Шпонка часоў паўстання Каліноўскага захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Гродне. Унікальны артэфакт быў знойдзены пад Кобрынам і некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі.
Шпонка (запінка), якой зашпілялі манжэты ці каўнер мужчынскай кашулі, зробленая ў форме шчытка з выявай герба паўстанцаў – Пагоня разам з польскім арлом ды арханёлам Міхаілам. Цікавай падаецца колеравая гама гербу, пра якую можна меркаваць па рэштках эмаляў. Арол на сінім фоне, Пагоня на чырвоным, арханёл на белым. Традыцыйным фонам у паўстанцкай геральдыцы быў чырвоны. Падобныя ўпрыгожванні былі папулярныя адразу пасля задушэння паўстання Каліноўскага 1863-64 гг. і называліся “чорнай біжутэрыяй”. Яе насілі на знак жалобы па забітых ды вывезеных у Сібір паўстанцах ды іх сем’ях. Расейскія ўлады змагаліся з такой праявай салідарнасці: хутка падобныя адзнакі ў публічных месцах трапілі пад забарону. У Беларусі на сённяшні дзень захаваліся адзінкавыя артэфакты паўстанцаў Каліноўскага.
© Наша Ніва