Культура лейкападобных кубкаў (4 000 – 3 000 г. да н. э.) – археалагiчная культура неаліту і энеаліту на тэрыторыі Паўночнай і Цэнтральнай Еўропы, Польшчы, паўночным захадзе Украіны і (на познім этапе) паўднёвым захадзе Беларусі. Назву атрымала ад формы керамічных вырабаў у выглядзе кубкаў з канічнай шыйкай. Аказала значны уплыў на нёманскую культуру.
Асноўны занятак насельніціва: аселае земляробства (верагодна выкарыстанне для земляапрацоўкі валоў), жывёлагадоўля (буйная і дробная рагатая жывёла, свінні і інш.) і паляванне. Патрыярхальны уклад. Паселішчы размяшчаліся на мысах высокіх берагоў рэчак альбо азёр. Жытлы: прамавугольныя зямлянкі, паўзямлянкі, наземныя. Пахавальны абрад ў бескурганных могільніках.
Вытворчасць прыладаў працы з косці і рогу: сякеры, матыкі, праколкі, верацёнападобныя наканечнікі дзідаў, кінжалы, лашчылы. З крамнёвых выпабаў: скошаныя нажы, разцы, праколкі, свёрдлы, клінападобныя і свідраваныя сякеры, пласцінападобныя сярпы, трохвугольныя наканечнікі стрэл.
З посуду – біканічныя гаршкі з налепамі, або борцікамі пад венцам, амфары з вузкім горлам. Арнаментацыя: зігзаг пад венцам, касыя насечкі, пальцавыя ўцісканні, адбіткі зубчатага штампа ці шнура, простыя геаметрычныя узоры.