Крывічы (Kriviči, Кривичи (VIII – XII стст.) – этнічная супольнасць, якая ў эпоху рассялення славян і ранняга сераднявечча жыла ў вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, на поўдні Чудскага возера і якая вядомая з летапісных крыніц як славянская. Археалагічныя даследыванні дазволілі выказаць меркаванне аб фарміраванні супольнасці на грунце мясцовага балцкага і прыйшлага славянскага насельніцтва, а нават аб верагоднай яе прыналежнасці цалкам да балцкага насельніцтва, славянізацыя якога адбылася праз пераймання культурных і моўных традыцый. Характэрнай асаблівасцю матэрыяльнай культуры лічацца скроневыя бранзалетападобныя драцяныя кольцы з завязанымі канцамі. У пахавальным абрадзе – доўгія курганы з абрадам крэмацыі, якія ў канцы X ст. змяняюцца круглымі курганамі з пахавальным абрадам трупапалажэння. У канцы 1-га тыс. супольнасць распалася на групы – полацка-смаленскую, пскоўскую.
Крывічы разам з дрыгавічамі адыгралі галоўную ролю ў фарміраванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым шматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая велізарная тэрыторыя, на якой яны рассяляліся.
І па сённяшні дзень ідуць спрэчкі аб тым, ці былі крывічы славянамі. У свой час А.Шлецер на глебе таго, што ў першым пераліку усходнеславянскіх плямёнаў Лаўрэнцеўскі летапіс не згадвае крывічоў, палічыў немагчымым адносіць апошніх да славян і прызнаваў іх за латышоў. П.Шафарык абверг гэтую думку. Ён заўважыў, што латышы называлі ўсіх усходніх славян “Крэва”, гэта значыць крывічамі, якія былі іх непасрэднымі суседзямі.
У далейшым у даследчыкаў не выклікала сумневаў у славянскай прыналежнасці крывічоў, аднак зусім нядаўна зноў усплыла на паверхню думка Шлецера, і пра іх сказана, што яны былі альбо усходнім балцкім племем, альбо моцна балтызаванымі славянамі.
Дадзеныя, якія маюцца ў распараджэнні сучаснай гістарычнай навукі, даюць падставу лічыць састарэлай думку аб прыходзе крывічоў з поўдня. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб такое моцнае племя як крывічы магло быць выцеснена з поўдня Беларусі дрыгавічамі, як у свой час лічыў П.Галубоўскі і іншыя даследчыкі. Акрамя таго, вельмі моцна адрозніваюцца археалагічныя культуры крывічоў і славян Сярэдняга Прыдняпроўя. Адрозненне назіраецца і ў моўных асаблівасцях гэтых славянскіх груп.
У пачатку 20-х гадоў XIX стагоддзя К.Буга і А.Спіцын агучылі думку аб заходнім паходжанні крывічоў: першы – з Польшчы, другі – з Германіі. У апошні час гэты погляд на рознабаковым навуковым матэрыяле (археалагічным, лінгвістычным і тапанімічным) пацвердзіў В.Сядоў. Звернем увагу на існаванне крывіцкіх тапонімаў у палабскіх вёсках, што згадваюцца ў граматах каля 1160 і 1320 гг. Таксама нямала крывіцкіх тапонімаў рассыпана на польскіх землях. Мы знаходзім іх у былых губернях: Варшаўскай, Келецкай, Плоцкай, Седлецкай і Перцякоўскай. Асабліва шмат крывіцкіх тапонімаў у былой Сувалкаўскай губерні: Крэйвяны, Крэйвае, Крэйвэна, Кржывулькі, Кржывец, Крэўнішкі, Кржыве, Крэйвінцы, Крэйвена і г.д. Нельга таксама абысці факт наяўнасці крывіцкіх тапонімаў у Венгрыі, Галіцыі, на Валыні, у былой Кіеўскай губерні.
Усе вышэйназваныя тапонімы абвяргаюць думку, што крывічамі стала называцца тая група славян, якая асімілявала мясцовае іншапляменнае насельніцтва Беларусі. Як бачым, крывічамі яны называліся яшчэ да прыходу на нашу зямлю. Пра гэтую назву яшчэ існуе тэорыя, паводле якой крывічы сваё імя атрымалі ў спадчыну ад сярэдняй дачкі міфічнага славянскага цара Багуміра-Скрэвы і таму першапачаткова называліся скрывічамі (скрэвічамі). У пацверджанне гэтага праводзіцца дакумент, згодна з якім рымскі папа ў 834 г. прызначыў Ансгарыя сваім легатам да ўсіх паўночных народаў, у тым ліку да славенаў і скрыдэвіндаў. Пад апошнімі і трэба разумець скрывічоў. Можна дапусціць, што пачатковае “с” у далейшым магло выпасці пры збегу трох зычных і назва атрымала форму “крэвы”, “крывы”, “крывічы”.
М.Касторскі і некаторыя іншыя навукоўцы на падставе сведчанняў Адама Брэменскага і Пятра Дусбурга лічылі, што крывічы атрымалі сваю назву ад літоўскага паганскага жраца Крэва-Крывейты.
А.Кіркор нават сцвярджаў, што першапачатковая назва Вільні – Крэва горад – паходзіць ад імя жраца Крэва, які жыў у гэтым горадзе. Аднак калі ён і сапраўды існаваў, то хутчэй не ад яго пайшло найменне цэлага племя, а наадварот, сам быў выхадцам з крэваў-крывічоў, адкуль і магла пайсці назва паганскага сану.
Верагодна, што далейшае прасоўванне крывічоў на паўночны ўсход было спынена славенамі, і гэта прымусіла першых павярнуць на поўдзень і асесці на р.Палаце. Узнікненне Полацка на правым беразе Дзвіны – яшчэ адзін доказ таго, што крывічы ішлі сюды з поўначы, а не з Прыдняпроўя. Аб крывічах як першых жыхарах Полацка ёсць таксама яснае і бясспрэчнае сведчанне летапісу (“Перьвии насельници в Полотьске – кривичи”). Полацк стаў стаў адным з найбуйнейшых апорных пунктаў крывічоў пасля Крэва і Крывіч-горада (Вільна), што дало яму магчымасць стаць у далейшым дзяржаваўтвараючым цэнтрам.
Рассяліўшыся на вярхоўях Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі, крывічы трымалі ў сваіх руках вузлы ўсіх галоўных шляхоў Усходняй Еўропы. З аднаго боку, гэта садзейнічала іх яшчэ большаму рассяленню, а з другога боку, розныя рачныя сістэмы, якія яны занялі, і розныя этнічныя субстраты, якія яны ўвабралі ў сябе, разбурылі іх адзінства і племянную сувязь, паставілі іх у розныя этнічныя, эканамічныя і палітычныя ўмовы.