Імя Міндава ўпершыню сустракаецца ў летапісах пад 1219 г. у сувязі з ягонай дамовай з галіцка-валынскімі князямі супраць Польшчы. У адным з беларускіх летапісаў – «Хроніцы Быхаўца» – апавядаецца, што, забіўшы частку сваіх супернікаў і выгнаўшы на чужыну іншых, Міндаў у 1235 г. «пачаў княжыць ва ўсёй зямлі Літоўскай адзін, меў славу і гонар вялікі і не цярпеў супроць сябе нікога».
Шматлікія незадаволеныя васалы распачалі з Міндавам зацятую барацьбу. У пошуках хаўрусніка князь скіраваў свой позірк у бок Новагародскага княства. Новагародцы ж бачылі ў суседнім валадары таленавітага ваяра і палітыка, які мог спрыяць умацаванню іхнага княства і пашырэнню яго межаў. Яны падтрымалі Міндава і запрасілі на новагародскі пасад.
Палітычны альянс наймацнейшага горада прынёманскага беларускага абшару з самым моцным з літоўскіх князёў меў вынікам стварэнне новай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, якой наканавана было набыць значную вагу ў Еўропе і існаваць больш за пяць стагоддзяў. Але напачатку новая дзяржава займала тэрыторыю верхняга і сярэдняга Панямоння і мела апрача сталічнага Новагародка гарады Ваўкавыск, Горадню, Слонім і Здзітаў.
Узыходжанне Міндава на пасад у Новагародку датуецца 1246 г. Пад тым самым годам пазнейшы Густынскі летапіс паведамляе, што літоўскі князь, які быў паганцам, нібыта прыняў праваслаўе – веру сваіх падданых, але абставіны прымусілі яго яшчэ раз змяніць веравызнанне.
Сталася так, што першыя гады існавання Вялікага Княства праходзілі ў цяжкім змаганні з Галіцка-Валынскім княствам, варожымі балцкімі князямі і нямецкімі рыцарамі Інфлянцкага (Лівонскага) ордэна. Каб разбурыць гэтую магутную кааліцыю, Міндаў пагадзіўся на пераход у каталіцтва. У 1251 г. князь з жонкай Мартай і двума малодшымі сынамі прыняў у Новагародку хрост паводле заходняга абраду.
Разам з сваім валадаром у новую веру перайшоў ягоны двор і тая частка войска, што складалася з паганцаў. Хрышчэнне адбывалася ў Новагародку з удзелам высокіх асобаў Інфлянцкага ордэна, які, такім чынам, з ворага ператварыўся ў хаўрусніка. Гэта паспрыяла перамогам над яцвягамі і жамойтамі. Княства ліквідавала небяспеку для сваёй незалежнасці. Міндава падтрымаў сам папа рымскі Інакенцій IV.
Забойства караля
Праз некалькі гадоў кароль Міндаў разарваў пагадненне з сваім пратэктарам – Інфлянцкім ордэнам. Найверагодней, што прычынаю сталася імкненне далучыць Жамойць, якая раней была аддадзеная крыжакам. Улетку 1260 г. нашае войска ўшчэнт разграміла нямецкіх рыцараў каля возера Дурбэ. Міндаў распачаў з Інфлянцкім ордэнам адкрытую вайну.
Амаль бесперапыннае змаганне з Ордэнам, галіцка-валынскімі князямі, Польшчай і Прусіяй ішло з пераменным поспехам і ўзмацніла апазіцыю Міндаву на землях васалаў. У змову супраць валадара дзяржавы ўступілі нальчанскі князь Даўмонт і жамойцкі Транята, які марыў пра новагародскі пасад.
У 1263 г. Міндаў паслаў сваё войска на Бранск. Даўмонт пагадзіўся на ўдзел у паходзе, але з дарогі нечакана павярнуў назад і ўначы напаў на Міндава. Караля і двух ягоных малодшых сыноў напаткала смерць.
У выніку гэтага забойства ў Літве пачаў княжыць Транята, але ягонае валадаранне скончылася вельмі хутка. Праз колькі месяцаў Траняту забілі Міндавы слугі, якія выканалі волю Войшалка – старэйшага сына Міндава.
Разрыў Міндава з Інфлянцкім ордэнам прывёў да стварэння немцамі міфа, нібыта наш кароль адвярнуўся ад папы рымскага і стаў адступнікам веры. Але ж пасля смерці Міндава папа Клімэнт IV пісаў пра яго як пра «слаўнай памяці караля, падступна забітага сынамі здрады». Больш за тое, ён рупіўся пра аднаўленне ў Літве каралеўскага пасаду і даваў даручэнне каралю Багеміі Атакару каранаваць сына Міндава. Тытул «кароль ліцьвіноў» у дачыненні да манархаў Вялікага Княства выкарыстоўваўся ў актах дзяржаўнай канцылярыі і дыпламатычным ліставанні да Крэўскай вуніі 1385 года.
Міндаў увайшоў у гісторыю як заснавальнік новай беларускай дзяржавы з першай сталіцай у Новагародку. Ён убачыў перспектыўнасць павароту палітыкі на Захад. Дзякуючы каралю Міндаву нашая дзяржава атрымала міжнароднае прызнанне.
© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012