Слуцкае паўстанне 1920 г.

Перадумовы Слуцкага паўстання. Зусім не выпадкова, што гэтае антысавецкае паўстанне выбухнула на слуцкай зямлі. Якраз тут, у Слуцку, з верасня 1917 г. пачала працаваць першая ў Беларусі беларуская гімназія. Случчына вылучалася заможнымі сялянскімі гаспадарамі. У часы БНР узнік Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны. Гэты камітэт ствараў па населенных пунктах мясцовыя рады, вёў актыўную культурна-асветную і кааперацыйную працу. У сакавіку 1919 г. у Слуцкім павеце выбухнула антыбальшавіцкае паўстанне, задушанае ўладамі. Пасля заняцця Слуцка палякамі там узнавілася культурна-асветная дзейнасць. Працавалі беларускія школы і настаўніцкія курсы. А ў адказ на рабаванні польскіх вайскоўцаў разгортваўся партызанскі рух. Да ўсяго гэтага меў дачыненне Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны. У ліпені 1920 г. яго разагналі бальшавікі. Але з іх адступленнем 11 кастрычніка таго ж года ён выйшаў з падполля і ўзяў уладу на слуцкім абшары ў свае рукі. На дамах Слуцка віселі бел-чырвона-белыя сцягі, па вуліцах хадзіла беларуская міліцыя. Па валасцях выбіраліся камітэты самакіравання. Польскія ўлады глядзелі на ўсё гэта скрозь пальцы, бо згодна з дамовай ад 12 кастрычніка Слуцкі павет перадаваўся бальшавікам.

Хада Слуцкага паўстання. 14-15 лістапада 1920 г. адбыўся I беларускі з’езд прадстаўнікоў Слуцка і Случчыны ў складзе 107 асобаў. Найбольшы ўплыў на ім мелі беларускія эсэры. З’езд заслухаў дэлегацыю Станіслава Булак-Балаховіча, але адмовіўся прызнаць яго верхавенства. Дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой прызналі ўладу БНР, віталі "сястру ГІольшчу", а савецкі ўрад Вільгельма Кнорына характарызавалі як самазваны. Гучаў і заклік “Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!”. З’езд абраў Беларускую раду Случчыны ў складзе 17 чалавек на чале з эсэрам Уладзімірам Пракулевічам, якой перадаў уладу і даручыў фармаванне войска. Набралося каля дзесяці тысячаў добраахвотнікаў. Гэта дазволіла стварыць Першую Слуцкую брыгаду стралкоў войска БНР, якая складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Да паўстанцаў далучаліся дэзерціры-чырвонаармейцы. Абаронцы Случчыны мелі свой марш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, напісаны ўдзельнікам паўстання Макарам Касцевічам (псеўданім - Макар Краўцоў). Сёння ён многімі прызнаецца за беларускі нацыянальны гімн. Слуцкая рада выконвала функцыю часовага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі на тэрыторыі Слуцкага павета. Яна паслала Белрэўкаму пратэст супраць падзелу незалежнай і непадзельнай БНР і намераў бальшавікоў увесці на іх тэрыторыю Чырвоную Армію. Але наступленне саветаў прадухіліць не ўдалося. Яно пачалося ў лістападзе 1920 г. пасля таго, як польскае войска выйшла са Слуцка. Жыхары Слуцкага і часткова Бабруйскага паветаў падтрымалі сваё кіраўніцтва. Армія паўстанцаў дасягнула 4 тыс. чалавек і змагалася за незалежнасць Случчыны і БНР на працягу месяца. Вёска Сямежава некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Але перавага была на баку рэгулярнай арміі бальшавікоў. Некаторыя аддзелы Грозаўскага палка загінулі ў баях каля мястэчка Вызна цалкам. Надзеі на дапамогу Польшчы і на тое, што іх падтрымаюць у іншых месцах Беларусі, не спраўдзіліся. Перашкаджалі недахоп зброі, афіцэраў, правіянту, эпідэмія тыфу. Не сціхала барацьба за палітычнае лідэрства паміж эсэрамі і прыхільнікамі Булак-Балаховіча, якую толькі ўскладнялі прадстаўнікі Найвышэйшай рады БНР. Аб’яднання слуцкіх паўстанцаў з арміяй Булак-Балаховіча ўрэшце так і не адбылося. У канцы снежня 1920 г. атрады паўстанцаў, якія ўжо не мелі боепрыпасаў, перайшлі на другі бок ракі Лань, дзе іх сустрэлі і інтэрнавалі польскія жаўнеры. Слуцкае паўстанне 1920 г. увайшло ў гісторыю беларускага народа як адна з яе гераічных старонак. Яно вялося пад лозунгам: “Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў”. Гэта было першае самастойнае выступленне беларусаў за сваю нацыянальную незалежнасць. Цяпер штогод у канцы лістапада і ў Беларусі (праўда, неафіцыйна), і ў асяроддзі беларускай эміграцыі адзначаюцца ўгодкі Слуцкага паўстання.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.