У VII стагоддзі да н.э. на тэрыторыі Беларусі бронзавы век змяніўся жалезным. Тым часам нашы продкі навучыліся здабываць з балотнай руды жалеза і вырабляць з яго прылады працы, зброю, упрыгожанні. Гэта сыравіна распаўсюджана ў шматлікіх месцах, таму жалеза атрымлівалі шмат і яго хапала для стварэння самых розных рэчаў – сякер, сярпоў, нажоў, наканечнікаў стрэл і коп’еў, рыбалоўных гаплікаў і г.д. У эпоху жалезнага веку наша грамадства істотна змянілася і развіццё яго паскорылася.
Жалеза адкрыла чалавецтву шлях да будучых вышыняў цывілізацы. Тагачасны чалавек атрымліваў жалеза ў адпаведных домніцах. Гэта былі звычайна стажкаватыя гліняныя збудаванні, часам заглыбленыя ў зямлю, памерам каля паўметра, часам крыху большыя. У нізе домніц знаходзіліся невялікія адтуліны з глінянымі трубкамі, праз якія куранымі мяхамі дзьмулі паветра. Зверху мелася большая дзірка для выхаду дыму. У домніцу пачарговымі пластамі змяшчалі драўнінны вугаль i перацёртую ў парашок руду. Працуючы надуўнымі мяхамі, можна было распальваць модны агонь i даводзіць тэмпературу ў збудаванні да 1200 градусаў. Пры такой гарачыні пачыналася хімічная рэакцыя i з руды выдзялялася жалеза. Яно асядала на дно домніцы i спякалася ў порыстую блінападобную крыцу памерам у 20-30 см. Калі працэс такой «варкі» жалеза заканчваўся, домніцу разбіралі i даставалі крыцу. Аднак у ёй яшчэ заставалася шмат шлаку-жужала. Яго выдзялялі прапальваннем у горнах i пракоўкай на каменных кавадлах. Часам такое жалеза мнагакратна награвалі i пракоўвалі, каб атрымаць сталь. Сталёвыя рэчы былі вядомыя на Беларусі ўжо ў пачатку жалезнага веку. Пры раскопках амаль кожнага паселішча знаходзяць сляды здабычы жалеза — развалы домніц, жужала, абломкі крыц. Шмат сустракаецца i розных каменных брускоў, якімі даводзілі да ладу металічныя вырабы.
Жалезны век – быў пераваротным перыядам у гісторыі чалавецтва. Адбываюцца істотныя змены ў гаспадарчай дзейнасці, этнічным складзе насельніцтва, грамадскіх адносінах і светапоглядзе людзей. У жалезным веку тэрыторыю Беларусі засялялі плямёны, якія навукоўцы адносяць да розных археалагічных культур і вылучаюць па асаблівасцях узвядзення жылля, пахавальнага абраду, па форме і арнаментацыі посуду, упрыгожванням, месцазнаходжанню селішчаў і г.д. Паўднёвы ўсход Беларусі і прылеглую частку сучаснай Украіны займала мілаградская культура (VII – III стст. да н.э. ад назвы вёскі Мілаграды Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці). Помнікі прадстаўлены неўмацаванымі (паселішчы) і ўмацаванымі (гарадзішчы) селішчамі. У іх добра была развіта апрацоўка жалеза і бронзы. Памерлых хавалі ў курганах ці грунтавых магілах па абрадзе трупаспалення. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай: або славяне, або балты, ёсць версіі і пра іх блізкасць да скіфскага насельніцтва. У III – II стст. да н.э. у рэгіёне, займаным «мілаградцамі», распаўсюджваюцца помнікі зарубінецкай культуры. Цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі ў раннім жалезным стагоддзі займалі плямёны штрыхавой керамікі (VII – VI стст. да н.э. – IV – V стст. н.э.). Насельніцтва жыло на гарадзішчах, у вялікім наземным жыллі. На ўсход ад культуры штрыхавой керамікі вылучаюцца групы помнікаў пад назвай днепра-двінскай культуры (VIII у. да н.э. – IV -V стст. н.э.).
У V – II стст. да н.э. на тэрыторыі Беларусі склаліся племянныя аб’яднанні яцвягаў і дайнова (на захадзе Беларусі), літва (на поўначы), голядзь і летыгола (на ўсходзе). З захаду на тэрыторыю Брэсцкай вобласці перасяліліся позднелужыцкія плямёны ўсходне-поморскай культуры. Некаторыя даследнікі лічаць іх першымі славянамі на Беларусі. У шэрагу выпадкаў насельніцтва розных культур змешвалася.
Тэрыторыя распаўсюджання зарубінецкай культуры | |
Тэрыторыя распаўсюджання культуры штрыхаванай керамікі | |
Тэрыторыя распаўсюджання паморскай культуры | |
Тэрыторыя распаўсюджання днепра-дзвінскай культуры | |
Гарадзішчы | |
Паселішчы | |
Бескурганныя могільнікі | |
Курганныя могільнікі |
Такім чынам, балцкі перыяд гісторыі Беларусі – гэты час распаўсюду на беларускіх землях індаеўрапейцаў з іх асноўнымі заняткамі – земляробствам і жывёлагадоўляй, час асіміляцыі неалітычнага насельніцтва. Мясцовае насельніцтва паступова трансфармуецца ў індаеўрапейцаў-балтаў, адначасова аказваючы вызначаны ўплыў на іх мову і культуру.