Калі на Беларусі з’явілася пісьмо

На пэўным узроўні цывілізаванасці грамадства ўзнікла патрэба перадаваць думкі праз бар’еры адлегласці i часу. Найбольш раннімі знакамі пісьма былі спалучэнні прымітыўных малюнкаў, якія перадаюць толькі сэнс выказванняў, без падзелу на словы і тым больш без адлюстравання складу мовы. Такі від пісьма называецца піктаграфічным, ім карысталіся яшчэ ў першабытным грамадстве. 3 узнікненнем дзяржавы з’яўляецца ідэаграфічнае пісьмо, калі знак перадае асобнае слова. Становіцца магчымым перадаваць складаныя тэксты для абслугоўвання ўсіх сфераў жыцця. Ідэаграфічнае пісьмо, мала звязанае з фанетыкай мовы, было зручнае для этнічна неаднародных дзяржаўных утварэнняў. Трэці від пісьма – складовае, калі асобны знак абазначае пэўны склад, яно мае менш знакаў, чым ідэаграфічнае. Да складовых належаць старажытныя пісьмовасці урартцаў, шэрагу заходнесеміцкіх i эгейскіх народаў, сучасныя сістэмы пісьма хіндзі, бірманцаў i г. д. Есць i пераходны тып паміж гэтымі двума – слоўна-складовае пісьмо, калі захоўваецца сумесь слоўных i складовых абазначэнняў. Да такога тыпу адносяцца пісьмовыя сістэмы старажытных шумераў, егіпцянаў, хетаў, крыцянаў i сучасных кітайцаў (у апошніх яно бярэ вытокі з сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э.). Большасць жа сучасных сістэмаў пісьма літарна-гукавыя, або фанетычныя, калі асобным знакам перадаецца кожны гук. Упершыню фанетычнае (літарнае) пісьмо з’явілася ў фінікійцаў (тэрыторыя цяперашняга Лівана), адкуль прыблізна ў IX ст. да н. э. было запазычана грэкамі. У розныя часы на аснове грэцкага алфавіту склаліся лацінскі i кірыліца.

Надпіс на цагліне ў касцёле св. Мікалая (Вільня). Надпіс на касці са старога арсенала Ніжняга замка Вільні. Знакі на пасудзіне з Аляканава.

Акрамя кірыліцы, у старажытных славянаў пэўнае распаўсюджанне меў яшчэ адзін алфавіт – глаголіца, якая, аднак, не мела вялікага пашырэння (за выключэннем Харватыі) i часцей выкарыстоўвалася ў якасці тайнапісу. Пакуль невядома, які з гэтых алфавітаў быў вынайдзены Кірылам i Мяфодзіем.

Самым старажытным помнікам кірылічнай пісьмовасці на тэрыторыі племяннога саюзу крывічоў лічыцца надпіс «гороухша» (магчыма, абазначэнне гарчыцы) на глінянай пасудзіне першай чвэрці X ст. з курганоў пад Смаленскам. У час раскопак у Ноўгарадзе знойдзена віслая пячатка полацкага князя Ізяслава (памёр у 1001 г.), дзе па-грэцку напісана яго імя.

Знакі на камяні каля в. Сынкавічы Зэльвенскага р-на. Кірылаўскія літары i таямнічыя знакі на дарагічынскіх свінцовых пломбах.

Аднак ёсць падставы меркаваць, што пісьмо ў нашых продкаў {снавала i да распаўсюджання кірыліцы. Дастаткова высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця насельніцтва Беларусі ў I тысячагоддзі н. э. ствараў перадумовы для ўжывання сістэмы запісвання інфармацыі. Акрамя таго, варта ўлічыць, што i ў старажытных дзяржавах Усходу пісьмовасць развілася пад эгідай рэлігіі, як тайная прывілея святароў i валадароў, на аснове тайных святых знакаў. У канцы IX ст. балгарскі пісьменнік чарнарызец Храбр паведамляў пра славянаў да ix хрышчэння: «Прежде убо словене не имеху книг, но чрьтами и резами чьтеху и гадааху» (г. зн. славяне яшчэ не мелі кніг, але пры дапамозе «чэрт i рэзаў» чыталі i гадалі). Ужо ў наш час, абапіраючыся на звесткі пра даволі інтэнсіўныя славяна-ірландскія кантакты ў раннім сярэднявеччы, маскоўскі гісторык А. Кузьмін прапанаваў гіпотэзу, што «чэрты i рэзы» – гэта не што іншае, як ірландскі агамічны алфавіт (які па знешнім выглядзе якраз адпавядае такім назвам).

Арабскі падарожнік другой паловы X ст. Ібн-Якуб эль-Недзім у сваёй працы «Кніга роспісу навукам» перадае аднесенае да 987 г. апавяданне аднаго з тых, хто быў знаёмы з пісьмовасцю ўсходніх славянаў. «Мне расказваў адзін,- пісаў Ібн-Якуб эль-Недзім,- на праўдзівасць якога я пакладаюся, што адзін з цароў гары Кобк (г. зн. Каўказа.- Э. 3.) паслаў яго да цара Русаў; ён сцвярджаў, што яны маюць пісьмёны, якія выразаюць на дрэве. Ен жа паказаў мне кавалак белага дрэва, на якім былі выявы, не ведаю, ці былі яны словамі, ці асобнымі літарамі». Ібн-Якуб эль-Недзім нават прывёў узор гэтага пісьма, пераканаўча прачытаць якое яшчэ не ўдалося нікому, таму што яно не падобнае ні на адзін з вядомых алфавітаў. Арабскі пісьменнік Эль-Масудзі (памёр у 956 г.) у творы «Залатыя лугі» паведамляў, што ён бачыў у адным 3 «рускіх храмаў» прароцтва, накрэсленае на камені. Тытмар Мэрзэбургскі (976-1018 г.) сярод іншых звестак пра палабскіх славянаў указваў, што ў паганскім храме горада Рэтры ён бачыў славянскія стоды, на кожным з якіх асаблівымі знакамі было абазначана імя.

На карысць меркавання пра наяўнасць у славянаў свайго адмысловага пісьма могуць сведчыць i лінгвістычныя звесткі. Так, агульнаславянскае слова «кніга». На думку мовазнаўцаў, яно запазычана ca старажытна-паўночнагерманскага кепning – «знак», «мета» i ў старажытнасці абазначала «літары», «грамата», «пісьмо». Тое ж можна сказаць i пра тэрмін «буква». Стараславянскае «боукы», «боукъве» – літара, мн. лік «боукъвы» – «пісьмо», «кніга» – гэта перааформленае гоцкае bôka – «літара», мн. лік bókas – «кніга, пісьмо». Верагодна, паходзіць гэта ад назвы бука, на дошчачках якога першапачаткова наносілі знакі пісьма. Інтэнсіўныя ж кантакты славянаў з готамі адносяцца да III-V стст.

У розны час рабіліся спробы рэканструяваць славянскі дакірылічны алфавіт. Напрыклад, А. Фігуроўскі для гэтага спрабаваў спрашчаць літары глаголіцы, каб атрымаць так званае протаглагалічнае пісьмо. Некаторыя даследчыкі (Н. Канстанцінаў, М. Энгаватаў) ішлі па шляху збірання i сістэматызацыі асобных невядомых знакаў, якія дзе-нідзе трапляюцца ў кірылічных надпісах на манетах XI ст., на пячатках, у рукапісах, календарах, праселках, цаглінах. Іншыя вучоныя лічаць, што такія знакі маглі з’явіцца ў выніку несвядомага механічнага скажэння літараў кірыліцы перапісчыкамі рукапісаў, ад дэфармацыі надпісаў на штэмпелях для манетаў, па непісьменнасці тых, хто выразаў гэтыя надпісы.

Першымі меркаванымі славянскімі рунамі пэўны час лічыліся надпісы на стодах з Прыльвіца (тэрыторыя ўсходняй Нямеччыны, дзе ў старажытнасці жылі палабскія славяне), апублікаваныя ў 1771 г. Падобнымі былі знакі на камянях з выявамі бога Прове i каня, знойдзеныя ў Мікожыне каля Познані, а таксама на медальёне з Кракава. Колькасць аналагічных знаходак значна ўзрасла ў пачатку XIX ст., калі было выяўлена мноства манетаў, медальёнаў i г. д. з нібыта дакірылічнымі надпісамі.

Польскі даследчык Тадэвуш Валяньскі ў 30-я гг. мінулага стагоддзя нават выдаў некалькі кніг, дзе абагульняліся ўсе знаходкі са «славянскімі рунамі». Там жа прыводзіўся вядомы па крыніцах XVI ст. рунічны літоўскі алфавіт, якім нібыта быў выкананы надпіс на сцягу легендарнага правадыра прусаў Відэвута. Але потым выявілася, што i прыльвіцкія статуэткі, i іншыя славянскія дахрысціянскія надпісы – падробкі. Гэта i нядзіўна: у эпоху Рамантызму было зроблена даволі шмат містыфікацыяў, нярэдка таленавітых. Зрэшты, існаванне надпісу на сцягу Відэвута некаторыя сучасныя навукоўцы лічаць рэальным, але прапануюць іншае яго прачытанне.

I ўсё ж помнікі невядомай пісьмовасці на тэрыторыі старажытных славянаў існуюць. На наканечніку дзіды, знойдзеным у Развадове (каля Тарнабжэга ў Польшчы), маецца надпіс, падобны да гоцкага, шэраг знакаў якога не мае аналогіяў у германскіх рунах, але ім ёсць падабенства ў глаголіцы.

Значную цікавасць уяўляе надпіс на глінянай славянскай пасудзіне X ці XI ст., знойдзенай у 1897 г. археолагам В. Гарадцовым каля в. Аляканава ў Разанскай губерні. Трохі пазней там былі адшуканы яшчэ 2 фрагменты керамікі з таямнічымі знакамі. Як указваюць некаторыя спецыялісты, да гэтых надпісаў падобныя знакі на гаршках з былога Цверскага музея, а таксама на медных бляхах з курганоў каля горада Корчава былой Цверскай губерні. На дзвюх бляхах знакі ідуць колам, утвараючы два аднолькавыя надпісы. Вядомыя надпісы на камені ў Бежацкім павеце той жа Цверскай губерні, на костцы барана з чарнігаўскіх курганоў (калі толькі гэта не выпадковая камбінацыя расколін ад агню), на пячатцы кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча, знойдзенай у Ноўгарадзе (ёсць, праўда, думка, што гэты надпіс грэцкі).

Праселка з літарападобнымі знакамі з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага р-на (XII-XIII стст.). Праселка з гарадзішча каля е. Кастрыца Лепельскага р-на (пачатак н. э., днепра-дзвінская культура).

Некалькі загадкавых надпісаў паходзіць з тэрыторыі Беларусі. Археолаг Г. Татур яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя паведамляў пра знаходку каменнай пліты, «пакрытай незразумелымі буйнымі надпісамі ў некалькі радкоў, высечанымі выразна i глыбока», каля мястэчка Пагост у цяперашнім Бярэзінскім раёне. У Бабруйскім павеце, недалёка ад ракі Пціч, згодна з інфармацыяй гэтага ж аўтара, знаходзіўся камень, на якім надпіс складаўся з літар «накшталт птушыных лапак». Камень з надпісамі, зробленымі літарамі невядомага алфавіту, выяўлены каля в. Пнеўшчына Горацкага раёна. Пазней гэты камень загінуў пры пажары. Яшчэ адзін загадкавы надпіс быў зафіксаваны на камені з в. Сынкавічы пад Зэльвай. На сярэднявечным медальёне-змеевіку з Ваўкавыска, акрамя выяваў, па крузе відаць нейкія літарападобныя знакі. Ніводзін з гэтых надпісаў яшчэ не прачытаны.

На месцы старажытнабеларускага горада Дарагічына (зараз на Беласточчыне) даследчыкі сабралі сотні свінцовых пломбаў (напэўна, гандлёвых пячатак X-XVI стст.), якія засталіся ад колішняй мытні, «варотаў на Захад». На адным баку некаторых з гэтых пломбаў стаіць літара кірыліцы, на адваротным баку – адзін з загадкавых знакаў.

Зводная табліца знакаў на праселках з гарадзішча Маскавічы. Знакі на праселку з гарадзішча Малышкі Вілейскага р-на (пачатак н. э., культура штрыхаванай керамікі).

На гарадзішчы Маскавічы каля Браслава ў пластах XII-XIII стст., акрамя скандынаўскіх рунічных надпісаў на костках, знойдзены прёселкі з літарападобнымі знакамі, якія, паводле класіфікацыі кіраўніка раскопак Л. Дучыц, падраздзяляюцца на 43 віды (гэта супадае з колькасцю літар у кірыліцы). Аналогіі ім вядомыя на рэчах з раскопак Менска, Ваўкавыска, Горадні, Ерсікі, Ноўгарада.

Помнікі нейкага загадкавага пісьма ёсць i за межамі Беларусі, аднак у арэале сярэднявечнай беларускай народнасці. Пяць надпісаў паходзяць 3 Вільні: на бяросце IX ст., выяўленай у Старым арсенале Ніжняга замка, на костцы з таго ж арсенала (канец XI-XII стст.), на трох цаглінах канца XIII – першай паловы XIV ст. 3 касцёла св. Мікалая. Яшчэ адзін кароткі надпіс з чатырох знакаў вядомы на камені з ваколіц мястэчка Кернава (каля 30-35 км на паўночны захад ад Вільні). Вітаўтас Рымша, які апублікаваў гэтыя шэсць надпісаў, зрабіў спробу ix дэшыфроўкі, але яе нельга прызнаць пераканаўчай з-за недасканаласці методыкі. В. Рымша пры расшыфроўцы кожнага знака эклектычна падбіраў знешне падобныя адпаведнікі ў самых розных старажытных алфавітах: кірылічным, лацінскім, грэцкім, фрыгійскім, фінікійскім, пісьме з вострава Лемнас i г. д.

Таму недаказанай застаецца i ягоная выснова наконт прыналежнасці надпісаў этнічным літоўцам. Але затое вядомы факт даволі ранняга з’яўлення на Віленшчыне крывічоў, а потым беларусаў. Яшчэ ў даваенны час археолагі У. Галубовіч i Л. Цэгак-Галубовіч праводзілі раскопкі самай старажытнай часткі.

Вільні – Крывога горада, дзе ў пластах XII-XIII стст. засведчылі дамінаванне славянскіх знаходак. У «Спісе рускіх гарадоў дальніх i бліжніх» (канец XIV ст.) сярод іншых усходнеславянскіх гарадоў названы Вільня і Кернаў. Таму не пазбаўлена падстаў гіпотэза, што тыя надпісы пакінуты продкамі беларусаў, славянамі або славізаванымі балтамі, значная частка якіх на Віленшчыне да Крэўскай уніі заставалася паганцамі і магла карыстацца не кірыліцай, а сваёй дахрысціянскай сістэмай пісьма.

Звяртае ўвагу тое, што ўсе вышэйапісаныя надпісы выяўлены пераважна ў паўночнай частцы старажытнай тэрыторыі ўсходніх славянаў, асабліва ў арэале крывічоў. Гісторык А. П’янкоў у сваёй кнізе «Паходжанне грамадскага і дзяржаўнага ладу старажытнай Русі» нават выказаў меркаванне, што існаваў Крыўскі племянны саюз, у склад якога акрамя ўласна крывічоў уваходзілі так сама дрыгавічы, радзімічы, вяцічы i севяране.

Хоць ранейшыя спробы дэшыфроўкі яшчэ не далі пэўных вынікаў, усё ж амаль у кожнай з іх маецца нейкае рацыянальнае зерне. Можна дапусціць, што адзінай сістэмы пісьма не існавала, а ў розных плямёнаў былі свае алфавіты.

Крыніца: Зайкоўскі Эдвард. Калі на Беларусі з”явілася пісьмо? // Спадчына №2-1992. С. 13-17.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии