Каменны век на тэрыторыі Беларусі

Стаянка эпохі позяга палеаліту
Стаянка эпохі позняга палеаліту ў Цэнтральнай Еўропе (Фрагмент). Мастак Здэнэк Бурыян (Zdenek Burian)

Каля 1 млн гадоў назад на планеце пачалася эпоха Вялікіх зледзяненняў. У выніку на тэрыторыі Беларусі істотна змяніўся жывёльны і раслінны свет. У лясах усё большае месца займаюць хвойныя пароды дрэў. Сярод іх знаходзілі сховішча і нажыву лясныя быкі, ласі, мядзведзі, ваўкі, коні, бабры. Праўда, трапляліся і незвычайныя для нас жывёлы – маманты і насарогі.

Прыкладна 90 тыс. гадоў назад пачалося апошняе аблядненне. На поўдзень папаўзлі леднікі і вечная мерзлата скавала зямлю. Вось у такіх умовах і адбылося першае, вядомае навукоўцам, пранікненне старажытнага чалавека на тэрыторыю Беларусі. Слядоў селішчаў тых часоў пакуль не знойдзена, але ў некаторых месцах беларускага Прыдняпроўя знойдзены крамянёвыя прылады – наканечнікі, скрэбла, разакі. Яны належалі старажытным людзям неандэртальскага тыпу, якія 100–40 тыс. гадоў назад засялялі тэрыторыю Еўропы. Першыя жыхары яшчэ істотна адрозніваліся ад нас свамі – былі прысадзістыя, буйнога складу тулава, з выступаючым ілбом і скошаным падбародкам. Аднак яны ўжо распальвалі вогнішчы, каб абагрэцца і засмажыць мяса, умелі будаваць нешта падобнае на жыллё, затулялі цела шкурамі, з крэмню і костак рабілі неабходныя для працы і палявання рэчы. Неандэртальцы ўжо маглі зразумець адзін аднаго з дапамогай слоў, што было асабліва неабходна пры калектыўным паляванні. Гэтак жа яны мелі нейкі зародак рэлігіі, бо памерлых хавалі ў магілах.

Неандэрталец
Неандэрталец. Рэканструкцыя

Каля 40-35 тыс. гадоў назад на змену неандэртальцам прыходзяць людзі крэманьёнскага тыпу, якія вонкава амаль не адрозніваліся ад сённяшніх еўрапейцаў. У перыяд паміж 26–23 тыс. гадоў назад крэманьёнцы на даволі працяглы час пракраліся на поўдзень Беларусі. Пад шматмятровымі пяшчанымі наносамі археолагі знайшлі поруч вёсак Юравічы Калінкавіцкага і Бeрдыж Чачэрскага раёнаў дзве стаянкі таго часу. Яны адносяцца да позняга каменнага веку – палеаліту.

Аднак і другая спроба першабытнага чалавека замацавацца на тэрыторыі Беларусі пацярпела няўдачу. 19–18 тыс. гадоў назад ляднік дасягнуў раёнаў сёняшніх Гародні, Вілейкі, Оршы. Нават летнімі месяцамі на поўдні Беларусі здараліся замаразкі. У такіх невыносна суровых умовах існаванне краманьёнцаў прыпынілася. 12 тыс. гадоў назад, у самым канцы палеаліту, з поўдня і захаду на зямлю Беларусі прыйшлі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Гэта было качавое насельніцтва, бо яго асноўная здабыча мігравала. Асноўнай іх зброяй стаў лук са стрэламі.

Востраканечнiк i прылада працы эпохi сярэдняга палеалiту з Абiдавiч
Востраканечнiк i скэблападобная прылада працы эпохi сярэдняга палеалiту з Абiдавiч

10–9 тыс. гадоў назад скончыўся ледніковы перыяд і наступіў сярэдні каменны век – мезаліт. Пачало патроху цяплець, а раслінны і жывёльны свет паступова стаў падобны на сучасны. З пацяпленнем паўночныя алені адступілі далёка на поўнач. Услед за імі накіравалася і значная частка насельніцтва, якая спецыялізавалася на паляванні. Іншыя ж групы паляўнічых пачалі абвыкаць да ўмоў жыцця сярод лясоў, якія ўсе гусцей пакрывалі тэрыторыю Беларусі. У мезаліце адбылося поўнае засяленне тэрыторыі Беларусі. Рассяліўшыся кампактнымі групамі, яны ўтварылі сама меней чатыры культурна-гістарычныя вобласці. З’явіліся і больш складаныя прылады працы: крамянёвыя пласціны, сякеры, цёслы, разцы, скрабкі. Памочнікам чалавека на паляванні стаў сабака. Ва ўмовах цёплага клімату, пры незлічонай колькасці азёр, густой сетцы рэк істотнае значэнне набывае і рыбалоўства. Рыбу пачынаюць лавіць не толькі гарпунамі, але і вудамі з касцянымі кручкамі. Гэтак жа тым часам з’яўляюцца і плеценыя сеткі.

У IV тыс. да н.э. у гісторыі першабытнага насельніцтва Беларусі пачаўся заключны перыяд каменнага веку — неаліт. Ён працягваўся каля 2 тыс. гадоў і характарызаваўся важнымі зменамі ў жыцці нашых продкаў. У неаліце навучыліся ляпіць посуд з гліны, пачалі здабываць крамень з шахт. Аднак найважным дасягненнем гэтага перыяду стала зараджэнне і распаўсюджанне земляробства і жывёлагадоўлі.

© Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд, 2003.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии