Прадстаўлены асобнік “Апостала” быў надрукаваны ў друкарні братоў Мамонічаў у Вільні. Выданне датуецца часам пасля 1595 года.
Міністр культуры Павел Латушка прадставіў адрэстаўраваны “Апостал”.
“За час свайго існавання друкарня Мамонічаў выпусціла больш за 80 выданняў як царкоўнага, так і свецкага характару. Акрамя таго, браты Мамонічы з’яўляюцца заснавальнікамі беларускага свецкага кнігадрукавання: менавіта ў “Доме Мамонічаў” пабачылі свет “Статут …” і “Трыбунал …” Вялікага Княства Літоўскага . Аднак да нашых дзён на тэрыторыі Беларусі захаваліся толькі адзінкі з выдадзеных імі кніг. Таму мець у сваім фондзе асобнік віленскага “Апостала” – вялікі поспех для любога музея або бібліятэкі “, – пракаментаваў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Сяргей Уладзіміравіч Вечар.
Нацыянальны гістарычны музей набыў “Апостал” у прыватнай асобы ў 2001 годзе. Аднак трухлявы стан кнігі, шматлікія забруджванні і пашкоджанні старонак, дэфармацыя вокладкі перашкаджалі яе экспанаванню і вывучэнню. Працэс рэстаўрацыі заняў больш за год. Былі набыты неабходныя матэрыялы, у тым ліку спецыяльная папера для рэстаўрацыі старонак і скура для папаўнення страт вокладкі. Над аднаўленнем першапачатковага выгляду выдання працавалі рэстаўратары Андрэй Крапіўка і яго жонка Ірына Зялёная-Крапіўка.
“Дадзены асобнік “Апостала” з’яўляецца адным з нешматлікіх помнікаў беларускага кірылічнага кнігадрукавання перыяду яго станаўлення, што захаваліся да нашых дзён. Асобную цікавасць уяўляе той факт, што пры друкаванні “Апостала” Мамонічы выкарыстоўвалі шрыфты, распрацаваныя і адлітыя рускім першадрукаром Іванам Фёдаравым”, – адзначыў Алег Георгіевіч Прахорчык, намеснік старшыні праўлення ААТ “Белзнешэканомбанк”.
У далейшым адрэстаўраваны асобнік “Апостала” будзе захоўвацца ў складзе збору старадрукаваных кніг Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, дзе будзе даступны экспертам для вывучэння.
© Паводле TUT.by