Верхнедняпроўская культура

Верхнедняпроўская культура (кан. 5 – 3 тыс. да н.э.) – археалагічная культура неалітычных плямён, якія у канцы 5-га – 3-м тыс. да н.э. насялялі тэрыторыю ўсходняй Беларусі ў басейне Дняпра і яго левабярэжных прытокаў, а таксама ў сярэднім і ніжнім Пасожжы. Помнікі культуры доўгі час былі аб’яднаны ў лакальныя варыянты днепра-данецкай культуры. Насельніцтва жыло ў паселішчах на дзюнных узгорках і на краі надпоймавых тэрас. Жытлы былі драўляныя паўзямляначныя, круглай або авальнай формы. Аснову гаспадаркі складалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва, у канцы існавання культуры пачалі развівацца земляробства і жывёлагадоўля. Керамічны посуд на раннім этапе – таўстасценны вастрадонны з вялікай колькасцю раслінных дамешкаў у гліне, сціпла арнаментаваны. Пазней з’явіліся шыракагорлыя пасудзіны з вострым, радзей круглаватым дном. Характэрная рыса – наяўнасць на некаторых пасудзінах двухбаковай арнаментацыі, асабліва венчыкаў і днішчаў – унутраную і знешнюю паверхню часта загладжвалі зубчастым штампам. Крамянёвы інвентар на раннім этапе меў шмат архаічных мезалітычных рысаў. Для позняга этапу характэрны ромбападобныя і трохвугольныя наканечнікі стрэл і коп’яў, сякеры1.

посуд верхнедняпроўскай культуры
Керамічны посуд верхнедняпроўскай культуры (рэканструкцыя).

Даследаванні. Доўгі час культурная прыналежнасць неалітычных помнікаў Верхняга і, у прыватнасці, Беларускага Падняпроўя была нявысветленай, і толькі пасля даследаванняў I. М. Цюрынай (1967) яны аб’яднаны ў адзіную культурную агулынасць, якая атрымала назву верхнедняпроўскай культуры. У 1970-я – 80-я гг. даследаванні культуры праводзілі У.Ф. Ісаенка, А.Г. Калечыц.

Вытокі. Улічваючы, што аналогіі раннім матэрыялам неаліту Пасожжа, як і Верхняга Падняпроўя, у цэлым невядомыя, то можна сцвярджаць, што верхнедняпроўская культура сфарміравалася на мясцовай мезалітычнай аснове пад уплывам суседніх культур лясной паласы, што прыкметна пры ідэнтыфікацыі арнаментацыі пасудзін.

Асаблівасцю паселішчаў верхнедняпроўскай культуры з’яўляецца прысутнасць у складзе іх інвентару элементаў суседніх культур, што тлумачыцца кантактным становішчам арэала культуры паміж двума буйнымі этна-культурнымі масівамі: днепра-данецкім і волга-окскім. Па меры руху да яго меж роля іншакультурных элементаў узрастае.

Перыядызацыя. Даследчыкі культуры вылучаюць у яе развіцці 2 этапы: ранні (сярэдзіна 5-га — першая палова 4-га тысячагоддзя да н. э.) і позні (другая палова 4-га — канец 3-га — пачатак 2-га тысяча-годдзя да н. э.)2.

Верхнедняпроўская культура
Помнікі верхнедняпроўскай культуры на тэрыторыі Беларусі

Ранні этап

Помнікі. Як паказвае даследчыца I.М. Цюрына (Тюрина, 1967. С. 6), помнікаў ранняга этапу вядома не больш за 10, а з чыстым комплексам інвентару — толькі два (Залессе, Шапатовічы). I.М. Цюрына разглядае таксама матэрыялы змешаных паселішчаў з інвентаром ранняга і позняга этапаў (Барок Сямёнаўскі, Шохаўка, Гарадоўка). У лік ранніх (самае ранняе паводле А. С. Смірнова) верхнедняпроўскіх неалітычных паселішчаў А. С. Смірноў (1986) уключае Дабрадзееўку на Іпуці.

Апорнымі ранненеалітычнымі паселішчамі Беларускага Падняпроўя з’яўляюцца выяўленыя А. Г Калечыц (1987) у 1980—1983 гг. помнікі ў басейне р. Іпуць каля в. Дубовы Лог Добрушскага раёна ва ўрочышчах Мішурова Грыва, Фядоткіна Грыва, частка матэрыялаў урочышча Цітаў Бугор, знаходкі ва ўрочышчы Стрэчава-1, паблізу в. Дзям’янкі і іншыя паселішчы.

Наяўныя даныя дазваляюць акрэсліць вобласць распаўсюджання верхнедняпроўскай культуры на раннім этапе ў рамках Ніжняга і Сярэдняга Пасожжа. 3 улікам даных па Смаленшчыне яна значна шырэйшая, чым меркавалася раней. Наяўнасць такіх адносна “чыстых” ранненеалітычных комплексаў, якія выяўлены на паселішчах Фядоткіна Грыва і Мішурова Грыва, дазваляе з мноства нестратыфікаваных матэрыялаў неалітычнага часу, знойдзеных на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя, вылучыць раннія. Яны прысутнічаюць на неалітычных паселішчах каля в. Струмень Кармянскага раёна, магчыма, ва ўрочышчы Курганне капя в. Гронаў Чэрыкаўскага раёна і на іншых помніках.

Жытло. Насельніцтва жыло ў паселішчах (пл. 50-10 000 м.кв) на дзюнных узгорках поймы Дняпра, Сажа і іх прытокаў і на краі надпоймавых тэрас. Жытлы былі драўляныя паўзямляначныя, заглыбленыя ў мацярык на 0,5 м, круглай або авальнай формы. Дыяметры жытлаў на раннім этапе — 2,2-3,0 м.

Сляды двух акруглых жытлаў паўзямлянкавага тыпу і спадарожных ім ачагоў і гаспадарчых ям знойдзены ва урочышчы Мішурова Грыва. Дыяметр цэнтральных, заглыбленых у мацярык частак жытлаў з ачагамі ўнутры не перавышаў 3 м. Глыбіня ад сучаснай дзённай паверхні 0,4-0,6 м. Знешнія коктуры жылых ям і сляды іх даху не прасочаны. Прыкметная толькі канцэнтрацыя знаходак навокал.

Крэмневыя вырабы. На раннім этапе мясцовае насельніцтва культуры яшчэ захоўвае шэраг перажыткавых адзнак папярэдняй эпохі. Па-ранейшаму яно ўжывае лістападобныя крамянёвыя наканечнікі стрэл, сярод прылад працы шмат разнастайных разцоў. Аднак з’яўляюцца і вырабы, характэрныя для ранненеалітычнага часу.

Наканечнікі стрэл са стаянкі Вугольшчына 2

Керамічны посуд. Для ранняга зтапу верхнедняпроўскай культуры найбольш характэрныя таўстасценныя (ад 1 да 1,5 см) пасудзіны з прамым венцам, тоўстымі (да 5 см) вострымі днішчамі. Дыяметр іх роўны ў сярэднім 30-40 см, вышыня, відаць, не перавышае 40 см. У цесце шмат раслінных дамешак, якія, выгараючы, пакідаюць выразныя сляды. Абпальванне слабае, цеста вельмі рыхлае. Некаторыя пасудзіны (урочышча Фядоткіна Грыва) амаль не ўтрымлівалі дамешак. Да гліны прымешвалі толькі крыху пяску. Захаванасць ранняга посуду вельмі дрэнная, ва ўмовах пераўвільгатнення слаба абпаленыя абломкі ператварыліся ў цестападобную масу. Арнаментацыя сціплая: зводзілася да нанясення пад некаторым вуглом авальных, круглых ямкавых уцісканняў і адбіткаў грубага грэбеня. Часам посуд зусім не аздабляўся.

Адсутнасць серыі рэстаўрыраваных пасудзін дазваляе толькі з большай доляй верагоднасці ўстанавіць характар занальнасці, тыповы пры арнаментацыі. Прасочваюцца гарызантальныя паясы, што апаясваюць пасудзіны, і неарнаментаваныя зоны, зрэдку суцэлыная арнамектацыя паверхні. Часцей упрыгожвалася верхняя частка гаршкоў, радзей — днішчы і прыдонная частка ў цэлым. Пры лепцы пасудзін паралельна з ручным загладжваннем унутраных паверхняў прымянялася загладжванне пучком травы, а пазней грабеньчатым штампам, абвязванне валакністай пасмай пад венцам.

Расчэсванні рознанакіраваныя і адрозніваюцца ад тых, што наносіліся з двух бакоў ці толькі звонку з мэтай упрыгожвання пасудзін. У такім выпадку яны наносіліся сіметрычна, пад пэўным вуглом, з пакіданнем пустых зон, што і фарміравала занальнасць. Пасудзіны ляпіліся стужкава-кальцавым спосабам. Некаторыя з іх мелі шэраг цыліндрычных ямак з негатывамі на адвароце, прыблізна каля 3 см ніжэй за абрэз венца. Безумоўная (але не абавязковая) прыкмета старажытнасці – вялікая колькасць таўстасценных пасудзін, адсутнасць прафілёўкі, разрэджаная, аднастайная арнаментацыя. У якасці дамешак у цесце можа сустракацца тоўчаны кварц.

На раннім этапе верхнедняпроўская кераміка практычна не мае аналогій. Адсутнасць касасеткавых кампазіцый, ромбаў як элементаў і як сістэм арнаменту, шахматных кампазіцый не дазваляе правесці прамыя аналогіі ні з днепра-данецкай, ні з дзяснінскай, ні з л’ялаўскай керамікай.

Найбольш істотным адрозненнем матэрыялаў Беларускага Пасожжа і Смаленшчыны можна лічыць форму донца (акругладонныя гаршкі Смаленшчыны і вастрадонныя Беларусі). Другім істотным момантам з’яўляецца адрозненне дамешак (на Смаленшчыне жарства, у Беларусі пясок, кварц, расліннасць).

Гаспадарка. Асновай гаспадаркі плямёнаў ранняга этапу верхнедняпроўскай культуры былі паляванне і рыбалоўства, роля апошняга бесперапынна ўзрастала. Пры гэтым захоўвалася збіральніцтва, зараджаліся і зацвярджаліся навыкі вытворчай гаспадаркі. Па-ранейшаму значнае месца займала збіральніцтва.

Паляванне праводзілася з дапамогай лука і стрэл, коп’яў, дроцікаў. Услед за зменлівым ландшафтам і складам дзічыны змяняліся і ўдасканальваліся зброя для палявання і спосабы лову. На помніках ранняга этапу неаліту наканечнікі стрэл застаюцца такімі ж, якімі былі ў мезаліце. Гэта галоўным чынам пласціначныя з чаранкамі і без яго, свідэроідныя наканечнікі, а таксама асіметрычныя «грэнскія». З’яўляюцца першыя міндалепадобныя наканечнікі дроцікаў, груба апрацаваныя рэтушшу па паверхні з двух бакоў, першыя ромбападобныя формы.

Позні этап

Помнікі. Помнікі гэтага этапу верхнедняпроўскай культуры вывучаны лепш, паколькі распаўсюджаны значна шырэй і раскапаны на большых плошчах. Калі, як адзначалі аўтары, на раннім этапе арэал верхнедняпроўскай культуры абмежаваны Ніжнім і Сярэднім Пасожжам, то ў далейшым носьбіты гэтай культуры рассяляліся практычна па ўсім Верхнім Падняпроўі (Магілёўская і Гомельская, поўдзень Віцебскай, усход Мінскай, поўнач Чарнігаўскай, Бранская і Смаленская вобласці).

Апорнымі сярод помнікаў позняга этапу можна лічыць найбольш паўночныя з раскапаных А.Г. Калечыц паселішчаў каля в. Гронаў (урочышчы Строў, Курганне) Чэрыкаўскага раёна, в. Кпіны (урочышчы Мсціж, Грыўкі і Туфлі Слаўгарадскага раёна), яшчэ ніжэй па Сажы каля в. Струмень (урочышчы Лоша-1, 2, Нараг, Біручыха) Кармянскага раёна, урочышча Летнік паблізу в. Падлужжа Чачэрскага раёна і нарэшце самыя паўднёвыя, сярод якіх паселішчы ва ўрочышчах Цітаў Бугор і Падлужжа каля в. Дубовы Лог Добрушскага раёна. Акрамя гэтага, ёсць шмат матэрыялаў паверхневых збораў з наваколля вёсак Прысна, Старое Аднаполле, Барталамееўка і інш.

Самымі яркімі сярод даследаваных паселішчаў з’яўляюцца стаянкі ва ўрочышчы Лоша (Ласіная Гара). Яны размешчаны на пясчаных узвышанасцях левага берага р. Сож на адлегласці 1,5 км ад асноўнага рэчышча і 0,7 км ад в. Струмень, у міжрэччы Сажа і Струменкі.1 (ст.178) Групу паселішчаў, вывучаных каля в. Струмень, можна лічыць эталоннай для верхнедняпроўскай культуры. Ні больш на поўнач, ні на поўдзень у межах арэала гэтай культуры не адбываецца якіх-небудзь значных змяненняў у складзе інвентару, тыпах і арнаментацыі посуду. Павялічваецца толькі працэнт іншакультурных элементаў (грабеньчата-накольчатых на поўдні, грабеньчата-ямкавых на поўначы і ўсходзе), бо павялічваецца ўплыў пагранічных культур.

Самай паўднёвай на тэрыторыі Беларусі групай неалітычных паселішчаў верхнедняпроўскай культуры з’яўляюцца стаянкі каля в. Дубовы Лог Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Акрамя адзначаных вышэй ранненеалітычных паселішчаў ва ўрочышчах Мішурова Грыва і Фядоткіна Грыва тут выяўлены і вывучаны паселішчы позняга этапу неаліту. Помнік, які змяшчае матэрыялы ранняга і позняга этапаў, а таксама бронзавага веку, знаходзіцца ва ўрочышчы Цітаў Бугор.

Жытло. Найбольш устойлівым тыпам жытла ў насельніцтва верхнедняпроўскай культуры была паўзямлянка, круглая ці авальная. Жытлы (ці іх цэнтральныя часткі) паглыбляліся ў зямлю ад 0,2 да 0,8 м, у сярэднім да 0,5 м. Усе яны мелі ўнутры нелакалізаваныя ачагі адкрытага тыпу, зробленыя ў паглыбленні падлогі. Дыяметры жытлаў на познім этапе — 2,5-3,8 м. Падлога няроўная, фіксуецца вялікай колькасцю культурных рэшткаў. На познім этапе адзначана з’яўленне ў падлозе такой канструктыўнай дэталі, як яма-склеп, глыбінёй да 1,0 м, дыяметрам да 0,6 м (месца для ахвяравання?). Жытлы размяшчаліся на плошчы паселішча на рознай адлегласці. Яны маглі размяшчацца адно каля аднаго ці быць аддаленымі адно ад аднаго на адлегласці да 50—60 м, канцэнтруючыся на найбольш узвышаных участках паселішчаў, і размяшчаліся ўздоўж ланцужком. Найчасцей жытлы размяшчалі па адной лініі ўздоўж найбольш высокай часткі тэрасы ці пясчанага астанца. На плошчы паселішчаў знойдзена вялікая колькасць гаспадарчых ям, адкрытых вогнішчаў, што спадарожнічалі жытлам.

Верхнедняпроўская культура жытло
Рэшткі неалітычнага жытла №2 на стаянцы Лоша-2

Крэмневыя вырабы. На познім этапе суадносіны прылад у комплексах змяняюцца. Колькасць скрабкоў і разцоў змяншаецца, затое колькасць вырабаў для сячэння ўзрастае, і зрэдку яны пераважаюць у комплексах. Каля 90% прылад выраблена з адшчэпаў. Прылады складаюць ад 6 да 13% агульнай колькасці крэменяў з апрацоўкай, што вышэй за даныя па мезаліту і ранняму неаліту.

Сякеры са стаянкі Вугольшчына 2

Сярод прылад пераважаюць скрабкі. Яны вырабляліся з адшчэпаў і вельмі рэдка пласцін. Адрозніваюцца разнастайнасцю формаў, памераў і спосабаў апрацоўкі. Пераважаюць нізкія акруглыя (да 4 см у дыяметры) з адшчэпаў, з крэйдавай скарынкай на спінцы. На другім месцы прылады для сячэння і дзяўбання. Нарыхтоўкай для іх традыцыйна служылі спрацаваныя плоскія нуклеусы і акруглыя крамянёвыя галькі невялікіх памераў. Абрысы і прапорцыі сякер змяняюцца. Шырока распаўсюджваюцца невялікія клінападобныя, з завужаным абушком, авальныя ў сячэнні і прамавугольныя падоўжаныя, пазней чатырохкутныя ў сячэнні сякеры. З’яўляюцца першыя вырабы з прышліфоўкай ляза. Захоўваюцца ўсе тыпы разцоў, але пераважаюць вуглавыя і грубыя нуклепадобныя. Разам з рэдкімі на познім этапе вярбалістымі наканечнікамі стрэл выкарыстоўваюцца ромбападобныя і трохкутныя з прамой асновай і двухбаковай апрацоўкай краёў ці ўсёй паверхні плоскай рэтушшу. Населыніцтва па-ранейшаму аддавала перавагу ножападобным пласцінам сярэдніх памераў (3—5 см). На паселішчах знойдзены ўсе асноўныя катэгорыі прылад з крэменю, неабходныя ў гаспадарцы (тыя, што сякуць, скрабуць, рэжуць, для ўдару і інш.).

Касцяныя вырабы. Рэдкія вырабы з косці звычайна не датаваны і не спалучаны з іншымі артэфактамі. Гэта знаходкі гарпуна з Чачэрска, сякеры з рога аленя (Рагачоў), сякеры ці лашчыла з рога лася (Ветка), восці, вылаўленай у Сажы ў мяжы Гомеля і інш. Зрэдку касцявыя рэшткі сустракаюцца і на неалітычных паселішчах у пойме Іпуці. Па вызначэннях П.Ф. Каліноўскага і Н.П. Александровіч, яны належалі дзікім жывёлам, якія былі аб’ектамі палявання, але не выключана наяўнасць сярод іх рэшткаў хатніх жывёл.

Керамічны посуд. Іншай стала і кераміка. Пачалі вырабляць шыракагорлыя вялікія акруглабокія гаршкі, у гліняных сценках якіх заўважаюцца дамешкі пяску і дробнай жарствы, расліннасці ж мала. Асноўнымі элементамі арнаменту былі адбіткі грабеньчатага штампа, разнастайныя ямачныя ўмяціны (круглаватыя, авальныя, падоўжаныя, трохвугольныя, серпа-, ромбападобныя і інш.), лапчастыя наколы, нарэзкі, насечкі і правільныя ямкі з негатывамі на адвароце. 3 дапамогай усіх гэтых элементаў ствараліся дыяганальныя, гарызантальныя, шахматныя, зігзагападобныя, трохвугольныя кампазіцыі, якія ўскладняліся па меры развіцця культуры. Значна лепшым стаў і абпал керамікі. У тэхналогіі і арнаментыцы посуду верхнедняпроўскага насельніцтва на познанеалітычным этапе развіцця адзначаюцца ўплывы з суседніх тэрыторый3.

Верхнедняпроўская культура арнамент
Найбольш распаўсюджаныя арнаменты на кераміцы верхнедняпроўскай культуры

Паляванне і рыбалоўства. Па меры драбнення дзічыны прылады для палявання змяньшаліся ў памерах, старанна апрацоўваліся з двух бакоў. Гэта павялічвала іх забойную сілу і рабіла паляванне больш прадукцыйным. Пастаяннымі аб’ектамі палявання былі алень, дзік, лось, казуля, заяц, мядзведзь, зубр, бабёр, птушка, у тым ліку і вадаплаўная. На познім этапе ромбападобныя і трохкутныя наканечнікі пануюць, пласціначныя выраджаюцца. Разам з гэтым паляўнічым рыштункам сустракаюцца кінжалы, атаксама складаныя прылады.

Апрацоўка здабычы праводзілася з дапамогай мноства прылад. Гэта нажы, скрабкі, сякеры і інш. Відавочная утылізацыя ўсіх частак тушы: мяса, тлушч, касцявы мозг ішлі ў ежу, скуры пасля адпаведнай апрацоўкі — на пашыў адзення, абутку, для ацяплення сцен, падлогі і страхі жытлаў, а, магчыма, і абмену; косці выкарыстоўваліся для вырабу прылад працы, упрыгожванняў. 3 прамянёвых касцей дробных жывёлін і птушак вырабляліся іголкі, шылы. У комплексы крамянёвых вырабаў уваходзяць разцы (для працы па косці, дрэве), свердлы, праколкі, вастрыі і мноства іншых вырабаў. Нягледзячы на нязначную колькасць рэчавых крыніц, што сведчаць пра рыбалоўства, ёсць ускосныя даныя, што, безумоўна, пацвярджаюць яго вялікую ролю. Сярод іх тапаграфія неалітычных паселішчаў, якія бесперапынным ланцугом цягнуцца ўздоўж нізкіх рачных далін, займаючы ўсе колькі-небудзь значныя ўзгорыстасці на пойме; вялікі працэнт цяслападобных вырабаў, які часта значна перавышае колькасць сякер; шырокае распаўсюджанне на паселішчах абкачаных галек аднаго памеру без слядоў забітасці, якія служылі, відаць, грузікамі; знаходкі касцяных восцяў, гарпуноў.

У неаліце шырока ўжываліся заколы для лоўлі рыбы, пасткі і іншыя прыстасаванні для лоўлі. Спачатку з дзікарастучых, а затым з валокнаў акультураных раслін навучыліся плесці сеткі. Ускоснае пацвярджэнне гэтага — адбіткі сеткі на сценках посуду, знойдзенага ў Верхнім Падняпроўі.

Збіральніцтва. У працэсе збіральніцтва на мелі здабывалі, відаць, малюскаў, чарапах уніа і іншых, якія спажываліся ў ежу, іх вялікая колькасць знойдзена сярод кухонных рэшткаў. Старажытнаму населыніцтву была добра вядомая харчовая і лекавая каштоўнасць шэрагу раслін, траў. Шырока спажываліся лясны і вадзяны арэхі, жалуды, чарот, рагоз, кветкі, мёд дзікіх пчол, ягады, карэнні, лісці, а ў галодныя гады (мяркуючы па этнаграфічных паралелях) — кара, ігліца, шышкі, здробненыя ў парашок рогі і капыты жывёлы і інш. Відаць, у ежу ішлі і некаторыя віды земнаводных, паўзуноў, членістаногіх і інш.

Земляробства. Ускосныя прыкметы прымітыўнага па першым часе земляробства выяўлены на некаторых неалітычных паселішчах Пасожжа. Гэта серпападобныя нажы, каменныя і касцяныя матыкі, адбіткі злакаў і рамбічныя кампазіцыі на пасудзінах, што лічацца раннеземляробчымі культавымі сімваламі, наяўнасць ярка выяўленай трохзанальнай арнаментацыі на частцы пасудзін, адбіткі шнура, а затым тканіны на пасудзінах з лапчастым арнаментам.

  1. А.Г. Калечыц. Верхнедняпроўская культура. (Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. 1 том. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 2009. ст. 160-161)
  2. А.Г. Калечыц. Верхнедняпроўская культура. (Археалогія Беларусі. У чатырох тамах. Першы том. Мінск: “Беларуская навука”, 1997. ст. 170-189)
  3. А. Калечыц, М. Чарняўскі. Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў новым каменным веку (неаліце). (Гісторыя Беларусі (у шасці тамах). Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000. ст. 34-51)
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии