У Крэўскім замку знайшлі тунэль XIV стагоддзя

Старажытны тунэль са сходамі XIV стагоддзя знайшлі ў Крэўскім замку. Яго выявілі ў Малой вежы. Гэтая знаходка можа дапамагчы рэстаўратарам пры стварэнні праекта рэканструкцыі данжона, піша hrodna.life.

Крэўскі замак
Крэўскі замак

«У Малой вежы Крэўскага замка знайшлі тунэль сходаў. Гэта вельмі рэдкая знаходка, бо многія канструкцыйныя элементы былі панішчаныя ў замку войнамі, найперш Першай сусветнай», — сказаў Алег Дзярновіч, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Ён ужо шмат гадоў даследуе Крэва.

Тое, што лесвіца захавалася — цуд, лічыць гісторык. На прыступках можна ўбачыць адбіткі драўляных бэлек, якія ляжалі на цэгле. Яны былі замацаваны вапнавай рошчынай.

Па словах Дзярновіча, падобны тунэль, але трохі большы, размяшчаўся ў данжоне [Княская вежа — Hrodna. life]. Таму знаходка можа дапамагчы рэстраўратарам падчас стварэння праекта рэканструкцыі Княскай вежы Крэўскага замка.

Адушканы тунэль са сходамі ў Крэўскім замку.

Чым адметны Крэўскі замак

У Крэве ў 1385 годзе была падпісаная ўнія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Што да часу зяўлення замка, даследчыкі дапускаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодздзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сходзяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць ля вытокаў мураванага абарончага дойлідства.

Замак страціў абарончае значэнне ў XIX стагоддзі і быў закінуты. Ён моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны. Нямецкія войскі размясціліся на тэрыторыі замка, таму расійская артылерыя выпускала снарады менавіта туды. З-за гэтага да нашых дзён захавалася толькі «нутро» сцен, бо фасад быў знішчаны.

У міжваеннай Польшчы ў канцы 1920-х рэстаўратары ўмацавалі парэшткі сцен. У савецкі часы гаворка пра кансервацыю руінаў не ішла. У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у спіс з трох дзясяткаў помнікаў даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі. З таго часу з бюджэту на яго захванне было выдаткавана каля паўмільёна долараў.

Летам 2021 года ў Крэўскім замку завяршылі кансервацыю дзвюх сценаў і ўсталявалі браму. Зараз трапіць ва ўнутраны двор можна толькі з экскурсіяй, набыўшы білет.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии