Днепра-дзвінская культура

Днепра-дзвінская культура (VIII ст. да н.э. – IV ст. н. э.) – археалагiчная культура ўсходне-балцкіх плямён, якія ў VIII ст. да н.э. – IV / V стст. н.э. жылі ў басейнах Дзвіны і Верхняга Дняпра. Суіснавала побач і адначасова з культурай штрыхаванай керамікі, з якой мае шмат агульнага. Як і суседняя культура, таксама вядома толькі па паселішчах, асноўным тыпам якіх былі ўмацаваныя гарадзішчы. Могільнікі культуры пакуль не выяўлены. Адна з характэрных асаблівасцяў і адрозненне ад роднаснай культуры – гладкасценная ляпная кераміка. Унікальная з’ява культуры – жалезныя сярпы з выгнутай пад прамым вуглом спінкай.

Лакалізацыя. У арэал культуры уваходзілі землі Смаленскага Падняпроўя, паўночнай часткі Магілёўскай вобласці, Полацка-Віцебскага парэчча Заходняй Дзвіны. На захадзе мяжа культуры была размытай і для культуры характэрна пэўная сваеасаблівасць (пераважная колькасць слоікавага посуду, вялікі працэнт арнаментаваных гаршчкоў і г.д.). што дало падставу вылучыць гэтую тэрыторыю ў заходні варыянт культуры.

Помнікі днепра-дзвінская культура
Помнікі днепра-дзвінскай культуры на тэрыторыі Беларусі

Вытокі. Паходжанне культуры пакуль застаецца не вырашаным, паколькі эпоха бронзы у арэале культуры не вывучана ў дастатковай ступені. Па некаторых прызнаках дапускаецца, што культура склалася на мясцовай выснове, верагодна, пры удзеле “шнуравікоў”.

Тыпы паселішчаў. Пераважнымм тыпам паселішчаў былі гарадзішчы. На раннім этапе (VIII – V ст. да н.э.) гарадзішчы будаваліся на ўзвышшах каля вады на тэрыторыі з узгоркава-азёрным ландшафтам. Пляцоўкі не ўмацоўваліся, падсыпаліся толькі краі і рабіліся драўляныя агароджы. У сярэдні перыяд (IV – I ст. да н.э.) памеры гарадзішчаў павялічыліся, а абарончыя збудаванні ускладніліся. Па краях пляцовак насыпаліся земляныя валы, якія ўзмацняліся рвамі. Прыкладна з IV ст. да н.э. з’яўляюцца драўляныя агароджы па перыметру пляцоўкі, невялічкія валы, павялічваецца стромкасць схілаў за кошт скідвання з пляцоўкм культурнага слоя. У позні перыяд (I – IV/V ст. н.э.) умацаванні ўяўляюць сабой складаную і дасканалую сістэму кальцавых валоў з драўлянымі сценамі і рвоў вакол схілаў ніжэй пляцоўкі гарадзішчаў у 2, 3 і болей ліній. Вышыня валаў звычайна не перавышала 2-3 м. Плошчы пляцовак павялічыліся ад 2000 да 7000 м2, яны ператварыліся ў пасёлкі-крэпасці.

План гарадзішча Барсукі

Жытло. Па меркаванню В.І. Шадыра для ранніх гарадзішчаў былі характэрны паўзямлянкавыя жытлы. Адна з такіх пабудоў акруглай формы, пакрытая па тыпу будана, выяўлена на гарадзішчы Замошша. Аднак, наибольш тыповым было доўгае наземнае жытло слупавой канструкцыі, якое размяшчалася па краю пляцоўкі (гарадзішчы Кублічы на Беларусі, Тушэмля, Дземідаўка, Наквасіна і інш. на Смаленшчыне. З рубяжа н.э. у арэале культуры узнікаюць аднакамерныя пабудовы слупавой канструкцыі (Кастрыца і Буракова на Беларусі, Макрадзіна, Смілава – на Смаленшчыне). Акрамя таго, на Смаленшчыне узнікаюць дамы, якія маюць зрубную канструкцыю сценаў. Вогнішчы жытлаў насельніцтва культуры на тэрыторыі Беларусі цалкам падобныя вогнішчам, якія знойдзены на гарадзішчах культуры штрыхаванай керамікі. На Смаленшчыне вогнішчы цалкам выкладзены шчыльна падагнанымі камянямі1.

Гаспадарка. Ад самага пачатку адной з вядучых галінаў гаспадаркі было ляднае землеробства, аб чым сведчыць вялікая колькасць сякераў на месцах паселішчаў. Як паказваюць даследванні, найбольш пашыранымі культурамі былі пшаніца, ячмень, проса, лён. Аснову жывёлагадоўлі, якое мела не менш важнае значэнне, складала гадоўля свіней і буйных рагатых жывёл. Коні і дробны рагаты скот адыгрывалі другаснае значэнне.

Паляванне, хоць і адыгрывала меньшую ролю, тым не менш было вельмі распаўсюджаным. На некаторых гарадзішчах частка касцей дзікіх жывёлаў складала 41-45% (Буракова, Кастрыца, Фядоткаў). Палявалі на тура, лася, высакароднага аленя, дзіка, мядзведзя, лісу, выдру, куніцу, тхора, бабра і інш. Была развіта тасама рыбная лоўля (шчупак, платва, язь, лінь, лешч, окунь).

Кераміка. Посуд культуры гладкасценны і падзяляецца па форме на слоікападобныя і слабапрафіляваныя гаршчкі. У першых стагоддзях н.э. на Смаленшчыне таксама распаўсюджваецца моцнапрафіляваныя пасудзіны. Арнаментаваны посуд сустракаецца радзей, чым у культуры штрыхаванай керамікі, між тым на тэрыторыі Беларусі гаршчкі з арнаментам сустракаюцца часцей. Аздабленне посуду звычайна знаходзіцца ў верхняй частцы і уяўляе сабой рыскі, ямкі або дзіркі.

Верхняя частка ляпнога посуду днепра-дзвінскай культуры

Апрацоўка косці і камяню займала ў I тыс. да н.э. адно з цэнтральных месцаў сярод хатніх рамёсел. На ранніх гарадзішчах Падзвіння даволі частымі знаходкамі з’яўляюцца каменныя свідраваныя сякеры, сякеры-кліны, зерняцёркі і песты. Для вытворчасці каменных сякераў выкарыстоўвалі дзекарыт, граніт, кварцыты, дзіабаз і інш. пароды камянёў. Канчатковая форма сякераў даводзілася з дапамогай шліфавання. Свідраванне адтулінаў адбывалася з дапамогай касцянога свідра.

Матэр’ялам для касцяных вырабаў служылі полыя і трубчатыя косці, зубы і рогі жывёлаў, якія апрацоўвалі спосабам шчаплення, рэзання, шліфавання, скаблення, свідравання і паліравання. Сярод прылад працы вялікую колькасць складаюць качадыкі, вастрыі, шыдлы, праколкі, тупікі. Касцяную зброю складаюць навершы стрэлаў і дзідаў. Стрэлы звычайна чэрашковыя рознай формы, радзей сустракаюцца ўтульчатыя куляпадобныя. Дзіды вырабляліся з масіўных трубчастых костак. Утульчатые наканечнікі дзід ўяўляюць сабой трубчастую костку з касым зрэзам на баявой частцы. Частай знаходкай на гарадзішчах культуры з’яўляюцца касцяныя шпількі з натуральнай і штучна апрацаванай галоўкай.

Выкарыстанне жалеза сярод носбітаў культуры, верагодна, пачалося раней, чым сярод плямён культуры штрыхаванай керамікі дзякуючы больш цесным сувязям з паўднёвымі плямёнамі па Дняпру. На некаторых гарадзішчах культуры знойдзены жалезныя сякеры (VI-IV ст. да н.э.), якія маюць аналагі ў скіфскім асяроддзі (Замошша, Баронікі, Кублічы). Другая група жалезых сякераў аднросіцца да паўднёва-прыбалтыйскага тыпу, які з’явіўся ў першых стагоддзях н.э.

Асаблівай увагі заслугоўваюць сярпы з выгнутай пад прамым вуглом спінкай, якія не маюць аналагаў у іншых культурах. Разам з тым сустракаюцца сярпы і жніўныя нажы звычайнай формы. Частай знаходкай з’яўляюцца нажы. Найбольш старажытныя з іх маюць гарбатую спінку. Сярод іншых частых прылад працы – жалезныя шыдлы і іголкі.

Бліжэй да канца I тыс. да н.э. жалезная зброя пачынае выцясняць зброю з косці. Але калі ў культуры штрыхаванай керамікі пануе зброя бліжняга бою, то ў днепра-дзвінскай культуры сустракаюцца як дзіды, так і наканечкікі стрэлаў.

Бронзавае скроневае кольца з гарадзішча Борнікі (Віцебскі р-н), V-IV ст. да н.э.

Частымі знаходкамі на паселішчах культуры з’яўляюцца жалезныя шпількі. Сярод іх пераважваюць кіяпадобныя альбо з кальцавым навершам. Фібулы сустракаюцца рэдка, належаць да раннерымскага часу і выяўлены толькі на тэрыторыі Смаленшчыны. З жалеза і бронзы вырабляліся разнастайныя упрыгожанні: ручныя і нажныя бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі і г.д. Пры гэтым у Верхнім Падняпроўі комплекс упрыгожанняў нашмат багацейшы па асартыменту і колькасці, чым у Падзвінні. Знаходкі на Смаленшчыне латэнскіх бранзалетаў, грыўнаў, пектараляў, асобных тыпаў падвесак тлумачыцца больш шчыльнымі сувязямі з поўднем, што адбывалася пры пасрэдніцтве юхноўскіх і мілаградскіх плямён.

Металавытворчасць. Сырадутны працэс з’яўляецца ў днепра-двінцаў не раней 2-й паловы I тыс. да н.э. Аб шырокім распаўсюджанні чорнай металургіі сведчаць знаходкі жалезнага шлака, крыц, абломкаў домніц. Апошнія знойдзены на гарадзішчах Цербахунь, Кублічы, Буракова. Прылады працы вырабляліся з крычнага жалеза шляхам далейшай апрацоўкі. Кавальскія прылады сустракаюцца рэдка. Даследчыкі даводзяць, што кавалям былі вядомы зварка і пакеціраванне сыравіны.

Добра была развіта і апрацоўка каляровых металаў, аб чым сведчаць шматлікія знаходкі тыгляў, льячак і ліцейных форм. Вытворчасць рэчаў з каляровых сплаваў вялася дзвюмя шляхамі: пры дапамозе ліцця (для вытврчасці складаных вырабаў – кельтаў, упрыгожанняў) і спосабам халоднага ці гарачага кавання (пры вытворчасці простых вырабаў – шпількі, шыдлы, вастрыі і г.д.).

Іншыя вырабы. Частай знаходкай на паселішчах з’яўляюцца грузікі тыпа дзьякава. Прасліцы з’яўляюцца адзінкавымі знаходкамі і ў Заходнім Падзвінні яны ідэнтычныя як па форме, так і па арнаменту прасліцам культуры штрыхаванай керамікі.

Гліняныя грузікі і праселкі з гарадзішча Клішына (Крупскі р-н) і селішча і гарадзішча Пруднікі (Міёрскі р-н).

Сацыяльная структура. Па узроўню грамадскага развіцця плямёны культуры знаходзіліся на той самай стадыі, што і носьбіты культуры штрыхаванай керамікі: у іх існаваў развіты патрыярхат, что пацвярджае характар паселішчаў, жытлаў, земляробства і г.д. Асноўнай гаспадарчай адзінкай была вялікая патрыярхальная сям’я. Некалькі сем’яў аб’ядноўваліся ў род.

Культы і вераванні. Як і ў іншых плямён ранняга жалезнага веку, у носьбітаў культуры пераважвала абогатварэнне сілаў прыроды. Аб гэтым сведчаць разнастайныя салярныя і астральныя знакі на разнастайных прадметах, фігуркі каня. Аб шанаванні дзікіх живёлаў гавораць амулеты, зробленыя з касцей і зубоў мядведзя, дзіка. На гарадзішчах у Верхнім Падняпроўі былі знойдзены паганскія свяцілішчы, якія размяшчаліся ў сярэдзіне жылых пляцовак. Адно з іх выяўлена ў сярэднем слоі гарадзішча Тушэмля і ўяўляла сабою круглую пляцоўку дыяметрам 6 м, акантаваную канаўкай, у якой бачны слупавыя ямы, выкапаныя на адлегласці 0,25-0,35 м адна ад другой. У самай сярэдзіне пляцоўкі, верагодна, быў усталяваны ідал, ад якога захавалася вертыкальная канічная яма, дыяметрам 0,5 м і глыбінёй 0,7 м. Такія самыя свяцілішчы вядомы і на іншых гарадзішчах Смаленшчыны (Дземідаўка, Самсонцы). На тэрыторыі Беларусі падобныя пабудовы не вядомыя.

Пахавальны абрад. Так сама як і культура штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская культура вывучана выключна па паселішчах: пахавальныя помнікі у яе арэале не вядомыя.

Этнічны склад. Сярод даследчыкаў пераважвае меркаванне, што культура належала балтам.

Лёс культуры. У III-V ст. н.э. у арэал культуры пачынаюць пранікаць з поўдня носьбіты кіеўскай культуры. У працэсе змешвання да сярэдзіны V ст. н.э. фарміруецца новая культура, якая атрымала назву тушэмлінскай.

  1. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии