Гомельскі гісторык знайшоў узгадку пра асабістага кракадзіла князя Радзівіла

Гомельскі гісторык Яўген Малікаў знайшоў у польскіх архівах сведчанне пра цмока. Дакладней, пра кракадзіла падканцлера ВкЛ і старасты Гомельскага, князя Міхала Казіміра Радзівіла. Магнат у адным з дакументаў 17 стагоддзя ў перапісцы з замежнымі купцамі просіць набыць для яго незвычайны тавар: “На кракадзіла з вялікай чакаю нецярпілівасцю”. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку даследчык апублікаваў эсэ пра экзатычную жывёлу, піша «Штодзень»..

Цытата з ліста Міхала Казіміра Радзівіла. Пачатак 1670-х гг.

Паўтары гады перабіраю ў польскіх гістарычных архівах паперы старажытных беларускіх радоў у пошуках згадак пра Гомельшчыну. Дабраўся да Радзівілаў. І тут …

Пачатак 1670-х гг. Князь Міхал Казімір Радзівіл – падканцлер ВКЛ, гетман польны Літоўскі, а з нядаўняга часу таксама і стараста Гомельскі, Прапойскі ды іншы, перапісваецца з сваёй даверанай асобай (невядомай) па гандлі з Гданьскам і галандскімі купцамі таварамі, вырабляемымі ў яго шматлікіх уладаннях. Пасля пераліку аб’ёмаў пастаўляемых тавараў, князь пералічвае і тыя рэчы, якія просіць набыць для яго за атрыманыя грошы – кунтушы, срэбра, каштоўныя камяні (буйныя!), шпалеры, нешта з індыйскіх тавараў. І, між іншым, паведамляе – “Na Krokodyla z wielką czekam inpaciencyą” – “На кракадзіла з вялікай чакаю нецярпілівасцю”.

Хм… Ну што ў XVI ст. Радзівілы трымалі ільвоў, а ў XVIII ст. яны рассякалі па Нясвіжу на верблюдах – аб тым было вядома ўжо даўно. А вось пра асабістага кракадзіла яшчэ не ведаў…

Цікава, а ці не прывозіў, выпадкам, князь Міхал Казімір Радзівіл, свайго кракадзіла ў Гомель – так бы мовіць, для лепшай нагляднай пераканаўчасці моцы яго княжай улады для мясцовых падданых яго Гомельскага староства – нядаўна набытага ў вялікага харужага ВКЛ і рэчыцкага старасты Жыгмунта Адама Слушкі? Гучыць, канешне, трохі абсурдна, але калі ж, усё-ткі, дапусціць, што гэта было праўдай, то тады становіцца абсалютна зразумелым, адкуль жа ў драўлянай (і не толькі) архітэктуры Гомеля і наваколляў так пашырыўся матыў цмока … Не верыце? Дык глядзіце фотаздымкі! Можна было б дабавіць яшчэ фота з Добруша, Рэчыцы, Васілевіч, але абмяжуемся покуль толькі двума з Гомеля.

Эх, не ведаў аб гэтым гомельскі пісьменнік Сяргей Балахонаў, калі ў 2012 г. выдаваў сваю “Зямлю пад крыламі Фенікса”! Інакш мы б даведаліся не толькі пра тое, як Францыск Скарына пасля сканчэння адтэрміноўкі па вучобе ў Падуанскім універсітэце праходзіў сваю тэрміновую службу ў спецназе на гомельскім памежжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы ў пачатку XVI ст., але і пра асобны адзел ручных баявых кракадзілаў князя Радзівіла, якія дапамагалі беларускаму палкоўніку (цытата) войск Рэчы Паспалітай Дзянісу Мурашку трымаць у тонусе старадубскіх ды чарнігаўскіх казакоў…

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии