Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна з усіх беларускіх устаноў у горадзе была толькі школка і раптам на пачатак 1919 года Гродна ператвараецца ў цэнтр нацыянальнага руху, а адных мясцовых беларускіх арганізацый ствараецца каля дзесятку. Больш таго, сюды пераносіць сваю працу беларускі ўрад, што дало магчымасць пазней назваць Гродна другою пасля Мінску сталіцай БНР.
…Пасля заняцця бальшавікамі Мінска, Рада міністраў БНР пераязджае ў Вільню, а ад туль у сярэдзіне снежня 1918 года – у Гродна, пры гэтым урад БНР падзяліўся: А. Цвікевіч і А. Смоліч, да якіх пазней далучыўся В. Захарка, па справах грашовай пазыкі апынуліся на Украіне, тады як А. Луцкевіч і Л. Заяц засталіся ў Гродна. 1 лютага 1919 года гродзенскі склад ўраду пашырыўся за кошт Кузьмы Цярэшчанкі, які заняў пасаду міністра ўнутранных спраў. Аднак, ужо 18 лютага А. Луцкевіч, у сувязі з ад’ездам у Вільню, склаў абавязкі старшыні Рады міністраў і міністра замежных спраў БНР на карысць А. Смоліча, а часовае кіраўніцтва ўрадам прыняў на сябе Л. Заяц.
Толькі на пачатак сакавіка 1919 года, калі Гродна апынуўся амаль са ўсіх бакоў асочаны польскім войскам, адбываюцца падзеі, якія па сутнасці ператварылі яго на некалькі тыдняў у неафіцыйную сталіцу БНР. Атрымаўшы ў сярэдзіне лютага 1919 года ад украінскага ўраду дзяржаўную грашовую пазыку, А. Цвікевіч, А. Смоліч і В. Захарка едуць у Берлін. Адтуль яны, падзяліўшы каштоўны груз, каб гэткім чынам збіць са следа палякаў, якія арганізавалі сапраўднае паляванне на ўкраінскія грошы, паасобку дабіраліся да Гродна. Адначасова Л. Заяц пасылае кур’ераў у Вільню да А. Луцкевіча. 10 сакавіка той тэрмінова вяртаецца ў Гродна, дзе зноў прыступае да спаўнення сваіх паўнамоцтваў у якасці старшыні Рады міністраў і міністра замежных спраў БНР.
Наступным з беларускіх урадаўцаў, праз чатыры дні, у горад з Коўна прыязджае А. Цвікевіч. Ранкам 15 сакавіка 1919 года адбылося, па сутнасці першае ў Гродна, пасседжанне Рады міністраў БНР з удзелам А. Луцкевіча, А. Цвікевіча, Л. Заяца і К. Цярэшчанкі, на якім было вырашана выехаць усім кабінетам у Берлін. Акрамя гэтага тады ж урад БНР пастанавіў узяць усе выдаткі па пахаванню гродзенскага беларускага настаўніка А. Грыкоўскага на свой рахунак.
Ужо наступнага дня замест Нямеччыны было вырашана ехаць у Інстэрбург, адкуль А. Луцкевіч павінен быў накіравацца ў Берлін, а ўсе астатнія – на перамовы з літоўскім урадам у Коўна. Адначасова планавалася адчыніць Генеральнае консульства ў Варшаве, каб атрымаць фармальнае прызнанне БНР з боку польскага ўраду. У гэтай справе было вырашына скарыстаць аўтарытэт і сувязі Рамана Скірмунта, які на той час таксама знаходзіўся ў Гродна. Р. Скірмунт быў прызначаны членам надзвычайнай замежнай дэлегацыі ўраду БНР і атрымаў паўнамоцтвы весці перамовы з урадам Польшчы аб назначэні ў Варшаву Генеральнага консула БНР.
На гэтым жа паседжанні К. Цярэшчанка як Міністр унутраных спраў БНР выступіў з дакладной запіскай аб арганізацыі на акупаванай палякамі і бальшавікамі тэрыторыі Беларусі камісарыятаў, якія б выконвалі ролю часовых адміністрацыйных органаў БНР. На чале губерніі прызначаўся камісар, два ягоных памочнікі і сакратар. Акрамя гэтага, планавалася заснаваць губернскі беларускі камітэт, які б складаўся з прадстаўнікоў паветаў, губернскіх беларускіх інстытутаў і ўсіх палітычных партыяў, якія стаялі на грунце беларускай дзяржаўнасці. Прадстаўнікі паветаў з’яўляліся б нягласнымі камісарамі ўраду БНР. Камісарам ураду БНР на Гродзенскую губернію вырашана было прызначыць П. Аляксюка, а ягонымі памочнікамі А. Якубецкага і Б. Квяцінскі. У сувязі з палітычнымі варункамі ў губерніі, П. Аляксюку прадпісвалася вясці працу патаемна, як ад акупантаў, так і ад мясцовых грамадзян. На пачатак працы камісарыяту было выдадзена 10 тысяч марак авансу.
Другім пасля А. Цвікевіча з Берліна ў Гродна прыехаў В. Захарка. 18 сакавіка адбываецца чарговае паседжанне ўрада БНР ужо з ягоным удзелам, на якім зноў абмяркоўвалася стварэнне губернскіх камісарыятаў. Наступнага дня ў горад прыбывае амерыканская місія, а з імі і апошні з сябраў украінскай дэлегацыі – Аркадзь Смоліч.
Нарэшце, 21 сакавіка беларускі ўрад збіраецца ў поўным складзе: А. Луцкевіч, А. Цвікевіч, К. Цярэшчанка, Л. Заяц, В. Захарка і А. Смоліч. Галоўным пытаннем паседжання была атрыманая ад украінскага ўрада пазыка ў ліку 4 мільёнаў карбованцаў, з якіх 100 тысяч украінскіх карбаванцаў і дзевяцьсот тысяч рублёў былі атрыманы гатоўкай і зданы В. Захарку, а яшчэ 3 млн. аўстрыйскіх кронаў – пераведзены ў Аўстра-Венгерскі банк, а перавадны ліст быў адданы А. Цвікевічу і пакладзены ў Вене на яго імя. Акрамя таго, 1,666 тыс. нямецкіх марак былі пераведзены ў Берлінэр Рэйхс-Банк, а перавадны ліст зданы ў Берліне В. Ластоўскаму. Усе грошы былі пакладзены на імя старшыні рады міністраў БНР А. Луцкевіча. Улічваючы фатальны фінансавы стан большасці беларускіх міністраў, няма нічога дзіўнага ў тым, што як толькі ўрадаўцы сабраліся ўсе разам, першае што яны зрабілі, гэта склалі «Выдатковую ведамасць на пэнсію і сутачныя радзе Народных міністраў БНР…». Цікава і тое, што частка грошаў з украінскай пазыкі заставалася ў Гародні да пачатку красавіка 1919 года.
У канцы сакавіка 1919 года ў клубе «Беларуская хатка» адбываецца ўрачысты вечар у гонар беларускага ўрада. У прызначаны час усе пакоі клуба аказаліся запоўненымі прадстаўнікамі самых розных слаёў насельніцтва Гародні. Першым выступіў Антон Луцкевіч. У сваёй прамове, тлумачачы прычыны хуткага ад’езду з гораду, ён звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай.
Украінская пазыка адчыняла перад беларускім прэм’ер-міністрам дарогу на мірную канферэнцыю. 23 сакавіка А. Луцкевіч разам са А. Смолічам, А. Цвікевічам і Л. Зайцам выязджаюць з Гародні, трохі пазней ад’ехаў К. Цярэшчанка. Апошнім з беларускіх урадаўцаў у красавіку горад пакінуў В. Захарка. Распачалася гісторыя ўраду БНР на выгнанні.
© Андрэй Чарнякевіч. Старонкі гісторыі Беларускай Гародні
Гісторыя і архітэктура Гродна