Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі

Пач. 2-га тыс. – VIII-VII ст. да н.э.

Бронзавы век наступае ў нашай першабытнай гісторыі, калі на тэрыторыі Беларусі людзі навучыліся выплаўляць медзь і бронзу.  Ён распачаўся на папачатку II тыс. да н.э. і працягваўся амаль паўтары тысячагоддзі. Аднак з-за адсутнасці мясцовай сыравіны першых металічных вырабаў сустракалася мала. Гэта былі галоўным чынам упрыгожванні, шыла, сякеры, наканечнікі для коп’яў. Пераважная большасць прылад працы і зброі па-ранейшаму выраблялася з крэмяню.

Бронзавы век характэрны далейшым пашырэннем і развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, першабытнай металургіі і крэменездабычы, што ў сваю чаргу вяло да зараджэння маёмаснай няроўнасці, да росту значэння мужчынскай працы ў сацыяльна-гаспадарчым жыцці роду і племя. Назапашванне прадуктаў, металу, крэменю, рост значэння ўрадлівай зямлі і радовішчаў карысных выкапняў прыводзілі да павелічэння ўзброеных сутычак і войн з мэтай рабавання і захопу тэрыторый. У бронзавым веку існаваў і даволі шырокі абмен паміж рознымі рэгіёнамі, часамі нават вельмі далёкімі адзін ад аднаго. Так, з Прыбалтыкі на Беларусь трапляў бурштын, у зваротным кірунку ішоў крэмень.

Рассяленне індаеўрапейцаў

У 3-м тысячагоддзі да н.э. ў Еўропе адбываліся бурлівыя міграцыйныя працэсы, звязаныя з распаўсюджаннем на прасторах кантынэнта індаеўрапейскага насельніцтва. Яно складала адзіны народ, размаўляла на адзінай мове альбо блізкіх дыялектах1. Міграцыя індаеўрапейцаў са сваёй прарадзімы, якая на думку большасці даследчыкаў знаходзілася ў Пярэдняй Азіі, адбывалася на працягу тысячагоддзяў і суправаджалася змешваннем з мясцовым насельніцтвам. Дзякуючы значнай колькасці і вышэшаму ўзроўню культуры старажытныя індаеўрапейцы пры сустрэчы з мясцовым насельніцтвам перамагалі яго і асіміліравалі. У выніку змешвання з мясцовымі этнічнымі групамі яны трацілі сваю еднасць і распадалася на асобныя групы плямёнаў. Аказваючы значны ўплыў на мясцовыя культуры і адначасова пераймаючы некаторыя мясцовыя традыцыі, індаеўрапейцы паклалі пачатак фарміравання многіх еўрапейскіх этнасаў.

Бронзавы век. Рассяленне індаеўрапейцаў

Умоўныя знакі
Мяркуемая прарадзіма індаеўрапейцаў (4500-2500 год да н.э.)
Паўночная галіна індаеўрапейцаў (шнуравая культура) і напрамкі яе рассялення
Межы максімальнага пашырэння традыцый кола культуры шнуравой керамікі
Заходняя галіна індаеўрапейцаў (дунайцы-жывёлаводы) і напрамкі яе рассялення
Балканская галіна індаеўрапейцаў (катакомбная культура) і напрамкі яе рассялення
Арыйская галіна індаеўрапейцаў і напрамкі яе рассялення
Анталійская група індаеўрапейцаў і напрамкі яе рассялення

Шматверагодна што ў пачатку асваення Еўрапейскай тэрыторыі індаеўрапейцы займалі паўночнапрычарнаморскія і прыволжскія стэпы альбо шырэйшую прастору і ў 2-м тысячагоддзі да н.э. большасць Еўропы была ужо заселена індаеўрапейскім насельніцтвам. На думку некаторых даследчыкаў да індаеўрапейскага этнасу маглі належаць таксама позненеалітычныя культуры лейкападобных кубкаў і шарападобных амфар.

Адным з этапаў індаеўрапеізацыі значных прастораў Сярэдняй і Усходняй Еўропы прынята лічыць распаўсюджанне культур шнуравой керамікі, якая таксама мае назву культуры лодкападобных і баявых сякер, адзіночных пахаванняў і інш. У канцы 3-га – пачатку 2-га тыс. да н.э. плямёны культур шнуравой керамікі і вытворныя ад іх культуры асвоілі прасторы Еўропы ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе і ад сучасных межаў Фінляндыі на поўначы да Сярэдняга Падняпроўя і Карпат на поўдні. На тэрыторыі, якая ахоплівала басейны Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны і Верхняга Падняпроўя, у выніку асіміляцыі прышлымі плямёнамі мясцовага неалітычнага насельніціва і ўзаемаўпываў культур, сфарміраваўся новы этнас – балты. Аналагічныя працэсы ляглі ў аснову фарміравання і славянскай супольнасці. Звязваючы этнічныя працэсы на тэрыторыі Беларусі з арэалам фарміравання балтскіх культур, шэраг даследчыкаў вызначылі перыяд, які пачаўся з рассяленем носбітаў шнуравых культур і доўжыўся ўвесь бронзавы і жалезны век, як балцкі этап у этнічнай гісторыі Беларусі2.

Пачатак бронзавага веку

На поўдні Беларусі прышлыя плямёны культур шнуравой керамікі пачалі змешвацца з неалітычным насельніцтвам днепраданецкай культуры. Яны ўжо карысталіся бронзавымі вырабамі, займаліся больш прадуктыўнай формай гаспадаркі і жылі ў наземных пабудовах слупавой канструкцыі3. У працэсе змешвання з тутэйшым насельніцтвам сфарміравалася асобная культура, якая атрымала назву сярэднядняпроўскай. У Паазер’і, у выніку сінтэза мясцовай познанеалітычнай культуры і прышлых носбітаў культур шнуравой керамікі, сфарміравалася надзвычай самабытная паўночнабеларуская культура.

Развіццё бронзавай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі з-за адсутнасці радовішчаў руды залежала ад імпарту сыравіны. У прыватнасці, на поўдзень Беларусі металічныя вырабы альбо сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-карпацкага металургічных рэгіёнаў. Аб развіцці ўласнай вытворчасці бронзавых вырабаў сведчаць некаторыя знаходкі на помніках насельніцтва сярэднядняпроўскай культуры.

У сувязі са складанасцямі развіцця металаапрацоўкі вялікую ролю працягваў адыгрываць камень, з якога на працягу ўсяго бронзавага веку выраблялі большасць зброі і прылад працы, асабліва сякер, якія былі неабходныя для вырубкі лясоў пад пашу ў сувязі з пашырэннем земляробства. Па гэтай прычыне ўзрос попыт на высокаякасны крэмень, які можна было здабыць ў тоўшчы крэйдавых адкладаў і дзяля здабычы якога яшчэ ў канцы неаліту пачалі капаць крэмнездабыўныя шахты, разам з якімі дзейнічалі спецыялізаваныя майстэрні па вырабу нарыхтовак сякер, якія пераважна ішлі на абмен. Найбольшага росквіту дасягнула майстэрства шліфавання і свідравання каменных вырабаў. Акрамя крамяню для вытворчасці прылад працы і зброі выкарыстоўваліся і іншыя пароды камяню.

Па-ранейшаму значную распаўсюджанасць мелі вырабы з рогу і косці, асабліва на поўначы Беларусі беднай на крамянёвую сыравіну. У вытворчасці керамікі набыў пашырэнне пласкадонны посуд і значна павялічыўся яго асартымент і яго арнаментацыя. Шырокае распаўсюджанне набывае ткацтва.

Баявыя каменныя сякеры
Баявыя каменныя сякеры культуры шнуравой керамікі 1-й пал. 2-га тысячагоддзя да н. э. (Пухавіцкі, Старадарожскі і Пінскі р-ны).

Каменныя шліфаваныя сякеры і іншыя крэмневыя прылады працы і зброі служылі для абменаў з іншымі рэгіёнамі, дзе адсутнічалі радовішчы крэмяню. Важным і даволі прэстыжным прадметам імпарту, акрамя бронзавых вырабаў і сыравіны, быў бурштын, які з узбярэжжа Балтыйскага мора трапляў на тэрыторыю Беларусі і за яе межы.

Вытворчая форма вядзення гаспадаркі з прыходам плямён культур шнуравой керамікі, якія з’яўляліся аселымі жывёлаводамі і земляробамі, стала паўсюднай і паступова займала дамінуючае становішча. Разам з тым вялікую ролю працягвала адыгрываць паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва.

Значныя змены ў гаспадарцы і з’яўленне новага насельніцтва прывялі да ўзвышэння ролі мужчын і паўплывалі на светапогляд тагачаснага грамадства і узбагацілі яго шэрагам новых рысаў індаеўрапейскай міфалогіі. Заняткі земляробствам прывялі да пашырэння культу сонца. Культ агню быў цесна звязаны з пахавальным абрадам, характэрнай рысай якога становіцца спальванне нябошчыкаў і насыпанне над пахаваннем курганаў.

Ранні перыяд бронзавага веку

Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. працэс змешвання і ўзаемаасіміляцыі мясцовага насельніцтва і прышлага цалкам завяршыўся. У гэты час большую частку поўдня і захаду Беларусі, Падняпроўе, а таксама суседнія тэрыторыі Украіны і польшчы засялялі плямёны двух роднасных між свабой культур – сосніцкай і тшцінецкай, якія часта аб’ядноўваюць у адну супольнасць.

У сярэдні перыяд пачынаюць актыўна фарміравацца мясцовыя металаапрацоўчыя традыцыі, аб чым сведчаць некаторыя знаходкі сярод помнікаў тшцінецка-сосніцкай супольнасці. Узрастае выкарыстанне метала з Карпата-Трансільванскага цэнтра, які пасля XVIII ст. да н.э. набывае вялікае значэнне ў Еўропе. Выключную ролю атрымлівае алавяністая бронза і тэхніка ліцця ў высокавытворчыя каменныя формы.

Аб развіцці зеляробства сведчаць масіўныя крэмневыя сярпы з двухбаковай буйной рэтушшу, якія пачалі выкарыстоўваць у сярэдні перыяд на поўдні Беларусі. У лясных зонах шырока практыкавалася лядна-агнявое земляробства, пры якім кавалак лесу высякаўся, а дрэвы пасля высыхання спальвалі. Такое вядзенне гаспадаркі патрабавала вялізарнай колькасці сякер, што было прычынай росквіту дзейнасці крэмнездабыўных шахтаў.

Шырокае прымяненне знаходзілі таксама вырабы з косці, рога і дрэва. Рогі і косці мелі вялікае значэнне на поўначы Беларусі, якая была беднай на крэмневую сыравіну. З гэтага матэр’ялу выраблялі не толькі зброю і прылады працы, але і мастацкія вырабы і нават музычныя інструменты.

Бурштынавыя падвескі са стаянкі-1 Галоўск (Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Мінск).

Кераміка становіцца пераважна пласкадоннай, найбольш распаўсюджаным тыпам якой былі гаршкі з выдзеленай шыйкай. Зусім новым посудам былі друшлякі. Якасна керамічныя вырабы становяцца больш танкасценнымі і лепш выпаленымі. Замест дамешак арганікі выкарыстоўваюцца пясок, жарства і шамот. Паверхні пасудзін былі гладкімі альбо заштрыхаванымі. Арнаментацыя керамікі паволі адыходзіць ад неалітычнай традыцыі, становіцца больш сціплай і пераважна канцэнтруецца ўверсе пасудзін. з’яўляюцца новыя элементы – наляпныя карбаваныя валікі і вушкі4.

Структурныя змены ў грамадстве праявіліся ва ўсталяванні патрыярхальнага радавога ладу, паступовым разбурэнні прынцыпа родавага калектывізму і ўзнікненні маёмаснай няроўнасці паміж асобнымі родамі і нават сем’ямі. Пачасціліся міжплемянныя і міжродавыя войны, у якіх аб’ектамі дамаганняў служылі больш урадлівыя землі, шляхі абмену і чужы здабытак.

Позні перыяд бронзавага веку

Позні перыяд бронзавага веку з’яўляецца маладаследаваным і лёс тшцінецка-сосніцкай супольнасці застаецца не вызначаным як і яе роля ў працэсе фарміравання культур жалезнага веку. Лічыцца, што ў канцы бронзавага веку скончылася складванне супольнасці плямён культуры штрыхаванай керамікі, якая ў наступную эпоху займала значную частку тэрыторыі Беларусі і на думку большасці даследчыкаў з’яўляецца балцкай культурай. У канцы бронзавай эпохі таксама з’яўляюцца раннія паселішчы насельніцтва днепра-дзвінскай культуры.

Сякера кельт
Сякера-кельт з арнаментам. VIII-VII стст. да н.э. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.)

Пашырэнне выкарыстання бронзавых вырабаў прывяло да паступовага заняпаду крэмнеапрацоўкі. Выключэннем з’яўлялася толькі вытворчасць каменных сякераў, якімі карысталіся нават у эпоху жалеза. Набываюць распаўсюджанне і бронзавыя сякеры, з якіх найбольш цікавымі з’яўляюцца так званыя кельты, у якіх утулка размяшчалася ў абушковай частцы перпендыкулярна лязу. Больш за 10 іх знойдзена ў Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі. Крыніцай сыравіны для іх, лічыцца, маглі быць радовішчы Цэнтральнай Еўропы. Упрыгожанні з медзі і бронзы, якія набываюць усё большае пашырэнне, паступова губляюць свой магічны сэнс і набываюць эстэтычныя і сацыяльныя функцыі.

Значна пашыраецца геаграфія абменных сувязяў. Металічныя вырабы трапляюць на тэрыторыю Беларусі не толькі з Каўказа, Украіны і Цэнтральнай Еўропы, але і са Скандынавіі, Ютландыі, Прыбалтыкі, цэнтральных раёнаў Расіі5.

У керамічнай вытвочасці адбываецца заняпад арнаментацыі, што адбываецца па назіранні даследчыкаў разам са знікненнем слядоў пахавальнага абраду, прычынай чаму маглі быць нейкія змены ў рэлігійных уяўленнях.

  1. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд, 2003
  2. Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 г. Мінск: “Вышэйшая школа”, 2009
  3. Генадзь Сагановіч. Нарысы гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мінск: “Энцыклапедыкс”, 2001
  4. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  5. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии