З 14 снежня у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе выстаўлена экспазіцыя “Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска”.
Нягледзячы на маштаб і значнасць вайны 1812 г. для Беларусі, яна да канца так і не асэнсавана грамадствам. Мы працягваем жыць стэрэатыпамі і звязваем гэтую вайну выключна з Расіяй і Францыяй, забываючыся на тое, што для Беларусі гэта не менш значная старонка гісторыі.
Вайна 1812 г. ўвайшла ў гісторыю Расіі як Айчынная, а ў еўрапейскую – як руская кампанія Напалеона. Яна змяніла лёсы еўрапейскіх народаў і пераўтварыла ў попел надзеі тых, хто звязваў з Напалеонам спадзяванні на аднаўленне Рэчы Паспалітай.
У 1812 г. Мінск – “лепшы пасля Вільні горад у беларуска-літоўскім краі” – выконваў ролю важнага ваенна-стратэгічнага цэнтра на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. За горад спрачаліся Баграціён і маршал Даву. З ліпеня па лістапад 1812 г. праз Мінск прайшло больш за 80 тысяч салдат Вялікай арміі. Але горад так і не стаў арэнай буйных бітваў у адрозненне ад Барысава, Віцебска, Магілёва. У жніўні тут урачыста адзначалі дзень народзінаў Напалеона.
Выстава “Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска” мае на мэце данесці да гледача аб’ектыўную, гістарычна дакладную і рознабаковую карціну падзей на прыкладзе Мінска праз прызму паўсядзённасці. Маштабная экспазіцыя складаецца з шасці тэматычных раздзелаў, аб’яднаных агульнай ідэяй. Прадстаўлены ўзоры халоднай і агнястрэльнай зброі, уніформа, рыштунак, прадметы ваеннага побыту, дакументы, карты, памятныя медалі, гістарычныя рэканструкцыі і шмат іншага.
Рэспубліканскі выставачны праект арганізаваны на аснове калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея, пры ўдзеле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е. Р. Раманава, Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Выстава падрыхтавана дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі JTI.
Аўтар навуковай канцэпцыі – навуковы супрацоўнік Сцяпан Лютых
Мастацкае вырашэнне – Уладзімір Кандрацьеў