Адам Міцкевіч

Адам Міцкевіч (24 снежня 1798, фальварак Завоссе Навагрудскага павета Літоўскай губерні Расійскай імперыі, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці, Беларусі, у метрыцы месца нараджэння не пазначана — 26 лістапада 1855) — польскі паэт беларускага паходжання1, публіцыст (у тым ліку палітычны), асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў. Вядомы перадусім сваімі баладамі, паэтычнымі апавяданнямі: драмай «Дзяды» і паэтычнай эпапэяй «Пан Тадэвуш», якая прызнаная апошнім вялікім эпасам шляхецкай культуры. Сярод іншых уплывовых твораў Міцкевіча вылучаюцца паэмы «Конрад Валенрод» і «Гражына».

За сваю антыўрадавую палітычную дзейнасць Адам Міцкевіч правёў у ссылцы ў цэнтральнай Расіі пяць гадоў, пакінуў Расійскую імперыю ў 1829 годзе і правёў рэшту свайго жыцця ў выгнанні, першапачаткова асеўшы ў Рыме, затым перабраўшыся ў Парыж, дзе ён стаў прафесарам славянскай літаратуры ў «Калеж дэ Франс». У Парыжы сустракаўся з Фрыдэрыкам Шапенам. Памёр у Канстанцінопалі, куды прыехаў аказваць дапамогу ў арганізацыі польскіх войскаў для барацьбы з Расійскай імперыяй у Крымскай вайне. Яго парэшткі пазней былі перавезеныя ў Вавельскі сабор у Кракаве.

Адам Міцкевіч, 1842 г.

Біяграфія

Атрымаўшы адукацыю ў Навагрудскай дамініканскай школе (1807—1815), Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт (1815). З 1817 удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці патрыятычных моладзевых гурткоў філаматаў і філарэтаў, напісаў праграмныя вершы («Ода да маладосці», 1820 і іншыя). Па заканчэнні ўніверсітэта служыў настаўнікам у Коўна (1819—1823).

У кастрычніку 1823 быў арыштаваны ў Вільні па раздутай М. М. Навасільцавым справе філаматаў і заключаны ў турму, якая размяшчалася ў памяшканні былога базыльянскага манастыра Святой Тройцы, дзе правёў некалькі месяцаў. У красавіку 1824 быў выпушчаны з турмы на парукі. У кастрычніку 1824 быў высланы ў выгнанне з Літвы.

Да 1829 прабыў у Расіі: Санкт-Пецярбург, з лютага па сакавік 1825 — Адэса, з выездам у Крым, са снежня 1825 — Масква (дзе няўдала спрабаваў ажаніцца з Каралінай Яніш, будучай паэтэсай і перакладчыцай Караліне Паўлавай), з лістапада 1827 года зноў Пецярбург. У Расіі зблізіўся з удзельнікамі дзекабрысцкага руху (К. Ф. Рылееў, А. А. Бястужаў), са значнымі рускімі пісьменнікамі і паэтамі (А. С. Пушкін, А. А. Дэльвіг, І. В. Кірэеўскі, браты Ксенафонт і Мікалай Палявыя, Д. У. Венявіцінаў, Я. А. Баратынскі), з бібліёграфам і знакамітым аўтарам эпіграм С. А. Сабалеўскім, таксама сябраваў з паэтам А. М. Янушкевічам.

Асабліва блізкія сяброўскія адносіны звязалі Адама Міцкевіча з паэтам і журналістам князем Пятром Андрэевічам Вяземскім, які стаў першым перакладчыкам на рускую мову «Крымскіх санетаў».

Напалеон Орда. Двор Міцкевічаў у Завоссі.

У маі 1829 пакінуў Расію раней, чым быў падпісаны загад цара пра забарону выезду. Жыў у Рыме, Швейцарыі.

Атрымаўшы паведамленне пра паўстанне, спрабаваў выехаць на радзіму. На некалькі месяцаў затрымаўся ў Дрэздэне. Ужо ў Познані даведаўся пра паражэнне паўстання.

З 1832 г. у Парыжы, супрацоўнічаў з дзеячамі польскай і літоўска-беларускай эміграцыі, займаўся палітычнай публіцыстыкай. Разам з І. Лялевелем адзін з лідараў дэмакратычнага крыла эміграцыі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З 2 снежня 1832 г. — намеснік старшыні Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, у якім 24 верасня 1832 г. выбраны начальнікам гістарычна-літаратурнай секцыі. Рэдагаваў часопіс «Pielgrzym Polski».

У 1839—1840 г. прафесар Лазанскага ўніверсітэта, выкладаў; з 1840 узначальваў кафедру славянскіх літаратур у «Калеж дэ Франс» у Парыжы, стаў першым прафесарам славянскай славеснасці ў гэтай установе. У лекцыях даў высокую ацэнку беларускай мове і фальклору, на якія стала абапіраўся ў мастацкай творчасці2:

На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля 10 мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана.

У 1841 г. падпаў пад уплыў прапаведніка польскага месіянства Анджэя Тавяньскага. За прапаганду тавянізму французскі ўрад у 1845 г. адхіліў Міцкевіча ад чытання лекцый. У 1848 падчас рэвалюцыі стварыў у Італіі польскі легіён. З 1849 г. зноў у Парыжы, рэдагаваў газету «La Tribune des Peuples». У 1852 г. быў адпраўлены ў адстаўку разам з Жулем Мішле і Эдгарам Кінэ, стаў бібліятэкарам Арсенала.

У красавіку 1855 Міцкевіч аўдавеў і ўжо восенню 1855 з’ехаў у Канстанцінопаль, маючы намер арганізаваць Новы польскі, а таксама яўрэйскі легіён для дапамогі французам і англічанам у барацьбе з Расіяй. А. Міцкевіч ствараў атрады з ураджэнцаў Рэчы Паспалітай для барацьбы з Расіяй.

Памёр у Стамбуле 26 лістапада 1855 года падчас эпідэміі халеры. Перад смерцю сказаў свайму сябру Служальскаму, калі той спытаўся, ці не хоча ён што-небудзь перадаць дзецям: «Няхай любяць адно аднаго», — і праз некалькі хвілін дадаў ледзь чутным шэптам: «Заўсёды!».

Многія біёграфы мяркуюць, што смерць Міцкевіча з’явілася вынікам палітычных інтрыг. Цела паэта было перавезена ў Парыж і пахавана на могілках Манмарансі. У 1890 г. перазахаваны ў Саборы Святых Станіслава і Вацлава на ўзгорку Вавель у Кракаве.

Творчасць

Першы верш «Гарадская зіма» апублікаваны ў 1818 годзе ў віленскай газеце Tygodnik Wileński.

Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» Адама Міцкевіча. Выдадзены Юзафам Завадскім першы вершаваны зборнік «Паэзія» (польск.: «Poezje», т. 1, Вільна, 1822) уключаў «Балады і рамансы» і прадмову «Аб рамантычнай паэзіі» (польск.: «O poezji romantycznej»), стаў маніфестам рамантычнага кірунку ў польскай літаратуры.

У другі том «Паэзіі» (1823) увайшлі рамантычная ліраэпічная паэма «Гражына» і часткі 2 і 4 драматычнай паэмы «Дзяды». У Расіі выйшла кніга «Санеты» (1826), якая ўключыла цыкл «Крымскіх санетаў» з вобразам героя-пілігрыма, які сумуе пра пакінутую радзіму, і новымі для польскай паэзіі ўсходнімі матывамі.

Сярод твораў гэтых зборнікаў сусветна вядомыя «Люблю я!», «Рамантычнасць», «Свіцязь», «Рыбка», сюжэты якіх падказаны беларускімі народнымі паданнямі і песнямі.

У перыяд настаўніцтва Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку, з якой пазнаёміўся ў 1818 г. у час летнiх вакацый, калі гасцяваў у маёнтку Туганавічы непадалёк ад Навагрудка. У той час Марыля была сасватана за графа Путкамера, за якога выйшла замуж у 1821 г. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы паэт прысвяціў Марылі. Са з’яўленнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму, асноўныя прынцыпы народнасці і нацыянальнай самабытнасці якога Адам Міцкевіч сфармуляваў у літаратурным маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на беларускім гістарычным і фальклорным матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыятычным пафасам, а ў аснове сюжэта паэмы «Дзяды» — старажытна-беларускі язычніцкі абрад памінання продкаў.

Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці Адама Міцкевіча знайшлі адлюстраванне яго грамадска-палітычныя погляды на гісторыю і лёс роднага края, ролю нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў гістарычным працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамантычны вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асноўнай тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс…», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага края, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыятычнага абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нацыянальна-вызваленчы пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва.

У перыяд расійскай ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыятычных пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусветнай літаратуры. У іх паэтычнае майстэрства Адама Міцкевіча дасягаула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гістарычнага змагання старажытных ліцвінаў супраць крыжакоў.

Аўтограф

У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне Адам Міцкевіч пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардона», а таксама 3-ю частку драматычнай паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрапейскіх народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясцовай шляхты, дадзены шырокая панарама народнага жыцця на Беларусі пачатку ХІХ стагоддзя, яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы.

Мастацкая спадчына Адама Міцкевіча завяршаецца невялікім цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі славянскіх літаратур.

Многія творы Міцкевіча сталі агульнапрынятымі сімваламі вызваленчага руху на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, «Ода да маладосці» была ўспрынята як маніфест паўстання 1830—1831. Пасля напісання ў віленска-ковенскі перыяд паэм «Гражына» і «Дзяды» постаць Міцкевіча выйшла на першы план у польскамоўнай літаратуры.

Мова Міцкевіча

Мова Адама Міцкевіча з’яўляецца ў вялікай ступені мовай шляхты3 ў Беларусі і Літве, да якой належаў сам паэт і якая з пункту гледжання граматычнай сістэмы і лексічных рэсурсаў мае ў сабе мноства беларускіх элементаў, якія ўзыходзяць да мясцовых беларускіх гаворак. У сваёй творчасці правінцыялізм паэт уводзіў мэтанакіравана, тым самым падкрэсліваючы сваю лакальную асаблівасць. Доктар філалагічных навук і прафесар БДУ Мікалай Хаўстовіч адзначае, што мова сваіх твораў Міцкевіч называў польскай, зрэдку — «літвінскай»4.

Многія навукоўцы, як гісторыкі літаратуры, так і мовазнаўцы згаджаюцца з тым, што складана казаць пра мову паэта як пра мастацкі сродак, пакуль не будзе вывучаны аб’ём і характар ​​яго правінцыялізмаў. Прафесар Універсітэта імя Адама Міцкевіча Станіслаў Дабжыцкі ў сваёй працы «Некалькі назіранняў за мовай Міцкевіча» зарэгістраваў шматлікія моўныя факты, якія сустракаюцца ў творах Міцкевіча, якія выходзяць за межы літаратурнай польскай мовы.

Пазней беларускімі літаратарамі Адам Міцкевіч вызнаецца за аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, беларускага польскамоўнага паэта.

  1. Масляніцына І. Міцкевіч (Mickiewicz) Адам // Літаратура/Мысліцелі і асветнікі Беларусі (1995 г.)
  2. Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003
  3. Мова Міцкевіча // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 144.
  4. М. Хаўстовіч. Наш Міцкевіч // XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. — Кн. першая. — Мн.: БДУ, 2000
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии