Паўночнабеларуская культура

Археалагiчная культура плямён позняга неаліту і ранняга бронзавага веку, якая займала тэрыторыю сучасных Віцебскай, Паўночнай Мінскай, Паўднёвай Пскоўскай абласцей і ў суседніх з імі рэгіёнаў. Сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры і пад уплывам культур шнуравой керамікі. Адметнай асаблiвасцю культуры на ранняй стадыі з’яўляюцца вялікі вострадонны посуд са зведзеным верхам і спрэс заштрыхаванай паверхняй. У вытворчасці керамікі выкарыстоўваліся дамешкі ракавін. Пазней выкарыстоўваўся і пласкадонны посуд. Было шырока распаўсюджана выкарыстанне вырабаў з косці і рогу. На месцах стаянак знойдзены творы першабытнага мастацтва. Найбольш значныя помнікі – Крывіна і Асавец.

Паўночнабеларуская культура
Гаршчок паўночнабеларускай культуры з паселішча Асавец-2 (Бешанковіцкі р-н). Кан. III – пач. II тыс. да н. э. (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі). Фота Р. Маісея

Найбольш распаўсюджаным месцам паселішчаў былі невысокія пясчаныя ўзбярэжжы азёр і пры вусцях рэк. Жытло будавалася выцягнутай, прамавугольнай у плане формы з двухсхільным дахам, які магчыма накрываўся трыснягом. У цэнтры жытла размяшчаліся вертыкальныя слупы з развілкамі, якія трымалі каркас даху і адкрытае вогнішча.

Касцяныя наканечнікі стрэл
Касцяныя наканечнікі стрэл

Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, на позняй стадыі – прымітыўным земляробствам і жывёлагадоўляй. Крэмневых прылад працы, з-за беднасці крэмневых запасаў на Поўначы Беларусі, выраблялася значна меньш у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. Крэмневая сыравіна ў асноўным трапляла з іншых тэрыторый: з вярхоўяў Віліі або Нёмана і нават з Пасожжа і вярхоўяў Волгі. У крэмнеапрацоўцы пераважвала неалітычная традыцыя, аднак з’яўляліся і новыя прыёмы характэрныя для бронзавага веку: струменістая рэтуш і шліфаванне. Адначасова з мясцовымі неалітычнымі тыпамі стрэл выкарыстоўвалі трохвугольныя вастрыі, у тым ліку з шыпамі і увагнутай высновай1.

Дыфіцыт крэменю спрыяў шырокаму выкарыстанню косці і рогу, у апрацоўцы якіх насельніцтва паўночнабеларускай культуры дасягнула высокага майстэрства. Найчасцей для наканечнікаў стрэл і коп’яў выкарыстоўвалі рогі і косці лася. З касцей іншых жывёл выраблялі іншыя прылады працы і зброю: кінжалы, рыбалоўныя кручкі і гарпуны, сякеры, цёслы, долаты і інш.

Касцяныя гарпуны і кручок
Касцяныя гарпуны і кручок

Каля сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. насельніцтва паўночнабеларускай культуры было знаёма з некаторымі меднымі вырабамі, сведчаннем чаму з’яўляецца бронзавая сякера знойдзеная ля в. Кастыкі і меднае шыла (Асавец-2).

Гліняны посуд быў разнастайны, але найбольш распаўсюджанымі былі гаршкі са зведзеным верхам і вострым дном, якія ляпіліся з гліны, уякую дабаўляліся тоўчаныя ракавіны. Посуд шчыльна, ад краю да донца, пакрываўся ўзорамі з грабенчатых і ямачных адбіткаў, з насечак, наколаў, адбіткам тарца лапаткі – лінейным штампам і інш. Пазней выкарыстовываўся і пласкадонны посуд. Некаторыя вырабы аздабляліся толькі ў верхняй частцы, у тым ліку шнуравым арнаментам. У гэтым праявіліся ўплывы культур шарападобных амфар і шнуравой керамікі. Часам узоры на посудзе былі складанымі і, верагодна, неслі нейкі магічны сэнс. Гліняны посуд меў рознае прызначэнне: сталовы, кухонны, для захавання прадуктаў.

Аб высокіх мастацкіх здольнасцях насельніцтва культуры паўночнабеларускай культуры сведчаць творы першабытнага мастацтва: касцяныя статуэткі звяроў, птушак і чалавека. Былі знойдзены таксама і музыкальныя інструменты.

Сведчаннем кантактаў з навакольным светам з’яўляўся абмен, прадуктамі якога выступалі крэмневая сыравіна, якая трапляла на Падзвінне з Панямоння, Пасожжа і нават з Валдайскага ўзвышша, бурштын – з Прыбалтыкі, а пазней меднныя і бронзавыя вырабы – Сярэдняга Паволжа.

Найбольш значнымі помнікамі паўночнабеларускай культуры з’яўляюцца рэшткі паселішч Крывіна-1,2,3 (Галоўск) і Асавец-2,5, якія выяўлены на Крывінскім тарфяніку на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў, а таксама паселішча Кастыкі.

  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии