На раскопках у Старым замку знайшлі цэглу з «Калюмнамі» — гербам вялікіх князёў літоўскіх

Знаходку выявілі 15 лютага на адным з раскопаў ля Старога замка ў Гродна. Меркавана, цагліна датуецца канцом XIV стагоддзя — часам, калі замак у Гродне перабудоўваў Вітаўт.

Герб «Калюмны» — адзін з дзяржаўных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага: у чырвоным полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Падобны герб сустракаўся на манетах ВКЛ, а таксама з гэтым сімвалам на сцягах літоўскія харугвы змагаліся пад Грунвальдам.

Цэгла была знойдзена ў тым месцы, дзе быў двор замка. На думку археолага Алеся Хацько, цагліны маглі быць часткай якой-небудзь печы, бо некаторая з іх пакрытыя сажай.

«Падчас капання аднаго з шурфаў нам пачалі трапляцца фрагменты гатычных цаглін часоў замка Вітаўта. І сярод іх быў знойдзены нейкі новы від цэглы, які раней не трапляўся, — распавядае Алесь Хацько. — Было вiдаць на кавалках цаглін нейкі выступаючы знак. І ўжо тады ў нас была здагадка, што гэта альбо літоўскія «Калюмны», альбо іншы від княжых знакаў.

15 лютага нам трапілася цэлая цэгла і наша здагадка пацвердзілася. На цэгле захаваўся знак «Калюмны» — герб Гедымінавічаў. Па складзе гліны яна падобная да іншай гатычнай цэглы. Але на раскопках у Гродне такая сустракаецца ўпершыню».
Цікава, што на знойдзенай цэгле герб «Калюмны» ўнізе мае цікавы працяг у выглядзе хвосціка, які раней не сустракаўся. Гэты дадатак збліжае «Калюмны» з трызубцам Рурыкавічаў.

Паводле hrodna.life

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии