Кіеўская археалагічная культура

Кіеўская культура — археалагiчная культура насельніцтва жалезнага веку, якое ў канцы II – сярэдзіне V ст. займала паўднёвы ўсход Беларусі, значную частку Сярэдняга Падняпроўя, Падзяснення і сумежныя раёны лесастэпу. З’яўляецца прамежкавым этапам паміж зарубінецкай і калочынскай культурамі. Характэрныя асаблівасці культуры: адкрытыя селішчы, як адзіны тып паселішчаў; грубаляпны таўстасценны посуд, сярод якога вылучаюцца вялікія гаршкападобныя начынні; упрыгожанні з выямчатай эмаллю; абрад крэмацыі і пахаванні ў бескурганных могільніках. Па распаўсюджанаму меркаванню з’яўляецца базавай для іншых культур і адной з верагодных прарадзім славян.

Лакалізацыя. Арэал культуры ахоплівае тэрыторыю Чарнігаўскай, Сумскай і поўнач Кіеўскай абласцей Украіны, усход Гомельскай і поўдзень Магілёўскай абласцей Беларусі, а таксама поўдзень Бранскай і захад Курскай абласцей Расіі.

Вытокі культуры не маюць адзінага тлумачэння. П.Н, Траццякоў (Третьяков), В.Н. Даніленка, Л.Д. Побаль укзваюць на яе генетычную сувязь з зарубінецкай культурай. Л.Д. Побаль разглядае культуру як позні этап зарубінецкай культуры. Па меркаванню Р.В. Церпілоўскага (Терпиловский), А.М. Абломскага (Обломский) і некаторых іншых даследчыкаў асновой складання культуры з’явіліся не класічныя, а познія зарубінецкія помнікі пры верагодным уплыве некаторых заходніх (пшэворская культура) і паўночных культур (культура штрыхаванай керамікі).

З суседніх культур найвялікшы ўплыў на культуру аказала больш развітая чэрняхоўская культура, праз якую трапляла ў арэал кіўскай культуры вялікая частка рэчаў прывінцыйна-рымскага аблічча: касцяныя грабяні, некаторыя тыпы спражак і фібул, шкляныя пацеркі, металічны і чырвоналакавы посуд, бронзавыя пінцэты і г.д.

Тыпы паселішчаў. Адзіным тыпам паселішчаў культуры з’яўляюцца адкрытыя селішчы, якія ўзводзіліся па берагах рэк і азёр, на невысокіх узвышшах сярод балоцістых паплавоў ці па краях надпоймавых тэрас. Звычайна селішчы мелі невялікія размеры (0,5 – 2,0 га ), аднак, на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца і буйныя пасяленні плошчай да 10 га. (Адаменка, Тайманава ў Быхаўскім раёне). У асобных выпадках селішчы ўзнікалі побач з раней збудаванымі гарадзішчамі. Нярэдка селішчы размяшчаюцца “гнёздамі” па 3-5 у кожным.

Селішча Тайманава (Быхаўскі р-н). Раскопкі Л.Д. Побаля

Жытло. На тэрыторыі Беларусі вядомы 2 тыпа жытла носбітаў культуры: паўзямлянкі і наземныя дамы. Паўзямлянкавыя жытлы мелі звычайна квадратную ці прамавугольную ў плане форму (пл. 8 – 24 м2.) і былі паглыбленыя ў зямлю на 0,4 – 1,2 м. Падлогі былі пясчаныя, зрэдку падмазаныя глінаю, часам вымошчваліся драўлянымі плашкамі. Канструкцыя сцен была слупавая ці зрубная. Як правіла, у сярэдзіне катлавана знаходзяцца сляды ад слупа, які падтрымліваў кроўлю. У жытлах размяшчаліся каменныя вогнішчы альбо печы-каменкі. Наземныя пабудовы мелі прыкладна тыя самыя памеры і слупавую канструкцыю сцен. Побач з дамамі звычайна размяшчаліся гаспадарчыя ямы чаша- ці звонападобнай у плане форм.

Гаспадарка. Насельніцтва культуры займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам. Добра былі развіты ганчарства, чорная і каляровая металургія, ткацтва.

Кераміка культуры ляпная. Пераважваюць слабапрафіляваныя ці рабрыстыя гаршчкі вялікіх памераў. Характэрна спалучэнне рабрыстых біканічных форм са слабапрафіляванымі і пукатымі. Звычайна гаршчкі тоўстасценныя, з кепска загладжанай паверхняй. Яскравай адметнасцю керамікі з’яўляюцца наяўнасць масіўных змесціваў для прадуктаў вышынёй да 50 см. Арнамент у выглядзе насечак ці пальцавых уцісканняў па краю венчыка і рашчосы грэбенем на тулаве сустракаюцца крайне рэдка. Сталовы посуд прэдстаўлены міскамі і гаршкападобнымі пасудзінамі. Частка посуду глянцаватая, однак якасць глянцу значна горшая, чым у посудзе зарубінецкай культуры1.

Ляпныя гаршкі кіеўскай культуры
Ляпныя гаршкі кіеўскай культуры з могільніка Абідня (в. Адаменка, Быхаўскі р-н) – 1, 2, 6 – 8; і селішча Тайманава (Быхаўскі р-н) – 3 – 5, 9. Раскопкі Л.Д. Побаля

Выкарыстанне жалеза З жалеза вырабляліся такія прылады працы, як сярпы, шыдлы, скоблі, нажы з прамой ці злёгку пукатай спінкай, кавальскія інструменты. Сярод знаходак прадметаў узбраення і рыштунку вершніка наканечнікі стрэл, шпоры, дэталі конскай збруі2.

Адметнай рысай культуры лічыцца значная колькасць металічных вырабаў з эмалямі. Сярод іх вылучаюцца так званыя лунніцы-падвескі, на канцах якіх маюцца каляровыя эмалевыя ўстаўкі. Згодна з вынікамі даследванняў, лунніцы вырабляліся на месцы. Эмалевыя ўстаўкі вырабляліся шляхам расплаўкі шкляных пацерак і заліўкай у адпаведныя гнёзды на лунніцах.

Бронзавыя фібулы з селішча Тайманава
Бронзавыя фібулы з сярэбранымі накладкамі з селішча Тайманава

Іншыя вырабы. Шырока былі распаўсюджаны вырабы з гліны: тыглі, льячкі, грузілы, уплошчана-біканічныя прасліцы з шырокімі адтулінамі. Сярод каменных вырабаў сустракаюцца тачыльныя брускі, зерняцёркі. Упершыню на тэрыторыі Беларусі менавіта ў кіеўскай культуры адзначаны каменныя жорнавы. Сярод знаходак касцяных вырабаў іголкі, тупікі, спіцы, качадыкі.

Пахавальны абрад – трупаспаленне і паследуечае пахаванне ў грунтовых могільніках. У выніку даследвання высветлена, што трупаспаленне адбывалася па-за межамі пахавання. Крэміраваныя парэшткі разам з рэшткамі вогнішча змяшчаліся на дно неглыбокай (0,2- 0,6 м) ямы. Вядомы таксама урнавыя пахаванні, дзе замест урнаў выкарыстоўваліся ляпныя гаршкі. Некаторыя з іх накрывалі перавернутай уверх дном большай пасудзінай-клёшам (традыцыя ўсходнепаморскага насельніцтва). Асаблівасцю абрада з’яўляецца беднасць пахавальнага інвентара: звычайна абломкі посуду, радзей – дэталі касцюму і ўпрыгожанні, трапляюцца гліняныя праселкі3.

Этнічны склад. У пытанні этнічнай прыналежнасці культуры няма адзінага меркавання. В.Н. Даніленка, П.Н, Трацякоў, В.Д. Баран, Р.В. Церпілоўскі і інш. адносяць яе да славянаў, лічучы, што на выснове кіеўскай узнікаюць наступныя славянскія культуры ранняга сярэднявякоўя: пенькоўская і калочынская. З імі не згодны В.В. Седоў (Седов) и И.П. Русанава (Русанова), якія адносяць гэтую культуру да кола балцкіх старажытнасцяў.

  1. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
  2. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993
  3. Чарняўскі М. М. Ілюстраваная гісторыя старадаўняй Беларусі: Першабытны перыяд. Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии