Зарубінецкая археалагічная культура

Археалагiчная культура жалезнага веку, плямёны якой жылі на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся, на правабярэжным Сярэднім і Верхнім Падняпроўі і на Левабярэжжы Дняпра да басейну Сярэдняга Сейма.1 Назва паходзiць ад могільніка ля с. Зарубінцы (Перэяслаў-Хмяльніцкі р-н на Кіеўшчыне), адкрытага ў 1899 г. Верагодна, узнікла ў выніку змешвання мясцовых плямён з находнікамі з паўночнага-захаду, захаду і поўдня. На поўдні Беларусі і на поўначы Украіны цалкам перакрывала тэрыторыю сваіх папярэднікаў — плямён мілаградскай культуры.2 (ст.93)

Зарубінецкая культура
Агульныя межы зарубінецкай культуры ва Ўсходняй Еўропе

Паходжанне. Культура мае складанае паходжанне. Узнікла яна амаль адначасова ў трох групах на мяжы III-II стст. да н. э. У складзе культур выяўляюцца рысы шэрагу рознаэтнічных кампанентаў: ясторфскай (германцы), паморскай культур пры сувязі з культурай Паянешты-Лукашоўка (дакі альбо іларыйцы) і значным уплыве кельцкіх традыцый латэнскай культуры. Гэта, на думку шэрага даследчыкаў, супярэчыць мяркаванню аб прыналежнасці зарубінецкай культуры да славянаў. Есць падстава атаясамлення зарубінецкага насельніцтва з бастарнамі. Акрамя таго розныя лакальныя групы зарубінцаў асямілявалі носбітаў іншых культур, што ўнесла дадатковыя асаблівасці ў іх старажытнасці, як, напрыклад уплыў мілаградскай культуры (верагодна балты), які быў вельмі грунтоўны на насельніцтва верхнядняпроўскай групы зарубінецкіх плямёнаў. Плямёны мілаградскай культуры, якія яшчэ існавалі ва Усходнім Палессі ў II ст. – першай палове I ст. да н. э. стрымлівалі прасоўванне зарубінцаў на поўнач, на правым беразе Дняпра і па Беразіне. Насельніцтва верхнядняпроўскай групы мелі сувязі і з носьбітамі культуры штрыхаванай керамікі, што прывяло да фарміравання змешанай групы помнікаў тыпу Чачэрск-Кісцяні. Падобная група (але з перавагай штрыхавікоў) знаходзілася ў нізоўях Бярэзіны (Шчаткава, Пятровічы).

Зарубінецкае паселішча
Археалагічны комплекс ля в. Чаплін (Лоеўскі р-н, Гомельская вобл.): гарадзішча, умацаванае тынам і ровам, селішча і грунтовы могільнік паміж селішчам і лесам (рэканструкцыя) і характэрны план гарадзішча зарубінецкай культуры

Паселішчы насельніцтва зарубінецкай культуры зазвычай ладзіліся ў поймах рэк, на рачных тэрасах або на ўзвышшах, у далінах рэк ці на мысах. Пануючым тыпам паселішчаў з’яўляліся адкрытыя селішчы. Гарадзішчы, якія сустракаюцца значна радзей, больш характэрны для Верхняга і Сярэдняга Падняпроў’я. На тэрыторыі Беларусі выключна зарубінецкіх умацаваных паселішчаў не знойдзена: носьбіты культуры лічылі за лепшае займаць старыя мілаградскія гарадзішчы з далейшай мадэрнізацыяй абарончых збудаванняў. Гарадзішчы умацоўваліся рвамі і валамі, часам з невысветленымі драўлянымі канструкцыямі, магчыма агароджай. На даследаваных паселішчах выяўлены ўпрыгожанні, прылады працы, бытавы інвентар – сякеры-кельты і абужковыя сякеры, нажы, сярпы, іголкі, шылы, прабойнікі, долаты, наканечнікі дзідаў, стрэл і дроцікаў, гліняныя біканічныя і шайбападобныя праслічкі, грузікі і інш.

Гаспадарка. Аснову гаспадаркі плямён зарубінецкай культуры складала земляробства — верагодна, падсечна-агнявое і пераложнае — з выкарыстаннем драўлянага рала без жалезнага сошніка. Выкарыстоўваліся жалезныя слабавыгнутыя сярпы і каменныя зерняцёркі. Вырошчвалі проса, ячмень, некаторыя гатункі пшаніцы (захаваліся зерні і адбіткі зерняў на бакавінах пасудзінаў), рэпу, лён і канаплю. Значную ролю адыгрывала хатняя жывёлагадоўля: разводзілі буйных і дробных рогатых жывёл, свіней і коней. Для нарыхтоўкі сена выкарысіоўвалі кароткія жалезныя косы. Практыкавалася таксама паляванне з сабакай — як мясная, так і пушная.

Вырабы зарубіненцкай культуры: 1, 8, 14, 21, 22 — керамічны посуд; 2-4 — бронзавыя шпількі; 5 — бронзавае скроневае кальцо; 6 — бронзавы бранзалет; 7 — бронзавая спражка; 9, 10, 15 — бронзавыя фібулы; 11 — жалезны рыболоўны кручок; 12 — глінянае грузіла; 13 — керамічны тыгель; 16 — жалезны серп; 17 — жалезны чарашковы зрэзань стралы; 18 — жалезны нож; 19 — жалезная шпора; 20 — жалезная сякера-«кельт»; 23 — жалезная каса; 24 — керамичныя прасліцы; 25 — жалезнае навершша кап’я.

Кераміка. Посуд зарубінецкай культуры — ляпны  (грубаляпны) або глянцавы – плоскадонны керамічны посуд прадстаўлены трымя устойлівымі формамі: высокімі гаршкамі ці жбанамі сярэдняга памеру, міскамі, невялікімі падобнымі да кубкаў пасудзінамі з ручкамі.3 (ст.321) Сярод іншых асаблівасцяў – спецэфічныя фібулы з трохвугольным шчытком. Для пахаванняў характэрны абрад трупаспалення са змяшчэннем парэшткаў ў безкурганных могільніках разам з разнастайным пахавальным інвентаром. Адзначаецца складаны рознакультурны характар паходжання і моцныя сувязі з антычнай і латэнскай культурай.

Ткацтва. Аб ткацтве сведчаць пірамідальныя або канічныя гліняныя грузілы для кроснаў і біканічныя гліняныя прасліцы. Па меркаванню некаторых даследчыкаў, зарубінцы выраблілі і насілі доўгія кашулі (рубішчы) з суровай тканіны і, верагодна, тунікападобныя кашулі з доўгімі рукавамі, нешырокія порткі, абутак – посталы ці поршні з суцэльнага кавалка скуры, плашч-накідку ў халодныя часы. Важнай дэталлю мужчынскага і жаночага касцюму з’яўляліся металічныя ўпрыгожанні.

Знешнія сувязі. Найбольш цесныя сувязі падтрымліваліся з антычнымі гарадамі Паўночнага Прычарнамор’я, а таксама з латэнізіраванымі культурамі Цэнтральнай Еўропы. Хоць на зарубінецкіх помніках рэдка сустракаецца воінскі і конскі рыштунак, відавочны уплыў на мясцовую культуру адпаведных кельцкіх і сармацкіх традыцый. Латэнскі уплыў яскрава праяўляецца, акрамя таго, у пахавальным абрадзе, керамічным комплексе і ў элементах касцюма (упрыгожанні і дэталі адзення). У II – I стст. да н.э. шматлікія фібулы з бронзы і жалеза (іх знойдзена ужо каля 700) вырабляюцца па латэнскаму ўзор, а ў I ст. н.э. з рымскіх правінцый паступаюць фібулы новых тыпаў. Наибольшае распаўсюджанне атрымалі фібулы, якія ўзніклі на аснове латэнскіх і якія лічацца спецыфічна зарубінецкімі, з трохкутнай пласцінкай на плечыках фібулы. Да распаўсюджаных тыпаў упрыгожання адносяцца таксама бронзавыя шпількі для адзежы, бронзавыя браслеты і кольцы, жалезныя падковападобныя фібулы. Шкляныя рознакаляровыя пацеркі прывозіліся з паўночнапрычэрнаморскіх антычных цэнтраў.

Вераванні. Першавыснова матэр’яльнай культуры зарубінцаў фарміравалася на земляробчых каштоўнасцях, і была звязана з культам Зямлі. Таксама меў распаўсюджанне культ жывёл. Так пры раскопках могільніка Атвержычы (Столінскі р-н) ў адным з пахаванняў знойдзены косці мядзведзя, а на могільніку Чаплін (Лоеўскі р-н) у пахаваннях былі трубчатыя косці казулі, зуб сабакі, зуб каровы. У культурным пласце Чаплінскага гарадзішча знойдзены прасвідраваныя іклы ваўка, зуб мядзведзя і зуб бабра

Этнічны склад носьбітаў культуры – пытанне, якое застаецца дыскусійным. Сярод даследчыкаў існуюць прыхільнікі прыналежнасці насельніцтва культуры да славянскай, балцкай і германскай супольнасці.

Знікненне культуры, верагодна, абумоўлена міграцыямі яе носьбітаў пад уздзеяннем экалагічных фактараў і зменамі, выкліканымі ўплывамі іншых культур у раёнах міграцыі. Пасля гэтага ў зарубінецкім арэале, а таксама у басейне Дзясны, у Смаленскім Падняпроўі, у вярхоўях Заходняй Дзвіны, у басейне Паўночнага Данца, у Прыкарпацці, на Валыні і ў вусці Дуная з’явіліся новыя, так званыя познезарубінецкія помнікі (сярэдзіна I-II ст. н.э.). У арэале гэтых помнікаў з’явіліся кіеўская і чэрняхоўская культура, з якімі, па мяркаванню шэрагу даследчыкаў, звязаны працэсы славянскага этнагенэзу. Прычына зыходу культуры ў беларускім арэале не высветлена. Аднак існуе дапушчэнне, што некаторая частка насельніцтва з Палесся мігравала на суседнюю тэрыторыю Польшчы і ў басейн Верхняга Нёмана.

  1. А.Р. Канторович. Ранний железный век. “Археология” – Раздел III. Под редакцией академика РАН В.Л. Янина. М.: МГУ, 2006. 608 с.
  2. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  3. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии