У рэканструяваным славянскім гарадзішчы Х стагоддзя цяпер музей. Вонкава гарадзішча выглядае, як і тысячу гадоў таму, калі славяне абараняліся ад націску немцаў. Але ўнутры гэта камфортныя памяшканні з рэстаранам, музеем і заламі для сустрэч. Гарадзішча мае 58 метраў у дыяметры. Будаваліся такія крэпасці з дубовых бярвёнаў, іх ўкладвалі ўздоўж і папярок, змацоўваючы сукамі, дубовую аснову засыпалі пяском і глінай. У сцяне было двое варот. На тэрыторыі быў калодзеж. Такіх славянскіх замкаў у Германіі выяўлена каля 140. Мяркуюць, што славяне прыйшлі на землі паміж Эльбай і Одарам каля VI ст. падчас вялікага перасялення народаў. Славяне пратрымаліся да Х ст., а потым узмацнілася германізацыя. Немцы прынялі хрысціянства і стварылі магутныя дзяржавы, а славянскія плямёны жылі адасоблена і па-старому.
У Нямеччыне дагэтуль захоўваюць свае традыцыі і мову каля 60 тысяч лужычан. Нямецкая дзяржава цяпер фінансуе іх культурную дзейнасць, СМІ і гістарычныя даследаванні.
© Сяргей Гезгала / Наша Ніва