У Гродна прывезлі помнік Давыду Гарадзенскаму

У снежні 2017 помнік Давыду Гарадзенскаму разам з пастаментам агульнай вагой амаль у 10 тон і вышынёй болей за 3,5 м дастаўлены з Мінска ў Гродна.

Помнік складаецца з дзвух частак: пастаменту і самой скульптуры. Ён выкананы з светла-шэрага башкірскага граніту. На пярэднім баку — суровы твар Давыда Гарадзенскага і галава ягонага вернага каня. У левай руцэ, прыціснуўшы да сэрца, князь трымае крыж Еўфрасінні Полацкай, а ў правай — меч. У доле — гарадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага.

На тыльным баку — шчыт і Каложская царква, побач з якой, паводле легенды, Давыд быў пахаваны. На пастаменце надпіс:

«Славутаму продку, сыну Св.Цімафея (Даўмонта) і Прп. Марфы, мужнаму абаронцу Айчыны са шчырай удзячнасцю ад нашчадкаў Гарадзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мецэната Карабача Анатолія Анатольевіча».

Помнік Давыду Гарадзенскаму

Працаваў над помнікам мінскі скульптар Сяргей Аганаў — у конкурсе ягоны праект быў прызнаны найлепшым сярод трынаццаці. Гэта будзе першы помнік, звязаны з гісторыяй Горадні. Помнік будзе ўсталяваны побач з гарадзенскімі замкамі на скрыжаванні вуліц Давыда Гарадзенскага і Замкавай.

Давыд Гарадзенскі — сын нальшчанскага князя Даўмонта і княжны Марыі Дзьмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага.

Факты з жыцця Д.Гарадзенскага
1305 Д.Гарадзенскі разам з Гедымінам разбіў каля Горадні войскі каменданта Брандэнбургу комтура Конрада Ліхтэнхагена.
1306 Узначаліў паспяховую абарону Гарадзенскага замку, які аблажылі 6 тысяч лёгкіх коннікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаваннем комтура Кёнігсберга Эберхарда Вірнэнбурга.
1314 Разбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і знішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю, чым парушыў тактыку крыжакоў, якія раней пры нападах на тэрыторыю ВКЛ трымалі склады харчу ў тыле.
1322 Дапамог Пскову ў барацьбе з Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разбіў пад яго сценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэля. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія трымалі горад у аблозе 18 дзён.
Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии