Посттаталітарная культура

Новыя ўмовы. Афіцыйная лінія на стварэнне беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі выклікала ў першыя гады незалежнасці невядомы раней энтузіястычны настрой у творцаў. Ва ўжытак уводзіліся здабьггкі беларускай культуры, створаныя па-за савецкай ідэалогіяй, пераважна ў беларускім эміграцыйным асяродку. Поўная ліквідацыя цэнзуры і свабодны доступ да культурнай спадчыны народаў усяго свету стваралі неверагодна спрыяльныя ўмовы для культурнага абмену. У нацыянальную культуру вярталася хрысціянская духоўнасць. Вернікі Беларусі ўрэшце дачакаліся часу, калі ім пачалі вяртаць храмы і паводле закона 1992 г. аб свабодзе веравызнанняў дазвалялі будаваць новыя.
Беларусізацыя. Незалежнай, але зрусіфікаванай Беларусі патрабавалася беларусізацыя. Пашыралася выкладанне на беларускай мове. Калі ў 1986 г. па беларускім буквары вучылася чытаць каля 25% першакласнікаў краіны, то ў 1993 г. - 80%. Да пачатку 1993/94 навучальнага года для ўсіх класаў былі створаныя і выдадзеныя на беларускай мове 20 новых падручнікаў па гісторыі, дзе важная роля надавалася Вялікаму Княству Літоўскаму і асуджэнню савецкага таталітарызму. Спробы інтэнсіўней выкарыстоўваць беларускую мову ў сродках масавай інфармацыі сутыкаліся, праўда, з матэрыяльнымі цяжкасцямі. Выдаўцы не атрымалі ні друкарань, ні памяшканняў, а таму і не пазбавіліся залежнасці ад наменклатуры, якая распараджалася дзяржаўнай маёмасцю і дыктавала свае ўмовы. Чыноўнікі размяркоўвалі паперу, грашовыя сродкі не на карысць беларускіх выданняў. На беларускай кінастудыі адсутнічала спецыяльнае абсталяванне для сінхранізацыі замежных фільмаў. Міжнародная інфармацыя па-ранейшаму прыходзіла праз Маскву. Дзяржаўная наменклатура ўпарта гаварыла па-руску. ГІаўсюль чулася руская мова. I дзеці беларускай інтэлігенцыі пыталіся ў бацькоў, чаму яны размаўляюць не так, як усе людзі. Закон 1990 г. аб пераходзе на беларускую мову ўрадам не выконваўся. Па выніках узнаўлення сваіх культурных традыцыяў нацыянальныя меншасці ў Беларусі апярэджвалі саміх беларусаў, а каштоўнасці беларускай культуры прымалі не вельмі ахвотна.
Некаторыя добрыя прыклады. У лютым 1992 г. нечакана зніклі бюсты Леніна і Маркса, што стаялі ля былога будынка ЦК КПБ. Але вайна з помнікамі камуністычным правадырам не выбухнула. Побач з імі ставіліся новыя: беларускаму святару і асветніку Кірылу Тураўскаму ў Пінску, беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу ў Мінску, беларускаму першадрукару Францішку Скарыну ў Лідзе. Засноўваліся гімназіі, каледжы, ліцэі, недзяржаўныя ВНУ. Пачалі выходзіць гістарычныя часопісы “Спадчына” (1989), “Беларускі гістарычны часопіс” (1992), “Беларуская мінуўшчына” (1993) і “Беларускі гістарычны агляд” (1994). На сродкі ЮНЕСКА пачалася рэстаўрацыя Мірскага замка. Чацвёртым у Беларусі універсітэцкім горадам пасля Мінска, Гомеля і Гародні ў 1993 годзе стаў Полацк. А неўзабаве статус універсітэтаў набылі амаль усе вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. 3 1991 г. у іх уводзіцца выкладанне беларусазнаўства. 3 1992 г. распачала актыўную прапаганду беларускай музычнай спадчыны “Беларуская капэла” (мастацкі кіраўнік Віктар Скорабагатаў). У Мінску адкрыўся Дзяржаўны музей беларускай літаратуры. Друкаваліся творы забароненых аўтараў: Францішка Аляхновіча, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва. Паэзія Алеся Разанава ўзнялася да ўзроўню сусветных узораў. Мастак Леанід Шчамялёў быў прызнаны Міжнародным біяграфічным цэнтрам у Кембрыджы Чалавекам 1992 года. У наступным годзе ў Маладзечне адкрыўся драматычны тэатр, уведзены ў дзеянне новы комплекс Мінскай харэаграфічнай вучэльні. Беларускі тэатр оперы і балета набыў сусветную вядомасць. Маладзечна стала месцам наладжвання фестываляў беларускай песні і паэзіі.
Выхад на міжнародную арэну. Пачалі праводзіцца міжнародныя фестывалі і конкурсы. Сярод іх - фестываль эксперыментальных тэатраў у Мінску пад назвай “Студыйныя калядкі” (1991), фестываль монаспектакляў “Я” у Мінску (1993), музычны фестываль “Славянскі базар” у Віцебску (з 1992 г.), які стаў спадкаемцам былога ў 80-х гг. фестывалю польскай песні, фестываль духоўнай (хрысціянскай) музыкі “Магутны Божа” у Магілёве (з 1992 г.). Праводзіліся штогадовыя кніжныя кірмашы ў Мінску (з 1994 г.). У 1994 г. адбыўся I міжнародны мастацкі пленэр імя Марка Шагала ў Віцебску. Выхад на міжнародную арэну стаў найважнейшай заваёвай культуры незалежнай Беларусі. Гэтаму спрыялі такія арганізацыі, як Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, а таксама Беларускі фонд культуры. Яшчэ ніколі не было так шмат зроблена для беларускага культурнага адраджэння, як за першыя гады незалежнасці.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.