Паморская культура

Паморская культура (Вейхяроўска-краташынская, усходнепаморская, паморска-падклёшавая, падклёшавых пахаванняў культура) археалагічная культура ранняга жалезнага веку плямёнаў, якія ў VII – III ст. да н.э. насялялі большую частку Польшчы (Мазовію, Малую Польшчу), заходняе Палессе і заходнюю Валынь. Вядома больш за 3000 помнікаў і месцазнаходжанняў. Характэрнай асаблівасцю паморскай культуры з’яўляюцца выкарыстанне для пахавання рэшткаў крэмацыі каменных скрыняў (на раннім этапе) і антрапаморфных урнаў з пластычнымі выявамі чалавечых твараў і накрыўкамі ў форме шапак. На познім этапе на ўсходзе распаўсюджваецца звычай накрываць рэшткі крэмацыі буйнымі колакалападобнымі пасудзінамі – клёшамі, перакуленымі ўверх дном. Падклёшавыя пахаванні адна частка даследчыкаў разглядае як варыянт паморскай культуры, другая лічыць асобнай культурай, якая вылучылася з паморскай. На тэрыторыі Беларусі вядомы толькі помнікі позняга этапу, якія належалі да ўсходняй перыферыйнай групы. У Беларусі помнікі паморскай культуры існавалі ў III ст. да н.э. Арэал ахоплівае землі ад Зах. Буга да тураўскага Палесся, на ўсходзе мяжуе з сінхроннымі помнікамі мілаградскай культуры.

Вытокі. Культура генетычна звязана з лужыцкай культурай позняга бронзавага і ранняга жалезных вякоў. Яе фарміраванне было абумоўлена пачаткам на рубяжы VIII-VII ст. да н.э. больш халоднага і вільготнага субатлантычнага перыяду. У новых кліматычных умовах склалася культурна-гаспадарчая мадэль, якая грунтавалася на невялікіх, мабільных групах насельніцтва, здольных прыстасавацца да розных глебава-ландшафтных умоў. Фарміраванне культуры адбывалася каля 650—550 г. да н.э. ва ўсходнім Памор’і на базе велявейскай групы, якая знаходзілася пад уплывам насельніцтва культуры хаткавых урнаў з тэрыторыі цэнтральнай Германіі. Асаблівасці пахавальнага абраду і матэрыяльнай культуры розных рэгіёнаў і этапаў развіцця паморскай культуры абумоўлены паступовым далучэннем новых груп насельніцтва лужыцкай культуры, а таксама ўшіывамі з боку суседніх культур (латэнскай, ясторфскай, заходнебалтыйскіх курганоў, тыпу Векерцунг, куштанавіцкай).

Паморская культура
Арэал паморскай культуры

Вытворчасць і апрацоўка метала. Культура характарызуецца адносна нізкім узроўнем развіцця чорнай металургіі з выкарыстаннем мясцовых залежаў дзярновых і балотных руд. Разам з жалезнымі прыладамі (нажы, сякеры-кельты, цяслы, долаты, сярпы, матыкі, шылы, іголкі) выкарыстоўваліся бронзавыя і касцяныя1.

Жытло. Носьбіты культуры жылі ў невялікіх селішчах, размешчаных на пясчаных узвышшах і тэрасах рэк і ручаёў. Асноўны тып жытла — наземныя, паўзямлянкавыя 1—2-камерныя дамы плошчай 10—30 м2 з каркасна-слупавой канструкцыяй сцен і 2-схільнымі дахамі; абаграваліся агнішчамі. Вядомы таксама малыя жытлы часовага характару.

Гаспадарчы лад грунтаваўся на жывёлагадоўлі і земляробстве. Асноўнымі агракультурамі былі пшаніца, проса, ячмень, жыта. Вырошчваліся бабовыя культуры (гарох, фасоля), лён і каноплі. Зерне захоўвалася ў ямах-сховішчах, апрацоўвалася ў ступах і з дапамогай каменных зерняцёрак. У якасці цяглавой сілы выкарыстоўваліся быкі (валы), коні — пераважна для верхавой язды. Важную ролю адыгрывалі збіральніцтва, паляванне і рыбалоўства. Насельнінтва культуры не арыентавалася на выкарыстанне пэўных тыпаў глебаў і дэманстравала высокую здатнасць прыстасавання да змен прыроднага асяроддзя. Інтэнсіўнае падсечнае земляробства, нарыхтоўка лісця і пабегаў лісцевых дрэў для стойлавага ўтрымання хатняй жывёлы ў зімовы час вялі да абязлесення наваколля, што выклікала неабходнасць адносна частага пераносу селішчаў і абумовіла разрэджанасць пасяленняў.

Рамёствы. Былі распаўсюджаны хатнія рамёствы, звязаныя з апрацоўкай дрэва, скуры, косці і рога, ткацтва. Прасліцы мелі цыліндрычную, біканічную і крыжападобную форму.

Керамічны посуд. Вырабляўся як кухонны (гаршкі, сырніцы), так і сталовы (вазы з накрыўкамі, збаны, кубкі, міскі, талеркі-дыскі, чаркі) ляпны посуд. Гаршкі мелі загладжаную ўнутраную і храпаватую знешнюю паверхню. Сталовы посуд пераважна чорнаглянцаваны, упрыгожваўся рытым арнаментам (часам запоўнены белай пастай) з расліннымі матывамі.

Гандаль. Насельніцтва культуры ўдзельнічала ў сістэме менавога гандлю, які ахопліваў землі ад Скандынавіі да паўночнага Міжземнамор’я. Імпартаваліся бронзавыя, жалезныя прылады працы, зброя, упрыгажэнні, шкляныя пацеркі і інш.

Пахавальны абрад. Для паморскай культуры характэрны грунтавыя могільнікі з пахаваннямі па абраду крэмацыі. Частка з іх абазначалася на паверхні слупамі альбо мела надмагільныя драўляныя канструкцыі. Пахаванні ўтвараюць невялікія групы, размешчаныя на адлегласці да некалькіх дзесяткаў метраў адна ад другой.

На ранніх этапах пашыраны калектыўныя пахаванні ў скрынях з каменных пліт і валуноў, якія ўтрымліваюць да 25—30 урнаў, На антрапаморфных урнах з пластычнымі выявамі чалавечых твараў і накрыўкамі ў форме шапак размяшчаліся металічныя ўпрыгажэнні. Урны аздабляліся рытым раслінным арнаментам, схематычнымі выявамі жывёл і чалавечых постацей (у т.л. вершнікаў), якія утвараюць складаныя кампазіцыі. Вядомы выявы зброі (мячоў, шчытоў, коп’яў), упрыгожанняў і побытавых рэчаў.

Рэканструкцыя крэмацыйнага пахавання насельніцтва паморскай культуры (фота: www.giecz.pl)

Пахавальны інвентар складаўся з пасудзін-прыставак, металічных упрыгажэнняў (завушніцы, грыўні, бранзалеты, кольцы, шпількі, фібулы, пацеркі са шкла, бурштыну, каменю), бытавых рэчаў (брытвы, пінцэты, іголкі), выключна рэдка – з узбраення і конскай вупражы. Рэчы пераважна пашкоджаны пахавальнымі вогнішчамі. Ва урнах знаходзяіша таксама перапаленыя косткі жывёл і птушак.

Лёс культуры. На рубяжы III—II ст. да н.э. насельніцтва паморскай культуры прыняло ўдзел у фарміраванні латэнізаваных культур (пшэворскай і аксыўскай) у асноўным арэале яе распаўсюджання і палескага варыянту зарубінецкай культуры ў цэнтральным Палессі.

Культура падклёшавых пахаванняў

На позніх этапах (у V—III ст. да н.э.) распаўсюджваюцца індывідуальныя, у т.л. ямныя пахаванні; спрашчаецца альбо цалкам знікае арнаментацыя урнаў, пахавальны інвентар выразна бяднейшы. Для ўсходніх рэгіенаў распаўсюджання культуры характэрны ямныя і урнавыя пахаванні, накрытыя вялікімі храпаватымі гаршкамі-клёшамі. Адзначаецца беднасць арнаментацыі посуду. У параўнанні з класічнымі помнікамі паморскай культуры пахавальны інвентар складаецца, перадусім, з посуду і выключна рэдка ўтрымлівае іншыя рэчы. Гэтыя рысы сведчаць аб фарміраванні масіву падклошава-паморскіх помнікаў у сярэднім цячэнні Віслы і ва ўсходняй перыферыі паморскай культуры на адносна позніх этапах яе развіцця — у сяр. VI — пач. IV ст. да н.э.

На думку В.В. Сядова, культура падклёшавых пахаванняў склалася ў працэсе ўнутрырэгіянальнага ўзаімадзеяння паморскай і лужыцкай культур. У той частцы арэала лужыцкай культуры, дзе рассяліліся перасяленцы з Польскага Памор’я, у магільніках паступова памяншаецца колькасць калектыўных пахаванняў, што было ўласціва абраднасці памарской культуры. Дамінуючымі становяцца характэрныя для лужыцкага насельніцтва індывідуальныя пахаванні. Паступова знікае звычай будаваць для пахаванняў каменныя скрыні, што было тыпова для паморскай культуры, затое шырока распаўсюджваецца тыпова лужыцкая асаблівасць – пахаванне ў грунтавых ямах ў гліняных скрынях або без іх. Падобная сітуацыя змешвання выяўляецца і ў развіцці керамікі, і ў металічных вырабах.

Паводле В.В. Сядова, культура датуецца 400-100 гг. да н. э. Першапачатковая тэрыторыя яе – басейны сярэдняга і верхняга цячэння Віслы і прытоку Одэра Нар і – абмежаваная зонай змешвання лужыцкіх і паморскага насельніцтва. У среднелатенский перыяд арэал культуры подклёшавых пахаванняў пашыраецца да сярэдняга цячэння Одэра на захадзе і да заходніх, ўскраінных рэгіёнаў Валыні і Прыпяцкага Палесся на ўсходзе. Найбольш усходнімі помнікамі культуры з’яўляюцца магільнікі Млынішча каля Уладзіміра Валынскага і Драгічын недалёка ад Пінска2.

Жытло. Паселішчы культуры подклешевых пахаванняў былі неўмацаванымі. Па меркаванню В.В. Сядова, па тапаграфічных асаблівасцях і велічыні яны блізкія да лужыцкіх. На аснове аналізу антрапалагічных матэрыялаў з магільнікаў польскія археолагі сцвярджаюць, што большасць паселішчаў налічвалі 20-40 жыхароў. Жытламі былі наземныя прастакутныя пабудовы слупавой канструкцыі, якія працягвалі традыцыі домабудаўніцтва лужыцкай культуры. Агмені выкладваліся з камянёў і размяшчаліся звычайна каля адной з доўгіх бакоў жытла. Пол быў земляным, перакрыцце двусхільным. На селішчы Бжэсць-Куяўскі даследаваны і паўзямлянкавыя дамы падквадратнай або прастакутнай формы са сторанамі 3-4 м і глыбінёй катлаванаў 0,6-1 м.

Могільнікі культуры подклёшевых пахаванняў бескурганныя. Пахаванні ў грунтовых магільніках адбываліся па абраду трупаспалення. Сабраныя з пахавальнага вогнішча рэшткі крэмацыі памерлых змяшчаліся ў гліняных скрынях і затуляліся (далёка не ва ўсіх выпадках) пасудзінай вялікіх памераў, перакуленым ўверх дном. Як адзначае В.В. Сядоў, такі рытуал з’явіўся яшчэ ў лужыцкай культуры ў перыядзе IV эпохі бронзы. Тады гэта была рэдкая абраднасць, але зафіксавана на шырокай тэрыторыі. Ва ўмовах унутрырэгіянальнага змешвання лужыцкага насельніцтва з прышлым з зямель Польскага Памор’я гэты тып абраднасці ў сілу нейкіх чыннікаў цяпер атрымаў дамінуючае распаўсюджванне, стаўшы маркерам новага культурна-гістарычнага ўтварэння. У карэнных землях паморскай культуры гэтага не назіраецца.

Сярод пахаванняў культуры подклёшавых пахаванняў ёсць урнавыя і безурнавыя. У абодвух выпадках зафіксаваны звычай засыпаць кальцыніраваныя косткі рэшткамі пахавальнага вогнішча. Часам пахавання абстаўляліся камянямі. Пры раскопках магільніка ў Трансбурс бліз Мінска Мазавецкага, дзе даследавана 126 пахаванняў, выяўлены сляды калляў, убітых вакол магільнай ямы. Даследчыкі помніка мяркуюць, што над пахаваннямі ўладкоўваліся домападобныя будынкі з тонкіх стаякоў і плетневых сцен. У гэтай сувязі выказваецца дапушчэнне, што кожнае пахаванне на паверхні пазначалася лёгкім драўляным збудаваннем або невялікім земляным насыпам.

У пахаваннях, акрамя урнаў, сустракаюцца шпількі, фібулы, кольцы, гл. посуд і інш знаходкі. На тэрыторыі Беларусі вядомыя два магільніка культуры, даследаваныя В. Б. Нікіцін і Ю. В. Кухаронка. Так, каля Драгічына было раскапана 5 пахаванняў, з іх 2 урновых і тры ямных. Абодва урновых пахавання былі перакрытыя ў адным выпадку двума міскамі, у другім – міскай і чыгуном. У магільніку ў в Трасцяніца акрамя керамікі былі знойдзены бронзавая фібула раннелатенской схемы, жалезнае кальцо і падвескі з бронзы.

Гліняны посуд культуры падклешевых пахаванняў, па меркаванню В.В. Сядова, адлюстроўвае сінтэз лужыцкіх і паморскай культур. Частка керамікі з’яўляецца прамым працягам лужыцкай традыцыі: высокія гаршкі яйкападобнай формы, да ліку якіх прыналежаць і пасудзіны-“клёшы”, акруглабокія пасудзіны з двума вушкамі, амфарападобныя пасудзіны, міскі з загнутым вонкі краем, сітападобныя посудзіны, кубкі, плоскія круглыя вечкі. Другая частка керамікі эвалюцыянавала з паморскага посуду – выпуклобокія пасудзіны з гладкім верхам і адмыслова ашаршаўленным тулавам, якія таксама ўжываліся як “клёшы”, амфарападобныя пасудзіны з ашаршаўленнай паверхняй, міскі з рабрыстым краем і вушкам, глякі. Бытаваў і посуд, раней распаўсюджаны як у лужыцкіх, так і ў паморскіх старажытнасцях, у прыватнасці гаршкі з высокай цыліндрычнайй шыйкай. Увесь гліняны посуд рабіўся ручным спосабам, без выкарыстання ганчарнага круга.

Керамічны посуд культуры падклёшавых пахаванняў (крыніца: istorik.org)

Металічныя вырабы. Спадчыннымі ад лужыцкай культуры былі шпількі са спіральнымі галоўкамі і з завяршэннямі, звітымі ў вушка. З паморскай ў культуру подклёшевых пахаванняў перайшлі шпількі з дыскападобнымі галоўкамі, фібулы чартозскага тыпу і адзінкавыя знаходкі кавачэвічскіх фібул. Вырабы з бронзы прадстаўлены пераважна ўпрыгожваннямі.

Металічныя прадметы ў разгляданы час вырабляліся ў асноўным ужо з жалеза. Сярод іх да распаўсюджаным належаць шпількі з лебядзепадобнымі галоўкамі, цвікападобныя і з галоўкамі ў выглядзе трубчастага вушка. Існавалі таксама фібулы ранне- і срярэднелатэнскіх тыпаў, нізкі з шкляных караляў, бронзавыя шыйныя грыўні ў выглядзе карон, біспіральныя падвескі, якія былі раней распаўсюджаны ў лужыцкіх старажытнасцях.

Вырабы з косці і рогу. У помніках культуры подклёшевых пахаванняў сустракаюцца таксама прадметы з косці і рогу – іголкі, праколкі, арнаментаваныя накладкі і іншае.

Гаспадарка. Асновай эканомікі насельніцтва культуры былі землеапрацоўка і жывёлагадоўля. Археолагамі зафіксаваныя сляды плужнай апрацоўкі глебы, але жалезных ворных прылад пакуль не знойдзена, відавочна, яны былі цалкам драўлянымі. З культур былі распаўсюджаны проса, пшаніца, ячмень, гарох, бабы, лён. Раскопкамі выяўлены таксама сляды заняткаў рыбалоўствам, паляваннем і збору лясных пладоў.

Этнічны склад. Як лічыць В.В. Сядоў, маюцца ўсе падставы адносіць насельніцтва культуры подклёшевых пахаванняў да славянскага этнасу. Па яго словах, пачынаючы з гэтай культуры прасочваецца пераемнасць у эвалюцыйным развіцці старажытнасцяў аж да дакладна славянскіх ранняга сярэднявечча. Такім чынам, як лічыць даследчык, перыяд форміравання і развіцця разгляданай культуры быў этапам станаўлення славянскага этнасу. Старажытнаеўрапейскае насельніцтва Вісла-Одэрскага басейна ў гэты час ва ўмовах ўнутрырэгіянальных ўзаемадзеянняў з плямёнамі паморскай культуры станавілася славянскім. Культура падклёшевых пахаванняў адпавядае этапу станаўлення і пачатковага развіцця праславянскай мовы.

На тэрыторыі Беларусі вядомы 8 могільнікаў (11 пахаванняў), 5 селішчаў і шэраг месцазнаходжанняў. Пераважаюць урнавыя і ямныя, двойчы выяўлены падклошавыя пахаванні. На селішчы Кусічы выяўлена жытло пл. каля 18 м.кв падпрамавугольнай формы з 2 агнішчамі. Па перыметры яно было абкладзена камянямі.

Бліжэйшымі суседзямі культуры падклёшавых пахаванняў у басейне Прыпяці былі плямёны мілаградскай культуры, тэрыторыі іх не сутыкаліся, а былі падзеленыя незаселенай прасторай.

  1. Археалогія Беларусі. Энцыклапедыя ў двух тамах. 2 том. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 2011
  2. В.В. Седов. Славяне. Историко-археололгическое исследование. Москва, 2002
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии