Падзяліцца:
Апавяшчэнні
Clear all

Беларусы - славяна-балты ?

1 Посты
1 Карыстальнікі
0 Likes
1,391 Прагляды
Посты: 278
Заснавальнік Admin
Аўтар тэмы
 

(Інтэрв'ю з Валянцінам Сядовым)

Не сакрэт, што гуманітарная навука Савецкай Беларусі існавала ў межах, вызначаных ідэалагічнымі догмамі. І хоць гэтыя догмы былі нам, беларусам, у свой час навязаныя, але прыжыліся ў нашым палітычным клімаце, і нават пачалі даваць атрутныя плады - нацыянальны і духоўны нігілізм. Найперш гэта выяўлялася ў гуманітарнай навуцы. Узяць хоць бы сумны лёс, што напаткаў «тэорыю балцкага субстрату», якая найбольш завершана была сфармуляваная ў 60-х - пачатку 70-х гадоў, калі па ўсім Савецкім Саюзе, не абмінаючы і Беларусь, пракацілася хваля цкавання так званых «нацыяналістаў». Гэта тэорыя ставіла пад сумненне славянскую «чысціню» паходжання беларусаў, а значыць, і само існаванне адзінай старажытнарускай народнасці, з якой нібыта вылучыліся расейцы, украінцы і беларусы. Што ў сваю чаргу закранала палітычныя дактрыны, пабудаваныя на грунце этнічна абумоўленага адзінства ўсходніх славян. Таму і не дзіўна, што ў тагачаснай Акадэміі навук БССР тэорыя балцкага субстрату была прынята ў штыкі.

«Палітычныя амбіцыі пераважалі над навуковымі фактамі», - так лічыць аўтар гэтай тэорыі, доктар археалогіі Валянцін Сядоў. Гутарка карэспандэнтаў «ЛіМ»з вядомым навукоўцам адбылася ў Маскве, дзе той жыве і працуе.

- Скажыце, калі ласка, якім чынам вы, здавалася б, далёкі ад Беларусі маскоўскі навуковец, прыйшпі да теорыі «балцкага субстрату», тэорыі, якая цалкам змяніла ранейшае ўяўленне пра паходжанне беларусаў?

- У аспіранцкія гады я працаваў над тэмай «крывічы і саславяне», і мне выпала займацца курганамі. З вынікаў раскопаў у Беларусі і Смаленшчыне відаць, што гэтыя землі адрозніваюцца ад Кіеўшчыны, Ноўгарадчыны, Валыні, Польшчы асобным тыпам упрыгожанняў, якія можна супаставіць са старажытналетувіскімі і старажытналатышскімі тыпамі (нагрудныя, гарлавыя каралі, грыўні на шыю, культавыя змеі). Найболей яны захаваліся натэрыторыі сучасных Летувы і Латвіі, найменш у Беларусі і Смаленшчыне. У той час на Ўладзіміршчыне, у Падмаскоўі, на Кіеўшчыне, на Валыні такіх упрыгожанняў няма наогул.

Вывучаючы пахавальны абрад, я заўважыў, што ў Беларусі і Смаленшчыне побач з заходняй арыентацыяй славян, калі за паганскім часам мужчын хавалі тварам на ўсход, сустракаецца значная колькасць курганоў з усходняй арыентацыяй (у Латгаліі ды Жамойці такіх курганоў раскапана колькі сотняў).

Нам добра вядома фіна-вугорская, іранская, балцкая гідраніміка, каб зрабіць выснову, што назвы рэк Беларусі і Смаленшчыны ў большасці балцкага паходжання.

- Раскажыце, калі ласка, у чым сутнасць вашай тэорыі?

- На падставе археалагічных дадзеных можна сцвярджаць, што ў канцы бронзавага і ў жалезным веку на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора да вярхоўяў Дона, уключаючы ўвесь басейн Акі, і ад Падняпроўя да Кіеўшчыны жылі балты. Спачатку яны паслугоўваліся адзінымі балцкімі гаворкамі. Потым гэты арэал распаўся на тры часткі: Заходнія, Усходнія й Дняпроўскія балты. З сярэдзіны I тысячагоддзя пачынаецца моцная міграцыя славян. Узнікае пытанне: ці пасунулі славяне балтаў? Курганныя матэрыялы сведчаць, што не. Балты ўдзельнічалі ў этнагенезе гэтых славянскіх плямёнаў, увайшлі ў іх склад, прынялі мову, а дакладней, яе розныя дыялекты.

Балцкія элементы ў Беларусі і Смаленшчыне выяўляюцца найперш у гідраніміцы і дыялекталогіі, а таксама ў палеантрапалогіі. Пасля Беларусь склала аснову Вялікага Княства Літоўскага і такім чынам адасобілася ад пскоўскіх, ноўгарадскіх ды маскоўскіх земляў. І фармаванне беларусаў праходзіла на аснове балцкага субстрату. Археалагічна гэта лёгка прасачыць.

- Калі і дзе вы ўпершыню выступілі са сваёй теорыяй?

- Першы раз я выступіў у пачатку 60-х гадоў на археалагічнай канферэнцыі ў Менску. І адразу ж маю тэорыю не прынялі. Як мне здавалася, з-за нейкіх палітычных матываў. Супроць найбольш рэзка выступіў тады Гарбуноў. Калісьці пры Сталіне ён быў Старшынёй Савета Міністраў Беларусі, а за Хрушчовым яго зрабілі сакратаром аддзялення гуманітарных навук АН БССР. Натуральна, ён быў вельмі далёкі ад усіх гэтых праблем. Самым сур'ёзным ягоным аргументам было: «Мы били готтов и балтов сюда не пускали». Відаць, тагачаснае кіраўніцтва хацела, каб беларусы былі «найбольш чыстым славянскім племем», а не «балцкім субстратам».

Палякі, якія былі тады на канферэнцыі, запрасілі мяне выступіць у Польшчы. У 1966 годзе я чытаў даклад аб «балцкім субстраце» ў этнагенезе беларусаў у Варшаве і ў Беларускім навуковым таварыстве ў Беластоку. У 1970-м выйшла мая кніга «Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья». Яшчэ раней, у 1967-м і 69-м, гэтай жа тэме я прысвяціў артыкулы ў часопісе «Советская этнография».

- Здаецца, пасля першай публікацыі і разгарэлася на старонках часопіса дыскусія?

- Так. На старонках «Советской этнографии» маімі апанентамі выступілі Жучкевіч, М.Грынблат, Траццякоў, Хабургаеў, здаецца, Бандарчык і іншыя. Паводле іх, этнагенез, беларусаў трэба разглядаць на аснове старажытнарускай народнасці, а ніяк не балцкага субстрату. У другой маёй публікацыі я даў адказ на ўсе прыведзеныя аргументы. А беларусы ўсё нешта шумелі, былі незадаволеныя. Мне нават казалі, што пры разглядзе маёй доктарскай працы ў Вышэйшай Атэстацыйнай Камісіі ў Маскве беларусы выступалі супраць зацвярджэння маёй работы, маўляў, мой пункт гледжання палітычна шкодны. Але мяне падтрымалі іншыя навукоўцы, даводзячы, што навуковы пункт гледжання аўтара мае права на існаванне. Пасля дысертацыі я напісаў кнігу. Усе рэцэнзіі былі станоўчыя. Нягледзячы на некаторыя ўнёскі, прынцыпова ніхто супраць балцкага субстрату не выказаўся. У кніжцы я падаў мапы, антрапалагічныя табліцы, вымеры, з якіх відавочна, што, напрыклад, пахаванні X-XIII стагоддзяў з усходняй арыенціроўкай маюць адну антрапалагічную пабудову, з заходняй - іншую.

- Усё ж, якія аргументы выстаўлялі вашыя апаненты?

- Напрыклад, чаму балцкія ўпрыгожанні не дайшлі да XVIII стагоддзя (да этнаграфічнага часу)? Але да этнаграфічнага часу не дайшлі не толькі балцкія, але й славянскія ўпрыгожанні. Прамінула амаль тысячагоддзе, а ўпрыгожанні хутка мяняюцца, гэта ж - мода.

Таксама не дайшла ўсходняя арыенціроўка часткі могільнікаў, галоўным чынам з-за пашырэння хрысціянскіх канонаў пахавання.

Мне здаецца, што ў той палеміцы для маіх апанентаў галоўнае было - ідэя, а не факты. Дыскусіі са мной вялі не археолагі, а этнографы, гісторыкі. Неаднаразова крытыкаваў тэорыю балцкага субстрату Абэцэдарскі. Бадай што адзіны археолаг, які ўдзельнічаў у дыскусіі, быў член-карэспандэнт АН БССР, ленінградскі навуковец Траццякоў. Ён адзін з першых выступіў супроць маёй тэорыі, але праз 4-5 гадоў выдаў кнігу, дзе пісаў аб балцкім субстраце ў Беларусі. Згаджаўся з маімі поглядамі і беларускі архерлаг Аляксей Мітрафанаў, згаджаўся, але адкрыта не падтрымліваў. У кабінеце дапаўняў мае факты, дадаваў дадзеныя сваіх раскопаў, а ён іх праводзіў непасрэдна ў Беларусі, я ж - на Смаленшчыне, і абагульняў назапашаны за некалькі дзесяцігоддзяў археалагічны матэрыял. Але адкрыта падтрымаць мяне не хацеў, казаў, што я выступлю ды з'еду ў Маскву, а яму тут заставацца.

- Як пры такой атмасферы дайшло да падрыхтоўкі канферэнцыі?

- Дакладна не ведаю, але, кажуць, з ініцыятывы аддзела навукі ЦК КПБ. Гэта мелася быць канферэнцыя, спецыяльна прысвечаная пытанню этнагенезу беларусаў.

Я атрымаў запрашэнне, даў згоду і даслаў тэзісы. На канферэнцыі павінны былі выступіць лінгвісты, этнографы, антраполагі, археолагі. Карацей, задума была маштабная. Мелася яна адбыцца дзесьці ў 1973 годзе. Але арганізатары, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР вырашылі на пленарныя пасяджэнні выставіць толькі даклады праціўнікаў тэорыі балцкага субстрату, а на больш дробныя, секцыйныя, дзе, дарэчы, грунтоўнай дыскусіі быць не можа, - прыхільнікаў. Гэта было не зусім прымальна, бо траціўся навуковы сэнс дыскусіі. Нават кіраўніцтва майго інстытута ў Маскве сумнявалася, ці варта ехаць на такую канферэнцыю, якая мелася быць не зусім навуковай па характары. Але я вырашыў усё ж ехаць.

За два месяцы да канферэнцыі ў тым жа часопісе «Советская этнография» з вельмі крытычным у мой адрас артыкулам выступіла супрацоўніца майго ж інстытута ў Маскве Салаўёва. У артыкуле былі сабраны ўсе магчымыя аргументы супраць маёй тэорыі. На аргументах Салаўёвай будавалі сваю крытыку многія мае навуковыя апаненты. З гэтага артыкула, на маю думку, вынікала толькі тое, што фактаў на карысць тэорыі балцкага субстрату гэтак багата, што аспрэчыць іх нельга, хіба толькі замоўчваць. Мяркуючы па тэзісах, якія выпусцілі напярэдадні планаванай канферэнцыі, праціўнікі (напрыклад, лінгвіст Філін) будавалі сваю крытыку на аргументах Салаўёвай. Я даў адказ, паказаў, што ў гэтым артыкуле багата блытаніны, чалавек проста не разабраўся, аўтарка шмат чаго наблытала.

І вось, літаральна за колькі дзён да адкрыцця, канферэнцыю адмяняюць. Чуў я, што і тэзісы, за выключэннем асобных экземпляраў, панішчылі. Захавалі іх некаторыя навукоўцы, у некаторых бібліятэках ёсць.

- Што змянілася ў поглядах навукі на праблему этнагенезу беларусаў? Які сённяшні стан тэорыі?

- У навуцы бывае так, што з'яўляюцца новыя навуковыя дадзеныя, якія цалкам абвяргаюць альбо прынцыпова мяняюць ранейшы навуковы погляд. Што да этнагенезу беларусаў, дык фактаў на карысць тэорыі настолькі багата, што іншы пункт гледжання можа трымацца, як я ўжо казаў, толькі на няведанні альбо замоўчванні. 70-я і 80-я гады далі новыя факты. Падам толькі некалькі прыкладаў. Выдаў дзве кніжкі ўкраінскі мовазнаўца Непакупны. Адна называецца «Балты - ближайшие родичи славян», у другой даследуюцца балцкія элементы ў прыпяцкім Палессі, дзе ён даказвае, што, на падставе гідранімічных і лінгвістычных дадзеных, балты даходзілі да паўночнай Валыні. Непакупны зафіксаваў шэраг балтызмаў. Выявіць балтызмы ўдалося і пры аналізе пісьмовых крыніц XVII-XVIII стагоддзяў. У 1990 годзе ў Пскове адбылося чарговае пасяджэнне навуковага семінара па гісторыі Пскова і пскоўскай зямлі. З дакладам «Балтызмы ў беларускай мове» выступіў ковенскі мовазнаўца Рымша, які налічыў у беларускай мове некалькі соцень балтызмаў, хоць, безумоўна, нейкая частка іх можа быць аспрэчана. Што да самой Беларусі, дык у 70-х і 80-х гадах зноў якіх-небудзь дыскусій не ўзнікала. Але пры распрацоўцы навуковых праблем падобны пункт гледжання праводзіцца. Можна згадаць і нядаўнюю абарону доктарскай дысертацыі Ўладзімірам Багамольнікавым (Гомельскі ўніверсітэт). Ён працуе на абмежаваным рэгіёне і не кранае тэорыю балцкага субстрату, але ўказвае, што балты з'яўляюцца кампанентай этнагенезу радзімічаў. Падкрэсліваецца, што этнагенез мог развівацца ў розныя бакі. У выніку мог перамагчы любы з элементаў. Такія прыклады навуцы вядомыя... Так, славянскае племя крывічоў пасялілася ва ўсходняй Латгаліі, але на гэтай тэрыторыі паступова асімілявалася і сталася латгаламі. Прыбалцкія фіны на Ноўгарадскай зямлі і славяне-крывічы склалі ноўгарадцаў.

Урэшце і я далей распрацоўваў тэорыю ў сваёй кнізе «Восточные славяне в VI-XIII веках», якая выйшла ў Маскве ў 1982-м годзе.

- Як вы ацэньваеце той факт, што ў выдадзенай АН БССР у 1985 годзе кнізе «Этнаграфія беларусаў» тэорыя балцкага субстрату адназначна характарызуецца як навукова-неабгрунтаваная? У выдадзенай у 1989 годзе энцыклапедыі (!?) «Этнаграфія Беларусі» наогул не згадваецца ні тэорыя, ні вашае імя? Гэта няведанне ці замоўчванне?

- На праблему этнагенезу беларусаў дагэтуль існуюць розныя погляды, дарэчы, не заўсёды абгрунтаваныя. Але для навукі карысна было б паставіць усе кропкі над «і». Можа, варта было б правесці канферэнцыю... Мне думаецца, што пасля яе тэорыя балцкага субстрату пераможа. Можа, варта было б выдаць навуковы зборнік «Этнагенез беларусаў», дзе прывесці розныя пункты гледжання. Пакуль жа існуюць два паралельныя пункты гледжання: «беларускі» і той, які, на маю думку, можна назваць навуковым. Я ўпэўнены, што ў навуцы будучыня за апошнім...

© «Літаратура і мастацтва», 30.04.1993

 
Размешчана : 28 лютага 2017 22:18
Тэгі тэмаў
Падзяліцца: