да смерці Кацярыны II. У Горадні ён даведаўся аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай і ліквідацыі дзяржавы. Тут 25 лістапада 1795 г. ён падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам спынялася існаванне Рэчы Паспалітай і дзяржаўнасці Польшчы і Беларуска-Літоўскага гаспадарства. Калі Кацярына II памерла (лістапад 1796 г.), Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Санкт-Пецярбург, дзе кароль пражыў да канца жыцця. Яму быў захаваны тытул караля і невялікі двор. Павел I ставіўся да яго з сімпатыяй і нават аднойчы пацікавіўся ў Панятоўскага, ці не з’яўляецца ён ягоным бацькам, як некаторыя гаварылі, але Панятоўскі не мог даць пэўнага адказу. Кароль пісаў мемуары, у якіх апраўдваў сваю палітыку. Памёр ён у Санкт-Пецярбургу ў Мармуровым палацы 12 лютага 1798 г. і быў пахаваны ў каталіцкім касцёле на Неўскім праспекце. У 1938 г. рэшткі яго праху перададзены савецкім урадам польскім уладам і перапахаваны ў Троіцкім касцёле ў Воўчыне (Брэсцкая вобласць), дзе нарадзіўся Станіслаў Аўгуст. Пасля Другой сусветнай вайны грабніцу з прахам караля разрабавалі. Урна з прахам караля была разбіта настаўніцай-камсамолкай. У канцы 80-х гг. XX ст. сімвалічны прах караля перавезены ў Польшчу. Ад Троіцкага касцёла засталіся рэшткі. Пасля вайны ён выкарыстоўваўся як збожжасховішча. У 1784 г. Станіслаў Аўгуст уступіў у марганатычны (законны, але без права перадачы каралеўскай годнасці) шлюб з удавой генерал-інспектара Войска Літоўскага Эльжбетай Грабоўскай і меў ад яе сына, які насіў прозвішча Грабоўскі. Пляменнік караля – Юзаф (1763-1813) – меў тытул ваеннага міністра і галоўнакамандуючага войскамі Варшаўскага вялікага Княства, камандуючага 5-м (польскім) корпусам арміі Напалеона падчас франка-расійскай вайны 1812 г., пазней ён – маршал Францыі. Ад сына старэйшага брата караля засталіся нашчадкі, якія жывуць у Францыі. Адзін з князёў Панятоўскіх – Мішэль – у 1973-1974 гг. быў міністрам аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння, а ў 1974-1977 гг. – міністрам унутраных спраў Францыі.

© Анатоль Грыцкевіч, “Культура”. 1994. Старонкі нашай мінуўшчыны.-Мінск: Кнігазбор, 2009.-468 с

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии