Культура ўсходнелітоўскіх курганоў

Культура ўсходнелітоўскіх курганоў (Rytų Lietuvos pilkapių kultūra • Культура восточнолитовских курганов, IV – XII стст.) – культура балцкіх плямён, якія пражывалі на тэрыторыі ўсходняй Літвы і паўночна-заходняй Беларусі. Найбольш даследаванымі помнікамі з’яўляюцца курганы, спецыфічнымі рысамі якіх былі: акруглая у плане форма, абкладка каменнымі вянкамі, прадаўгаватыя ямы (на познім этапе). З V ст. пахавальны абрад трупапалажэння ў падкурганных ямах, змяняецца звычаем трупаспалення. Спецэфічны пахавальны інветнар: у мужчынскіх пахаваннях – вузкалязовыя сякеры, наканечнікі коп’яў, іншая зброя; у жаночых – скроневыя кольцы, манжэтныя бранзалеты, эмаліраваныя падковападобныя фібулы і іншыя ўпрыгожанні. З канца 1-га тысячагоддзя распаўсюджваецца звычай пахавання каней. Пашырана меркаванне прыналежнасці помнікаў культуры да племянной групоўкі, вядомай у летапісах пад назвай “Літва”.

Культура ўсходнелітоўскіх курганоў
Курган ля в. Янава (Свірскі р-н)

Курганы: агульная характарыстыка. Найчасцей курганы знаходзяцца паблізу рэк і азёр. Колькасць насыпаў у могільніку звычайна невялікая (зрэдку перавышае 20) і толькі ў асобных выпадках дасягае 100 і больш. Напрыклад, у могільніках бліз вёсак Лоша і Чорная Лужа у канцы XIX ст. налічвалася па 80 насыпаў. У Засвірскім могільніку на сння налічваецца больш за 70 насыпаў.

Курганныя насыпы маюць у плане круглую форму. Дыяметр іх вагаецца ад 5-6 м да 10-12 м, вышыня ад 0,6-0,7 м да1,0-1,2 м. Насыпы дыяметрам больш 15 м і вышынёй больш 1,5 м адзінкавыя. Больш раннія курганны у падножжы маюць вянцы з камянёў рознай велечыні, уложаных у адзін альбо два рады. Пры наяўнасці двух радоў камяні ляжаць ці на адным узроўні, ці адзін рад над другім. У курганах ля в. Косаўшчына кольца з камянёў маюцца таксама ў сярэдзіне насыпу. Нярэдка камяні пакрываюць значную частку насыпу зверху (Гускі, Косаўшчына, Пільвіны, Рымшанцы, Янава).5 (ст.21) Звычайна курганы маюць у падножжы невялікую праслойку цёмнай зямлі ці вуглей, але часам вуглі сустракаюцца і ў насыпу.

У канцы 1-га тысячагоддзя курганы перасталі абкладваць каменнымі вянцамі. Ля іх падножжа з’явіліся прадаўгаватыя авальныя ці дугападобныя ямы шырынёй да 1,5-2,0 м і глыбінёй да 0,5-0,6 м. Часам перамычкі між асобнымі ямамі не прасочваюцца, насып абведзена суцэльным неглыбокім ірвом У пазнейшыя часы ўсходнелітоўскія курганы па знешнему выгляду не адрозніваюцца ад курганаў суседніх славянскіх плямён.

Пахавальны абрад: трупапалажэнне. Трупапалажэнне характэрна для найбольш ранніх курганаў (IV-V стст.; у паўночных раёнах пахаванні з тупапалажэннем сустракаюцца да VI ст.). Памерлых звычайна клалі ў падкурганную грунтовую яму глыбінёй 0,1-1,0 м (больш глыбокія ямы сустракаюцца рэдка). Палажэнне касцякоў выцягнутае, галавамі на захад. У кожным кургане знаходзіцца адно, два і, як выключэнне, тры пахаванні.

Усходнелітоўскія курганы з трупапалажэннем падобныя па структуры і форме з такімі самымі курганамі II-VI стст. у сярэдзіне і на поўначы Літвы і на паўднёвым усходзе Латвіі, але ў адрозніваюцца ад іх некаторымі асаблівасцямі пахавальнага абрада. Ва ўсходняй Літве няма курганаў з калектыўнымі пахаваннямі, якія сустракаюцца ў цэнтральнай Літвы і паўднёва-ўсходняй Латвіі. Пахаванні ва ўсходняй Літве знаходзяцца, за рэдкім выключэннем, у грунтовых ямах пад насыпам кургана, у той час, як на астатняй тэрыторыі Літвы яны размешчаны ў насыпу ці ў падножжы кургана1.

Пахавальны абрад: трупаспаленне. У V ст. звычай трупапалажэння змяняецца абрадам трупаспалення. Па знешнему выгляду курганы з трупаспаленнем не адрозніваюццаад курганаў з трупапалажэннем, з той розніцай, што камянёў у насыпах становіцца больш.

Звычайна нябожчыкі спаліваліся ўбоку. Парэшткі крэмацыі (косці, пахавальны інвентар, а часам і невялікая колькасць вугляў) змяшчалася ў грунтовых ямах, ссыпаліся ў падножжы курганоў ці ў іх насыпах. Спаліванні ў грунтовых ямах сустракаюцца рэдка. Выключэннем з’яўляецца могільнік ля в. Чорная Лужа (Мядзельскі р-н), у якім яны складаюць большасць. Глыбіня ям 0,35-0,6 м. У трох грунтовых ямах кургана №5 меліся каменныя скрыні аб’ёмам прыкладна 0,1 куб. м. Скрыні збудаваны з цэлых і колатых булыжных камянёў. Дном і накрыўкай кожнай скрыні служылі суцэльныя камяні, павернутыя плоскім бокам усярэдзіну. На дне некаторых грунтовых ям сустракаецца праслойка чыстага, верагодна, азёрнага пяску. Паміма Чорнай Лужы асобныя спаліванні ў грунтовых ямах выяўлены ў курганах бліз вёсак Рымшанцы (Смаргонскі р-н) і Паніззе.

Пануючым абрадам у курганах з трупаспаленнем канца 1-га пачаткам 2-га тысячагоддзя становіцца пахаванне на ўзроўне гарызонта глебы ці некалькі вышэй яго. Такі звычай засведчаны ва ўсіх 11 даследаваных у 1976 г. засвірскіх курганах, у 8 з 9 (раскопкі 1977 г.) курганах ля в. Лынтупы, ва ўсіх 9 курганах ля в. Вайшкуны. Парэшткі спаленняў часам ляжаць на камянях ці ўсярэдзіне кольцападобнай агароджы з камянёў (Чорная Лужа). Нярэдка камяні перакрываюць іх зверху. У насыпу кургана №7 ля в. Жэлядзь (Астравецкі р-н) была знойдзена каменная скрыня, падобная да скрыняў, знойдзеных ў Чорнай Лужы.

У двух курганах ля в. Засвір (№7 і №20, раскопкі 1895 г.), якія датуюцца X-XI стст. пад ўсім насыпам меліся тоўстыя праслойкі чорнай зямлі, перамешанай з вялікай колькасцю драўняных вугляў і перапаленых касцей. Верагодна на гэтым мейсцы адбылося спаленне коней ці людзей і коней. Пахаванні ў насыпах размяшчаліся на рознай вышыне. У Курганах X-XII стст. парэшткі трупаспаленняў часам змяшчаліся ў верхняй частцы насыпу на глыбіні 10-15 см ад паверхні. Такія спаленні сустракаюцца ў Лынтупах (Пастаўскі р-н; раскопкі 1977 г.), у Чорнай Лужы і ў іншых месцах.

Колькасць пахаванняў у курганах з трупаспаленнем значна больш, чым у курганах з трупапалажэннем. Пераважваюць курганы, якія змяшчаюць 2-3 пахаванні, але часам іх бывае 5-6. Па 6 пахаванняў адкрыта ў курганах №5 і №6 у Чорнай Лужы, у кургане №3 (раскопкі 1976 г.) у Засвіры; 5 пахаванняў выяўлена ў кургане №11 ля вю Смаргонь. Па меркаванню А. Таўтавічуса, звычай хаваць па некалькі нябожчыкаў у адным кургане прыйшоў разам з самым абрадам трупаспалення з паўднёвага Занямоння, з зямель яцвягаў, з якімі ўсходнелітоўскія плямёны ўжо ў IV-V стст. падтрымлівалі цесныя сувязі.

Пахавальны інвентар. Інвентар пахаванняў з трупапалажэннем (IV-V стст.) складаюць прылады працы (сярпы, нажы, шылы, вузкалязовыя сякеры) і упрыгожвнні (скроневыя кольцы, шыйныя грыўні, манжэтныя бранзалеты, эмаліраваныя падковападобныя фібулы і эмаліраваныя ажурныя падвескі). Адзіным могільнікам у басейне Верхняй Віліі, дзе знойдзены пахаванні па звычаю трупапалажэння з’яўляецца могільнік ля в. Андрэеўцы (Смаргонскі р-н). З 16 раскапаных тут курганаў 2 утрымлівалі такія пахаванні.

Па свайму складу інвентар пахаванняў з трупаспаленнем сярэдзіны і 2-й паловы 1-га тысячагоддзя мала чым адрозніваецца ад інвентара пахаванняў з трупапалажэннем. Звычайна ён пашкоджаны агнём. Многія рэчы, асабліва наканечнікі коп’яў, сагнутыя. Бронзавыя ўпрыгожанні або зламаныя, або ад іх засталіся толькі незначныя фрагменты ці зліткі бронзы.

Пахавальны інвентар мужчынскі. У мужчынскіх пахаваннях асабліва шмат прадметаў узбраення. Амаль у кожным сустракаюцца наканечнікі коп’яў. Пераважваюць утульчатыя наканечнікі з пяром ланцэтападобнай, полымяпадобнай, рамбічнай, падоўжана-трохвугольнай і прадаўгавата-якападобнай формы. Зрэдку трапляюцца двушыпныя наканечнікі. Рэдкай знаходкай з’яўляюцца таксама наканечнікі з мечападобнай формай пяра (курган №1 у Засвіры).

Шырока распаўсюджанай зброяй з’яўляліся вузкалязоўныя абушныя сякеры. Паступова іх форма змянялася: лязо станавілася шырэйшым, адтуліна для дзяржальні – авальнай. Па меркаванню некаторых даследчыкаў такія сякеры маглі адначасова выконваць функцыю зброю і прылады працы. Спецыяльна зброяй з’яўляліся вузкалязовыя сякеры з прафіляваным абухам.

У некаторых мужчынскіх пахаваннях знойдзены умбоны і дзяржальні шчытоў. Знойдзены умбоны як з цыліндра-канічнай пукатай часткай (курганы №17 1895 г. і №1 1976 г. у Засвіры, курган №6 у Чорнай Лужы), так і з напаловушарападобнай (курган №10 у Чорнай Лужы). Палі умбонаў па краях упрыгожаны ціснёным арнаментам, які складаецца з радоў увагнута-пукатых кропак. Дзяржальні шчытоў уяўляюць сабой тонкія прамыя жалезныя пласціны, у пашыраных канцах якіх маюцца адтуліны для прымацавання да шытных дошак.

Да зброі адносяцца і некаторыя экзэмпляры жалезных нажоў, у прыватнасці ў Засвіры і смаргоні, даўжыня якіх дасягае 20-25 см. Прадметы рыштунку вершніка складаюць шпоры, страмёны, цуглі-псаліі, вупражнымі кольцамі). Акрамя зброі ў мужчынскіх пахавннях сустракаюцца брускі, шыдлы, крэсалы, паясныя спражкі. Апошнія даволі шмалікія. Яны маюць авальныя ці В-падобныя рамкі, часта арнаментаваныя насечкамі.

Пахавальны інвентар усходнелітоўскай культуры
Пахавальны інвентар з курганаў усходнелітоўскай культуры

У курганах канца 1-га – пачатку 2-га тысячагоддзя прадметы ўзбраення сустракаюцца рэдка і толькі ў багатых пахаваннях. Для больш ранніх з іх характэрны адналязоўныя кароткія мячы, для больш позніх – двухлязоўныя. Чатыры мяча з рознымі па форме галоўкамі знойдзены ў курганным могільніку пачатку 2-га тысячагоддзя ля в. Гурковіцы. Верагодна, два сагнутых кароткіх мяча (даўжынёй 36 і 40,5 см), якія П. Рыкаў палічыў за шаблі, былі знойдзены разам з умбонам шчыта ў кургане №8 у Смаргоні. На змену вузкалязоўным сякерам прыйшлі сякеры з шырокім лязом. У курганах рубяжа 1-га і 2-га тысячагоддзяў, а таксама больш познега часу, адсутнічаюць наканечнікі стрэл, якія між тым шырока сустракаюцца на гарадзішчах IX-XIII стст.

Пахавальны інвентар жаночы. Прылады працы ў жаночых пахаваннях прадстаўлены сярпамі, нажамі, жалезнымі ігламі, а таксама глінянымі прасліцамі, якіх ў адным пахаванні бывае да 5 экз.5 (ст.26) Сярод ўпрыгожанняў сустракаюцца скроневыя кольцы з дроту круглага ці рамбічнага сячэння. Некаторыя кольца маюць спіральныя завіткі і нагадваюць падобныя упрыгожанні з сярэдняга Падняпроўя. Такія кольцы насілі па некалькі штук. характэрнымі упрыгожаннямі з’яўляюцца шыйныя грыўні з лодкападобнымі канцамі, з сядлападобным і плоскімі канцамі, якія заходзяць адно за другое, вітыя шыўныя грыўні з конусападобнымі канцамі, эмаліраваныя падковападобныя фібулы і эмаліраваныя ажурныя падвескі, спіральныя пярсцёнкі, спіралькі. 6 (ст.131), 5 (ст.26) Шпількі, якія часта сустракаюцца ў пахаваннях цэнтральнай і паўночнай частках Літвы, а таксама і больш ранніх гарадзішчах усходняй Літвы, у ўсходнелітоўскіх курганах з трупапалажэннем сустракаюцца вельмі рэдка.6 (ст.131) Разам з прадметамі, агульнымі для ўсіх плямён на тэрыторыі сучаснай Літвы, такімі як арбалетныя фібулы, вітыя шыйныя грыўні, шыйныя грыўні з лодкападобнымі канцамі, ва ўсходнелітоўскіх курганах сустракаюцца характэрныя толькі для іх скроневыя кольцы, манжэтныя бранзалеты, эмаліраваныя падковападобныя фібулы.6 (ст.133) Па словах А. Таўтавічуса, рэгіён распаўсюджання спецэфічных для ўсходняй Літвы ўпрыгожанняў поўнасцю супадае з тэрыторыяй распаўсюджання курганаў усходнелітоўскага тыпу. Гэтыя абставіны дазволіла даследчыку казаць аб вылучэнні асобнага літоўскага племені ці саюзу плямён, насельніцтва якога ўжо у IV-V стст. мела звычай пахавання, свае спецэфічныя ўпрыгожанні і своеасаблівую вопратку2.

Эмаліраваныя фібулы (спражкі) і падвескі (1 – Ракенай Дукштаскага р-на, Літва; 2 – Жадавайняй Дусэтскага р-на, Літва; 3 – Варопнішкес Немечынскага р-на, Літва; 4-6 – Межоніс Швенчанскага р-на, Літва)

Пахавальны інвентар: кераміка сустракаецца зрэдку. У ранніх курганах – гэта грубы, зроблены ўручную посуд слоікавых форм, а таксама неарнаментаваныя гаршчкі і міскі. Прыкладам можа служыць пасудзіна з Андрэеўцаў, які меў шурпатую паверхню. У канцы 1-га – пачатку 2-га тысячагоддзя разам з ляпной сустракаецца кругавая кераміка. Пры гэтым ўся кераміка, як ранняя так і позняя, абпалена значна слабей, чым кераміка з гарадзішчаў.

Колькасць пасудзінаў у адным кургане звычайна не адпавядае колькасці пахаванняў. Напрыклад, у падножжы кургана №16 у Засвіры (раскопкі 1895 г.), дзе знаходзіліся два пахаванні, выяўлена 4 гаршчкі, пастаўленых побач па прамой лініі. Аднак у большасці выпадкаў, колькасць пахаванняў значна перавышае колькасць посуду. Па меркаванню Ф. Пакроўскага, у гэтым посудзе пераносілі парэшткі трупаспаленняў с вогнішча ў курган і, верагодна, ніколі не выкарыстоўвалі яго ў якасці пахавальных урнаў.

Пахаванні каней. У канцы 1-га – пачатку 2-га тысячагоддзя ў басейне Верхняй Віліі, як і ва ўсходняй Літве, шырокае распаўсюджанне атрымаў звычай пахавання каней, які ўзнік у сярэдзіне 1-га тысячагоддзя. Спаленага ці неспаленага каня звычайна хавалі асобна ад чалавека. Пахаванні сустракаюцца як ў падножжы кургана ці яго насыпу, так і ў падкурганнай яме. Перапаленыя косці каня знойдзены Ф. Пакроўскім у падножжы кургана №2 у Паніззі і кургана №7 у Пільвінах. У адным з курганаў ля в. Будраны (Астравецкі р-н) знойдзены косці каня пакладзеныя галавой на паўднёвы ўсход (верагодна быў забіты на месцы пахавання). Косці каня знойдзены ў 2 з 7 (раскопкі 1976-1977 гг.) курганах ля в. Сідорышкі. У адным з гарадокскіх курганаў шкелет каня знойдзены ў яме глыбінёй 0,7 м, перакрытай на ўзроўні старажытнага гарызонта глебы вуглевай праслойкі. Конь ляжаў на правым боку, ногі падагнутыя, галава павернута на паўднёвы ўсход. Інвентар “конскіх пахаванняў” двучленныя і трохчленныя цуглі, псаліі, спражкі, вупражныя кольцы, медныя пласціны, стрыжні-заклёпкі.

Пахавальны інвентар спалення каня
Пахавальны інвентар спалення каня

Этнічная прыналежнасць. Пытанне аб этнічнай прыналежнасці насельніцтва культуры ва ўсіх даследчыкаў, пачынаючы з Ф. Пакроўскага, не выклікаў сумневу і яны ўсе ўсходнелітоўскія курганы звязвалі з літоўцамі. Па меркаванню А. Спіцына, літоўскія курганы займалі басейн Нёмана, пераходзячы на яго левы бераг і басейн Віліі. Літоўскімі помнікамі лічылі курганы басейна Віліі В. Антаневіч, Е. Цэгак-Галубовіч і Ул. Галубовіч. Гэты пункт гледжання падзяляюць і сучасныя даследчыкі, якія ўсёж не маюць адзінага меркавання аб тым, якім непасрэдна літоўскім плямёнам належалі гэтыя помнікі. Адныя (М. Гібутас, Ф. Гурэвіч, Р. Кулікаўскенэ) адносяць усходнелітоўскія курганы да аўкштайтаў, іншыя (А. Таўтавічус, Р. Яблонскінэ-Рымантэнэ) звязваюць іх з некалькімі аб’яднаннямі літоўскіх плямён.

У працы “Этнагенез літоўцаў”, падрыхтаванай калектывам гісторыкаў, археолагаў, лінгвістаў і антраполагаў Літоўскай ССР, культура ўсходнелітоўскіх курганаў разглядаецца як пераемніца культуры штрыхаванай керамікі ва ўсходняй Літве і паўночна-усходніх раёнах Беларусі. У пісьмовых крыніцах IX-XII стст. насельніцтва гэтага рэгіёну згадваецца пад назвай “Літва”, якая стала ядром раннефеадальнай літоўскай народнасці3.

Археалагічныя доследы апошняга часу ўсё больш высвятляюць, што складанне культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (якая амаль бясспрэчна належала літоўцам-аўкштайтам) было вынікам перш за ўсё міграцыйнага імпульсу носьбітаў так званай шурпатай керамікі з арэалу культуры заходнебалцкіх курганоў (на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці). Культура ж штрыхаванай керамікі адыгрывала ролю субстрату – такую ж, як і пры складанні славянскай культуры цэнтральнай Беларусі.

  1. А.З. Таутавичус. Восточнолитовские курганы. Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции. Вопросы этнической истории народов Прибалтики. Под ред. Х.А.Моора и др. Том 1. М., 1959
  2. Очерки по археологии Белоруссии, часть II. Минск, “Наука и техника”, 1972
  3. Я.Г. Зверуго. Верхнее Понеманье в IX-XIII вв. Минск, “Навука і тэхніка”, 1989
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии