Вялікі князь Жыгімонт I Стары

Жыгімонт «Стары» (1 студзеня 1467 — 1 красавіка 1548) — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1506—1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы.
Пасля смерці вялікага князя літоўскага Аляксандра абраны панамі-радай у кастрычніку 1506-га на велікакняжацкі сталец. 8 снежня 1506 негледзячы на апазіцыю сенатараў з Малой Польшчы абраны і на польскі сталец. Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго 10-гадовага сына Жыгімонта II Аўгуста.

Вялікі князь Жыгімонт Стары быў прыхільнікам роўнасці шляхты незалежна ад яе этнічнага паходжання і рэлігійнай прыналежнасці. У гады княжання гэтага гаспадара адбылося скасаванне Гарадзельскай пастановы 1413 г., якая забараняла праваслаўным уваходзіць у дзяржаўную Раду.

Пасаду троцкага ваяводы атрымаў праваслаўны князь Канстанцін Астрожскі, які на паседжаннях Рады заўсёды сядзеў на першай лаве. Пазней туды трапіў і праваслаўны троцкі кашталян Рыгор Хадкевіч. Такая палітыка ўмацоўвала адзінства нашай дзяржавы, якая тады мусіла весці частыя войны з агрэсіўным усходнім суседам — Маскоўшчынай.

Жыгімонт Стары атрымаў добрую адукацыю і валодаў некалькімі мовамі. Ён меў славу мецэната і апекуна навук. Ён меў значную бібліятэку, запрашаў да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапіцаў. Значную ролю ў жыцці дзяржавы адыгрывала ягоная жонка Бона, што паходзіла з знанага італійскага роду Сфорца. Яна павялічыла зямельныя ўладанні дынастыі Ягайлавічаў і праводзіла аграрныя рэформы.

Сын Жыгімонта Старога і Боны Сфорца вялікі князь Жыгімонт Аўгуст працягваў бацькаву палітыку. Ягоны подпіс замацаваў пастанову, у якой галоўным крытэрам ацэнкі кандыдата на дзяржаўную пасаду называліся не паходжанне і веравызнанне, а здольнасці і заслугі перад Айчынай. Следам за бацькам гэты гаспадар падтрымліваў мастакоў, архітэктараў, літаратараў, музыкаў ды іншых людзей мастацтва.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012