Князь. Рада. Сойм

Вялікі князь

На чале дзяржавы стаяў вялікі князь, або, як яго ад XV ст. называлі дзяржаўныя дакументы, гаспадар. У часы Гедзіміна, Альгерда і Вітаўта ўлада вялікага князя лічылася неабмежаванай. Пасля смерці Вітаўта манарха выбіралі, але толькі з дынастыі Ягайлавічаў.

3 часам усё больш складаныя патрэбы нутраной і замежнай палітыкі дзяржавы прывялі да ўтварэння шэрагу пасадаў і органаў кіравання. Яшчэ за Вітаўтам з'явіліся такія найвышэйшыя ў Княстве ўрады (пасады), як канцлер (кіраўнік вялікакняскай канцылярыі і хавальнік дзяржаўнай пячаткі), падскарбі (загадчык дзяржаўнага скарбу) і маршалак (кіраўнік вялікакняскага двара), пазней - гетман (галоўны военачальнік). Апрача іх існавалі ўрады гаспадарскага пісара, падчашага, падстоляга, крайчага, кухмістра, канюшага... Прызначэнне на пасаду знаходзілася ў кампетэнцыі гаспадара. Арыстакрат, які атрымліваў пасаду, звычайна валодаў ёю пажыццёва і пакінуць мог, толькі пераходзячы на вышэйшую.

Галоўным абавязкам гаспадара была абарона краіны. Ён узначальваў узброеныя сілы, абвяшчаў вайну і падпісваў мірныя пагадненні, выдаваў законы, распараджаўся дзяржаўным скарбам (казной), ажыццяўляў дыпламатычныя зносіны з іншымі краінамі.

Рада

Паступова ўсё большую вагу набывала вялікакняская Рада, або, як яе яшчэ называлі, Паны-Рада. Спачатку гэта быў дарадчы орган з найбліжэйшых асобаў гаспадара. Вядома, што Вітаўт раіўся з сваімі баярамі наконт стварэння ўласнай праваслаўнай мітраполіі ды наконт сваёй каранацыі. Статут 1468 г. вялікі князь Казімір Ягайлавіч уклаў «з князямі і з паны-радаю нашаю Вялікага Княства Літоўскага». У часы гэтага гаспадара, які часта ад'язджаў у Польшчу (калі стаў і польскім каралём), Рада выконвала абавязкі найвышэйшай улады.

Значна пашырыў правы Рады прывілей, выдадзены ў 1492 г. вялікім князем Аляксандрам Казіміравічам. Цяпер гаспадар не мог без узгаднення з Панамі-Радай праводзіць замежную палітыку і прызначаць на дзяржаўныя пасады. Яшчэ больш вырасла роля Рады ў 1506 г., пасля прывілея гаспадара Жыгімонта Старога. Паводле яго ўсе дзяржаўныя пастановы вялікі князь меў права выдаваць толькі пасля іх абавязковага абмеркавання з Панамі-Радаю. (У лацінамоўных крыніцах гэты дзяржаўны орган называўся Сенатам.)

 

3 агульнага складу радных вылучалася старшая, або пярэдняя, рада. Яе прадстаўнікі - віленскі біскуп, а таксама віленскія і троцкія ваяводы і кашталяны - на паседжаннях сядзелі на пярэдняй лаве. Гэтыя найбольш уплывовыя ў дзяржаве людзі часам збіраліся сваім вузкім колам і прымалі пастановы за ўсю Раду.

Шлях да пасады, якая давала права засядаць у Радзе, адкрываўся толькі для эліты Вялікага Княства. Гэта былі знакамітыя арыстакратычныя роды Астрожскіх, Валовічаў, Войнаў, Гальшанскіх, Гаштаўтаў (Гаштольдаў), Глінскіх, Глябовічаў, Забярэзінскіх, Збаражскіх, Іллінічаў, Кезгайлаў, Кішак, Пацаў, Радзівілаў, Сапегаў, Солтанаў, Хадкевічаў, Храптовічаў...

У паўнамоцтвы Рады ўваходзілі кантроль за дзейнасцю манарха, дыпламатычныя зносіны дзяржавы, яе абарона, заканадаўства і фінансы, справы шляхоцтва, раздача земляў, некаторыя судовыя пытанні. Радзе належала вызначальная роля ў выбары вялікага князя.

Рада складалася з 45 радных. (У заходнееўрапейскіх дакументах яе называлі Сенатам, а радных - сенатарамі.) У іх лік уваходзілі біскупы - віленскі, луцкі, кіеўскі і жамойцкі, ваяводы (або старасты) - віленскі, полацкі, смаленскі, наваградскі, віцебскі, падляшскі, троцкі, кіеўскі, луцкі, жамойцкі, намеснікі ваяводаў - кашталяны, канцлер, падканцлер, падскарбі, гетман, маршалак, пісар вялікакняскай канцылярыі ды іншыя высокія дзяржаўныя чыноўнікі.

Храналогія ўтварэння ваяводстваў
1404 г. Смаленскае.
1413 г. Віленскае, Троцкае.
1471 г. Кіеўскае.
1503 г. Віцебскае.
1504 г. Полацкае.
1520 г. Падляшскае.
1565 г. Амсціслаўскае, Браслаўскае, Валынскае, Менскае, Наваградскае.
1566 г. Берасцейскае.

 

Сойм

Утварэнне Сойму азначала далейшае абмежаванне ўлады гаспадара, а таксама стрымлівала самаўладдзе алігархаў.

Гістарычныя дакументы XV ст. захавалі шмат сведчанняў пра дзейнасць земскіх соймаў у Полацку, Віцебску, Смаленску ды іншых землях Вялікага Княства. У такіх сойміках, якія працягвалі традыцыі старадаўняга веча, бралі ўдзел вылучэнцы розных станаў - баяраў, шляхты, мяшчан. Пазней соймікі ператварыліся ў выключна шляхоцкія органы.

Пры канцы XV ст. на аснове соймікаў асобных земляў утварыўся агульны Сойм Вялікага Княства. Палітычнае адзінства краіны цяпер грунтавалася не толькі на прызнанні землямі аднаго манарха, але і на ўдзеле іх паслоў (дэпутатаў) у найвышэйшым органе ўлады.

Агульнадзяржаўны Сойм называўся вальным. На яго апрача вялікакняскай Рады і шматлікіх службоўцаў дзяржаўнага апарату з'язджаліся князі, паны і баяры з усіх частак краіны. На Сойм спачатку запрашалі наагул усю шляхту, што рабіла паседжанні надзвычай шматлюднымі. Таму пазней была зацверджаная норма прадстаўніцтва: ад кожнага павета - па два шляхцічы-паслы, якіх выбіралі на павятовых сойміках.

Першым вальным Соймам стаў скліканы ў 1492 г. Панамі-Радай Віленскі з'езд, які абраў вялікім князем Аляксандра Казіміравіча. У часы княжання Жыгімонта Старога паседжанні Сойму пачалі збіраць рэгулярна. На іх разглядалі лёсавызначальныя дзяржаўныя пытанні: выбранне гаспадара, альянсы з іншымі краінамі, заканадаўства і дзейнасць судоў. У сувязі з няспыннай ваеннай небяспекай з боку Маскоўшчыны і Крымскага ханства вальныя Соймы мусілі найперш займацца абаронаю краіны. Дэпутаты абвяшчалі вайну, разглядалі ўмовы замірэнняў, прымалі пастановы аб вайсковых падатках.

Палітычная вага Рады ў жыцці дзяржавы пачала змяншацца, калі ўтварыўся новы найвышэйшы орган кіравання - Сойм. Такія органы былі тыповай з'явай для тагачаснай Еўропы: у Англіі існаваў парламент, у Гішпаніі - картэсы, у Швецыі - рыгсдаг, у Нямеччыне - рейхстаг, у Польшчы - сейм.

Найчасцей Соймы склікаліся ў сталічнай Вільні, але часам іх паседжанні адбываліся і ў іншых гарадах - Наваградку, Горадні, Берасці. Рада і Сойм складалі разам двухпалатную парламенцкую сістэму Вялікага Княства Літоўскага.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012