Археалагічная культура плямён сярэдняга і позняга неаліту, якія ў 4-м – пачатку 2-га тыс. да н.э. жылі на захадзе Беларусі, у сярэдняй і ўсходняй Польшчы, на Паўднёвым захадзе Літвы. Уплывы культуры пранікалі на поўнач Валыні, у цэнтральную Беларусь, на захадзе — да нізоўяў Одэра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, земляробствам і жывёлагадоўляй, на мелавых пакладах метадам адкрытых выпрацовак здабывала крэмень. Наземныя жытлы будаваліся на берагах вадаёмаў і, па магчымасці, побач з залежамі крамнёвай сыравіны. Культура першапачаткова сфарміравалася на Павісленні на мясцовай мезалітычнай аснове. У пач. 3-га тыс. да н.э. частка плямён культуры перасялілася на захад Беларусі, на крайні паўднёвы захад Літвы і поўнач Валыні, дзе змяшалася з носьбітамі прыпяцка-нёманскай ранненеалітычнай культуры. На тэрыторыі Беларусі нёманская культура ў сваім развіцці прайшла 2 этапы і суiснавала адначасова з днепра-данецкай, верхнедняпроўскай і нарвенскай культурамі, пазней – з культурай шнуравой керамікі 1(ст.132).
Этапы развіцця. Выдзяляючы ў развіцці нёманскай неалітычнай культуры тры этапы – дубічайскі, лысагорскі і дабраборскі даследчык культуры М.М. Чарняўскі ў той жа час адзначаў асаблівую адметнасць першага этапу і яго падабенства да ранняга неаліту Ўсходняга Палесся. Яшчэ раней У.Ф. Ісаенка, даследуючы ранненеалітычныя старажытнасці Заходняга Палесся, сцвярджаў, што мясцовую кераміку амаль немагчыма адрозніць ад падобных матэрыялаў з усходнепалескіх стаянак.
Назапашанне новых дадзеных і пераасэнсаванне раней атрыманых дазволілі дубічайскі этап вылучыць у асобную ранненеалітычную таксанамічную агульнасць, для якой М.М. Чарняўскі прапанаваў назву – прыпяцка-нёманская культура. А. Гірынінкас называе яе дубічайскай культурай. Такім чынам, у складзе ўласна нёманскай культуры засталіся лысагорскі і дабраборскі этапы, якія прыкладна адпавядаюць сярэдняму і позняму перыядам заходнебеларускага неаліту.
Першы (лысагорскі) этап культуры сфарміраваўся пад уплывам культуры лейкападобных кубкаў. Сярод крамянёвых вырабаў шмат рубячых прылад. Выкарыстоўваецца гладкасценны вастрадонны посуд са звужанай шыйкай, у цесце якога прысутнічаюць дамешкі валакністай арганікі і жарствы. Краі венцаў аздабляліся глыбокімі наколамі, корпус – адбіткамі грэбеня, лінейнага штампа, наколамі, пракрэсленымі лініямі. На лысагорскім этапе на паўночна-ўсходняй перыферыі культуры адчуваюцца ўплывы неалітычных культур Ніжняй Прыпяці і Падняпроўя, а таксама ўсвяцкай культуры.
Лысагорскую кераміку складаюць абломкі вастрадонных гаршчкоў сярэдніх і буйных памераў з дыяметрамі па венцах 20-40 см. Яны мелі плаўна выпуклы корпус, злёгку звужаную шыйку і даволі кароткае адагнутае венца. Пры дамінацыі вострых дноў часам сустракаюцца дны прыкругленыя і нават шыпаватыя. Абпал посуду быў даволі якасны, бо чарапкі ўвогуле светлыя, а на зломе амаль не бывае цямнейшага прапластка. Таўшчыня сценак ад 7-8 да 11-12 мм. Іх паверхні гладкія. На знешніх часам прыкметная заглянцаванасць па ангобу. Месцамі засталіся адбіткі валакністай арганікі.
Найбольш культуравызначальным для лысагорскай керамікі з’яўляўся спосаб афармлення венцаў. Пад іх краямі з сярэдзіны пасудзіны на таўшчыню сценкі наносіліся глыбокія наколы – трохкутным, чатырохкутным, паўкруглым, спічастым арнаменцірам. У выніку на супрацьлеглай паверхні ўтвараліся выпукліны – сопачкі. Часам такія наколы наносіліся звонку, або пачаргова на абедзвюх паверхнях. У той жа час круглыя ямкі пад краем венца, тыповыя для ранняга неаліту, на лысагорскай кераміцы сустракаюцца рэдка. Зрэзы венцаў, або іх унутраны скос, калі яны былі патончаныя, часцей за ўсё таксама аздабляліся – папярочнымі частымі насечкамі кантам нахіленай лапаткі, рознымі ўмяцінамі, наколамі, зрэдку грабеньчатымі адбіткамі.
Другі (дабраборскі) этап нёманскай культуры характарызуюць помнікі тыпу Добрага бору з адпаведнай (дабраборскай) керамікай і крамянёвым інвентаром (Добры бор 1 і Падгорная 4 Баранавіцкага, Русакова 2 Слонімскага, Камень 2 Пінскага раёнаў).
Позні (дабраборскі) этап звязаны з уплывам культуры шарападобных амфар, пазней — культуры шнуравой керамікі. Назіраецца росквіт крамянёвай індустрыі, шырока распаўсюджваюцца рэтушаваныя трохвугольныя наканечнікі стрэл і лістападобныя дзід, сярпы, з’яўляюцца сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Форма посуду ў болыыасці захоўваецца ранейшая, на яе паверхні з’яўляецца заштрыхоўка, а ў цесце знікаюць арганічныя дамешкі. Краі венцаў пасудзін упрыгожваюцца поясам глыбокіх круглых ямак, корпус — пераважна рознымі адступаючымі накодамі, адбіткамі лінейнага штампа, пракрэсленымі лініямі, з’яўляюцца шнуравыя ўзоры, грабеньчатыя арнаменты выкарыстоўваюцца значна менш.
Па асноўных сваіх параметрах дабраборская кераміка наследуе і развівае традыцыі папярэдняга лысагорскага посуду. Аднак істотныя навацыі былі атрыманы з захаду, ад нёманскай культуры Польшчы – выразная звужаная шыйка і высокае лейкападобнае венца з загінам краю, танкасценнасць, адсутнасць валакністай арганікі ў сценках посуду і наяўнасць умеранай колькасці сярэднезярністай жарствы, падштрыхоўка паверхняў, шырокае распаўсюджанне адбіткаў лінейнага штампа і баразёнак з адступаючых наколаў лапаткай. А вось семечкавыя элементы ў арнаментах хутчэй за ўсё сталі ўласным вынаходніцтвам панямонцаў.
Крамянёвы інвентар у асноўным таксама захаваў лысагорскія тыпы. Аднак у познім неаліце распаўсюдзіліся серпападобныя нажы і трохкутныя з увагнутай асновай наканечнікі стрэл. Былі вядомыя нажы на пласцінах з гарбатай стромка рэтушаванай спінкай. Узрасла колькасць сякер. Некаторыя з іх маюць прышліфоўку ляза. Характэрным стала ўжыванне доўгай плоскай рэтушы.