Шварн Данілавіч

Шварн Данілавіч, хроснае імя Іаан (1230-я — 1270) — кароль рускі (1264—1270), вялікі князь літоўскі (1267—1270).

У Літве Шварн меў, несумненна, пэўную падтрымку, хаця б ужо з-за аднаго свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. Калі б у яго нарадзіўся сын, ён паводле родавых звычаяў лічыўся б законным нашчадкам Міндоўга “па кудзелі”. Аднак Шварн, відаць, не пакінуў дзяцей. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася:

“Шварнови в Литовскои земле княжив лет немного, и тако преставися”.

Гэта адбылося прыкладна ў 1270 г. – праз два-тры гады пасля смерці Войшалка. Прыкладна ў гэтыж час памірае і Васілька Раманавіч1.

Галіцка-валынскія ўладанні Шварна адышлі да яго брата Льва, а ў Літве ўзяла верх антыгаліцкая партыя, якая абрала вялікім князем Трайдзена – старога ворага Васількі Раманавіча. Пры жыцці Міндоўга і Войшалка Трайдзен у крыніцах не ўпамінаецца (пра яго варожасць з Васількам летапісец паведамляе ўжо потым, заднім чыслом), таму пра яго паходжанне нічога не вядома.

У хуткім часе крыжакі распачалі супраць прусаў новы крыжовы паход. У паходзе ўдзельнічаў усё той жа заснавальнік Кралеўца Пжэмысл Отакар, а таксама маркграфы Цюрынгіі і Брандэнбурга. Перавага пачала схіляцца на бок крыжакоў. У час зімовага паходу 1267/68 г. Отакар зноў дамогся скарэння ўжо заваяванай ім трынаццаць гадоў назад Самбіі. Вармія, Натангія і Барція яшчэ трымаліся да 1273 г.

Лівонскі ордэн прадпрыняў новую спробу пашырыць свае межы, прычым не толькі за кошт суседніх паганцаў, земгалаў і жамойтаў, але і за кошт зямель Вялікага Ноўгарада. У 1269 г. крыжакі зноў спрабуюць захапіць Пскоў, але сустракаюцца з эфектыўным адпорам Даўмонта. І тут жа з Літвы прадпрымаецца вялікі зімовы набег па лёдзе Балтыйскага мора ажно да вострава Саарэмаа (Эзеля). На зваротным шляху літоўцаў спрабуе перахапіць аб’яднанае лівонска-дацкае войска, але ў лютым 1270 г. яно церпіць жорсткае паражэнне на лёдзе бліз Карусе (Заходняя Эстонія).

  1. В. Насевіч. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Пакаленне другое: Войшалк і Трайдзен (1260-ыя – 1280-ыя гады).
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии